Островчане стали пятыми на областном фестивале "Папа, мама, я - спортивная семья!"

Агульнакаманднае пятае месца прывезла астравецкая каманда з абласнога фестывалю “Тата, мама, я – спартыўная сям’я!”, які прайшоў у Гродне.

Сямейныя спаборніцтвы тым і цікавыя, што дэманструюць уменне сям’і гуляць не кожны паасобку, а камандай. Пры гэтым не проста хутка бегаць, скакаць ці закідваць мячык у кола, а нешта большае, такое, як адчуваць адзін аднаго, хвалявацца і дапамагаць – і фізічна, і маральна. Менавіта гэтыя здольнасці паехалі дэманстраваць, а заадно іншых паглядзець і сябе паказаць, тры сям’і з Астравеччыны: Рыта і Васіль Дрэма разам з сынам Раманам, Святлана і Мікалай Лета з дачушкай Валерыяй, Святлана і Вадзім Лебядзевічы з сынам Мікітам.
Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх узроставых катэгорыях, якія тычыліся дзяцей: 8-10 і 10-12 гадоў. І таму Раман Дрэма ўдзельнічаў у старэйшай, групе, Мікіта Лебядзевіч – у малодшай, а Валерыя Лета адразу ў дзвюх групах.
Бацькам з дзецьмі трэба было паспаборнічаць у чатырох відах: баскетбольных кідках у кальцо, дартсе, спартландыі і лёгкаатлетычнай эстафеце.
Пачатак аказаўся ўдалым, асабліва для сям’і Лебядзевіч. У баскетбольных кідках яны занялі другое месца, саступіўшы толькі тры ачкі сапернікам з Ліды. Дарэчы, з самага першага спаборніцтва паміж гэтымі сем’ямі разыгралася сапраўднае саперніцтва. Дрэма ў баскетболе сталі чацвёртымі, а Лета – пятымі ў абедзвюх узроставых групах.
У трапнасці і лоўкасці рук па кіданні дроцікаў у мішэнь зноў не было роўных лідскім удзельнікам, якія набралі 123 ачкі. І як было крыўдна Лебядзевічам, якія адсталі ад іх усяго толькі на адно ачко! На “пяцёрку” ў дартсе выступіла сям’я Дрэма, а Лета занялі шостае і сёмае месцы адпаведна.
Затое ў спартландыі астравецкая сям’я нарэшце адпомсціла за свае другое месца, абышла сапернікаў з Ліды і стала ў гэтым відзе пераможцам. Чацвёрты вынік – у Дрэмаў, а сям’я Лета ў старэйшай групе стала шостай, а ў малодшай заняла трэцяе месца.
Такім чынам, заядлую дуэль паміж сям’ёй з Ліды і Лебядзевічамі з Астраўца павінна была вырашыць лёгкаатлетычная эстафета. Спачатку 200 метраў бег тата, пасля 140 – мама і завяршаў эстафету сын ці дачка, якія беглі 60 метраў. Дарэчы, лёс звёў сапернікаў у адной пары. Такім чынам яны нага ў нагу, секунда ў секунду маглі бачыць перавагу адзін аднаго. Відовішча было цікавае. Спачатку астраўчанін абагнаў лідчаніна і даў добрую фору сваёй камандзе. Пасля жаночай эстафеты адлегласць крыху скарацілася. Усё вырашалі дзеці. Мацнейшым і хутчэйшым усё ж такі аказаўся хлопчык з Ліды, які на 0,05 секунды абагнаў астраўчаніна. Сям’я Дрэма ў эстафеце стала шостай, Лета – шостай і сёмай адпаведна.
Такім чынам, у асабістым заліку Лебядзевічы занялі другое месца, сям’я Дрэма стала пятай, а Лета – шостай у абедзвюх узроставых групах.
А ў агульнакамандным заліку астравецкая каманда заняла пятае месца.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.