Островецкая школьница на "Мосту английского языка и культуры"

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ЮНЭСКА вядома ва ўсім свеце. А гэтым летам мне пашчасціла прыняць удзел у адным з праектаў, арганізаваных гэтай арганізацыяй, – лінгвістычным летніку “Мост англійскай мовы і культуры”.


Пра гэты летнік нам расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі Н.В. Баніцэвіч. Але трапіць у яго было не проста. Для ўдзелу ў адборачным этапе неабходна было запоўніць анкету і паслаць яе ў Мінск. У спісах удзельнікаў лагера на сайце арганізацыі я сябе не знайшла, і не здзівілася – трапіць у летнік такога маштабу цяжка. Але праз некалькі дзён мне патэлефанавалі і паведамілі, што арганізоўваецца другая змена, і я залічана ў якасці ўдзельніка. Я, канешне, узрадавалася гэтай навіне, хоць ехаць было трохі страшна.
Другая змена турыстычнага летніка праходзіла на базе цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Гомельскага раёна ў вёсцы Старыя Дзятлавічы. У канцы ліпеня я разам з іншымі ўдзельнікамі летніка – а імі сталі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце 14-18 гадоў, у асноўным навучэнцы ліцэяў і гімназій буйных гарадоў Беларусі – прыехала на Гомельшчыну.
Нас адразу ж сустрэлі прывітаннем на англійскай мове – з гэтага моманту ўсе размовы вяліся толькі па-англійску, што спачатку шакіравала. Але нягледзячы на гэта, у лагеры мне спадабалася з першага дня.
Спачатку мы прайшлі невялікі тэст на валоданне размоўнай англійскай мовай і размеркаваліся па групах. Нашымі педагогамі сталі спецыялісты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, універсітэта ЗША ў Балгарыі, Прынстанскага ўніверсітэта ЗША, Оксфардскага ў Вялікабрытаніі і Стакгольмскага ўніверсітэтаў.
І адразу ж пачаліся заняткі. Праходзілі яны – зрэшты, як і ўсё ў лагеры – у нетрадыцыйнай форме. На занятках мы маглі сядзець на падлозе ў пакоі ці на вуліцы на траве, глядзелі прэзентацыі, развучвалі скорагаворкі, абмяркоўвалі розныя тэмы і гулялі па вёсцы. Але ўсе стасункі адбываліся толькі на англійскай мове. Нават па дарозе ў магазін мы размаўлялі па-англійску, чым нямала здзіўлялі мясцовае насельніцтва. Самым важным правілам было звесці размовы на рускай мове да мінімуму. Таму нават абед у нас праходзіў у нязвыклай форме – за столік да нас падсаджваўся педагог і размаўляў з намі па-англійску. Але гэта было не толькі незвычайна, але і цікава. Мы гулялі ў англійскія гульні, па вечарах збіраліся разам і спявалі песні пад гітару, глядзелі фільмы і, канешне ж, арганізоўвалі дыскатэкі.
А перад сном мы зноў збіраліся разам і абмяркоўвалі ўсё, што прайшло за дзень, выказвалі свае пачуцці, прапаноўвалі праграму мерапрыемстваў на наступны дзень. Ці варта казаць, што ўсім нам у летніку вельмі спадабалася?
Дзень Нептуна, экскурсія па Гомелю, наведванне басейна, дэбаты і дыскусіі – дзевяць дзён праляцелі, як адно імгненне. І вось – закрыццё… Ніхто не хацеў ад’язджаць! Але на закрыцці змены нас чакаў сюрпрыз. У першы дзень нас папярэдзілі, што самы актыўны ўдзельнік, які пакажа прагрэс у валоданні англійскай мовай, атрымае прыз. Па летніку папаўзлі чуткі, што гэта будзе сертыфікат на паездку ў гэты ж летнік у наступным годзе. Таму на закрыцці кожны чакаў, што назавуць менавіта яго імя. І раптам прагучала: “Бясплатным сертыфікатам узнагароджваецца Маргарыта… Шаўчэнка!” Гэты было, як гром з яснага неба! Нават мацней! У самых смелых марах я не магла ўявіць, што атрымаю гэты прыз. А гэта значыць, што ў наступным годзе я зноў паеду ў лінгвістычны летнік!
Самым складаным, як ні дзіўна, аказалася развітанне з педагогамі. Сваіх аднагодкаў, удзельнікаў змены, мы, магчыма, яшчэ сустрэнем, а вось верагоднасць сустрэчы з педагогамі – вельмі маленькая, таму на развітанні плакалі ўсе.
Цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што гэты летнік – лепшая частка сёлетніх летніх канікулаў. А ўсім, хто захапляецца замежнай мовай, раю паспытаць шчасця ў наступным годзе! І размоўную англійскую мову патрэніруеце, і масу новых уражанняў атрымаеце! А ў тым, што вам там спадабаецца, можаце не сумнявацца!



------------------------------------

Маргарыта ШАЎЧЭНКА, вучаніца 8 класа СШ №1.