Островецкая “Беларуская хатка”
Школьны музей “Беларуская хатка” працуе ў СШ №1 з 1 верасня 2011 года.
Праўда, пачатак яму быў пакладзены яшчэ ў 1996 годзе. Тады ў школе пачаў дзейнічаць этнаграфічны куток, які складаўся з адной экспазіцыі. Занялася такой цікавай і карыснай працай настаўніца беларускай мовы і літаратуры, чалавек, не раўнадушны да ўсяго, што звязана з роднай зямлёй, Ядвіга Каятанаўна Шаблінская. Яна ўклала сюды не толькі сваю працу, але і душу. Яе душа і сёння адчуваецца ва ўсіх экспанатах, беражліва растаўленых у пакоі, падпісаных акуратным почыркам.
– Сёння экспазіцыя музея складаецца з чатырох раздзелаў: прадметы быту нашых продкаў, іх адзенне і абутак, мэбля сялянскай хаты, насценныя ўпрыгожванні, – расказвае сённяшні кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Генрыхаўна Змітровіч. – Пакуль што я толькі абжываюся, але ўжо цяпер разумею, што ўсё, створанае Ядвігай Каятанаўнай і перададзенае мне ў спадчыну, мне вельмі блізка і дорага. Гэтаксама, як і маім вучням – 8 “А” класу. Яны вельмі ўзрадаваліся, што менавіта нам давядзецца прадаўжаць справу, пачатую Ядвігай Каятанаўнай. І, канешне ж, мы будзем старацца быць годнымі прадаўжальнікамі.
Сёння музей не пустуе, тут праводзяць свае ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы настаўнікі пачатковых класаў, філолагі, гісторыкі і класныя кіраўнікі, на перапынках зазіраюць школьнікі і педагогі, а падчас бацькоўскіх сходаў – бацькі.
Тут гучыць беларуская мова, а словы Уладзіміра Караткевіча, размешчаныя над уваходам у музей, гучаць, як наказ: “Народ, які не ведае мінулага, не можа мець будучыні”. І верыцца, што ў вучняй і выпускнікоў СШ №1, яна абавязкова будзе. І будзе светлай і радаснай!
Алена ЯРАШЭВІЧ.
