Островчане отметили Первомай
Урачысты сход, прысвечаны 1 Мая – Святу працы, прайшоў у кінаканцэртнай зале “Астравец” напярэдадні гэтага дзяржаўнага свята.У многіх людзей свята 1 Мая атаясамляецца з урачыстымі дэманстрацыямі, дружным шэсцем і шматлікімі лозунгамі “Мір, праца, май!” Дарэчы, менавіта дэманстрацыя працоўных, якія сабраліся разам, каб змагацца і адстойваць свае правы, а затым аб’ядналіся і стварылі прафсаюзныя арганізацыі, і дало пачатак святу.
Успомніць гісторыю Першамая, ушанаваць лепшых працаўнікоў розных сфер дзейнасці Астравеччыны і проста павіншаваць адзін аднаго са святам Працы ў кінаканцэртнай зале “Астравец” сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, прафсаюзнага актыву, працоўных калектываў раёна.
Пад гукі гімна прафсаюзаў Беларусі сцяг раённага аб’яднання прафсаюзаў унёс у залу Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец – дырэктар Рытанскага сельскага Дома культуры, дэпутат Рытанскага сельскага Савета дэпутатаў, стараста вёскі Рытань, партрэт якога рашэннем раённага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару.
Прывітаць прысутных на сцэну падняўся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь Расціслаў Іванавіч Бразінскі, які нагадаў гісторыю прафсаюзнага руху. За гады існавання прафсаюзаў многае змянілася, але асноўная задача іх дзейнасці засталася ранейшай – абараняць інтарэсы працоўных.
– Менавіта дзякуючы радавым работнікам і пярвічкам, прафсаюзны рух аднавіўся і працягвае жыць, дзейнічаць і адстойваць правы працоўных і зараз, – адзначыў Расціслаў Іванавіч Бразінскі.
Затым старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў прыступіў да ганаровай місіі ўручэння ўзнагарод: медалём “110 гадоў прафсаюзнага руху” адзначаны старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які, на жаль, не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, намеснік старшыні Віктар Збігневіч Свіла, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна Ярмоліч. Памятны знак “100 гадоў прафсаюзнаму руху” атрымала старшыня аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
З прывітальным словам перад прысутнымі выступіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.
– Свята працы, 1 Мая, аб’яднала традыцыі мінулага і сучаснасці, – адзначыла Ірына Эдуардаўна. – Гэта свята павагі да рабочага чалавека, які шчыра і старанна працуе на карысць сваёй Радзімы. Менавіта дзякуючы гэтаму мы дасягаем станоўчых вынікаў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, сацыяльнай галіне. Пагэтаму сёння хочацца падзякаваць за шчырую, плённую працу ўсім калектывам раёна, і асабліва – ветэранам вайны і працы.
Вынікі добрасумленнай работы не застаюцца незаўважанымі: традыцыйна кожны год у раёне вызначаюцца лепшыя спецыялісты розных сфер, партрэты якіх заносяцца на раённую Дошку гонару.
Сёлета свята Працы адзначылася ў нашым раёне яшчэ і тым, што раённая Дошка гонару была абноўлена менавіта да гэтага свята – і на яго былі запрошаны лепшыя працаўнікі ўсіх галін гаспадаркі раёна, якім падчас мерапрыемства ва ўрачыстай атмасферы Ірына Эдуардаўна Тальчук і першы намеснік старшыні райвыканкама Руслан Мікалаевіч Сачко ўручылі пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару.
Першы сакратар райкама БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава таксама далучылася да віншаванняў і прымацавала лепшым працаўнікам раёна сімвал 70-годдзя Вялікай Перамогі – бутаньеркі “Кветкі Вялікай Перамогі”: кветкі яблыні на чырвона-зялёнай стужцы.
А работнікі культуры павіншавалі прысутных са святам Першамая прыгожымі музычнымі нумарамі.
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
