Островчанка Виолетта Шавлис набрала 100 баллов на централизованном тестировании по математике

Віялета Шаўліс, залатая медалістка Астравецкай  гімназіі №1,  на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы набрала 100 балаў. 


– Каб атрымаць 100 балаў па матэматыцы – а гэта адна з найбольш складаных школьных дысцыплін,  –  давялося папрацаваць, –  расказвае Віялета. – Былі і дадатковыя заняткі, і пастаянная самастойная праца. Вялікі ўклад у маё дасягненне  зрабіла мая настаўніца матэматыкі Галіна Мікалаеўна Ражко.

–  Віялета –  старанная вучаніца, – дадае Галіна Мікалаеўна. – Апошнія гады мы рыхтаваліся з ёй да прадметнай алімпіяды па матэматыцы –   і сістэматычная работа дала  адпаведныя вынікі: на абласной алімпіядзе Віялета атрымала Дыплом ІІІ ступені, а падчас правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды ў Гродна яна стала другой. Вядома, вельмі парадавалі мяне і 100 балаў, якія Віялета атрымала на цэнтралізаваным тэсціраванні, – гэта лепшы вынік на Астравеччыне па матэматыцы з часу ўвядзення такога іспыту ў нашай краіне.

Дзяўчына падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі – Віялета марыць стаць інжынерам-праграмістам. Пажадаем ёй поспеху і здзяйснення запаветнай мары.


---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.