Островецкие гимназисты в Литве

Суботу 17 лістапада чакала  большасць гімназістаў – менавіта ў гэты дзень рабяты разам з педагогамі адправіліся на экскурсію ў Тракай і Вільнюс.


Галоўная славутасць Тракая – замак. Тут  нас сустрэў экскурсавод. Дзякуючы цікаваму расповеду, мы больш глыбока даведваемся пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Кожны камень тут пахне гісторыяй. Калісьці ў Тракаі ў гонар замежных паслоў праводзіліся  прыёмы і балі – сваёй велічнасцю здзіўляе замак і сёння. Парадныя залы ўпрыгожваюць вітражы і фрэскі, галоўнымі сюжэтамі для якіх былі эпізоды з жыцця вялікіх князёў. Але больш за ўсё нам запомніўся круты спуск па вітой лесвіцы і вузкія драўляныя праходы паміж галерэямі. Канешне, было страшна, але задавальнення – больш!
Наступны прыпынак – Стары горад у Вільнюсе. Нікога не пакінуў раўнадушным пад’ём на фунікулёры на гару Гедыміна: націскаеш кнопачку – і ён падымае цябе наверх. Задавальненне каштуе два літы – і вось мы на аглядавай пляцоўцы. Які прастор, якія цудоўныя віды Старога і Новага горада! Настаўнікам трохі страшнавата, а дзецям, наадварот,  весела. Зрабіўшы фотаздымкі,  спускаемся да падножжа вежы. Спуск – круты. Рабяты бягуць навыперадкі, а настаўнікі асцярожна ступаюць па брукаванай дарозе.
Звілістыя вузкія вулачкі прыводзяць нас да капліцы Вострай брамы, дзе знаходзіцца святыня, якую шануюць і праваслаўныя, і католікі – Вострабрамская ікона Божай Маці. На некалькі хвілін каля яе прыпыняемся і мы, з падзякамі і просьбамі звяртаемся да Панны Марыі – і працягваем падарожжа.
А якая экскурсія абыходзіцца без шопінгу? Наступным пунктам падарожжа становіцца “Акропаліс”. Дзве гадзіны на пакупкі і забавы пралятаюць хутка. Але мы паспяваем усё – купіць цукеркі, маленькія навагоднія падарункі для бацькоў і родных, наведаць кафэ, сфатаграфавацца каля ёлкі (яна ўжо ўпрыгожана), схадзіць на каток і дзіцячую пляцоўку. У аўтобус вяртаемся стомленыя, але задаволеныя. Рабяты наперабой дзеляцца свамі ўражаннямі, частуюць адзін аднаго цукеркамі. Цікава, але адна такая экскурсія зрабіла нас яшчэ больш дружнымі.
Пазітыву ад паездкі хопіць да канца чвэрці. А там і Дзед Мароз з сюрпрызамі на падыходзе!


----------------------------------------------------------
Паліна ВАЛЬЧУК, вучаніца гімназіі №1.