Ошмянский "Старый город" рад приветствовать гостей
Нядаўна я расказвала чытачам, як нас наведвалі калегі з горада Беразіно Мінскай вобласці і як мяне перапаўняў гонар, калі яны шчыра захапляліся нашым Астраўцом – чыстым, утульным, прыгожым (“АП” за 16 красавіка, http://www.ostrovets. by/?p=37516#more-37516). Паглядзеўшы на даўно знаёмыя рэчы чужым, як кажуць, “незамыленым” позіркам, я радасна пагадзілася – і падзялілася той радасцю з чытачамі: сапраўды, наш Астравец – даволі-такі сімпатычны гарадок…Але нядаўна выпадак прывёў мяне ў Ашмяны – і, як кажа адзін мой знаёмы, давялося “здуць шчокі”: гонару за родны Астравец прыкметна паменшала. І хоць на гэты раз аб’ектам параўнання быў не парадак на вуліцах і прыгажосць гарадскіх клумб, усё ж той самы “размылены” позірк, ад якога я патрабавала не толькі гонару за сваё, але і аб’ектыўнасці, сцвярджаў: далёка нам яшчэ…
Што я маю на ўвазе? Ды ўвогуле тэму, даволі балючую для Астраўца: так званае грамадскае харчаванне, установы якога даўно перасталі прызначацца выключна для харчавання – зараз гэта ў большасці сваёй месцы адпачынку і стасункаў людзей самага рознага ўзросту. Прынамсі, у тых гарадах, дзе дзяржаўныя ўстановы і прыватныя прадпрымальнікі зразумелі, што ў рэстараны і кафэ ідуць не толькі камандзіровачныя, каб перакусіць, ці мясцовыя, каб адзначыць юбілей ці адсвяткаваць вяселле. У Астраўцы ж гэтыя ўстановы, на жаль, у пераважнай большасці сваёй па-ранейшаму адносяцца да сістэмы сумнавядомага савецкага “общепита” – з больш ці менш высокай якасцю кухні і культуры абслугоўвання.
Нехта скажа: што вы параўноўваеце, куды нам цягацца са сталіцай ды вялікімі гарадамі? І я думала прыкладна гэтак жа… Пакуль не патрапіла ў Ашмянах у нядаўна адкрытае кафэ “Стары горад”. І пачуццё захаплення ад убачанага і пакаштаванага перамяжоўвалася ў мяне з крыўдай: могуць жа людзі і ў правінцыі – чаму ж не можам мы?..
Каб вы зразумелі, што выклікала ў мяне гэтыя супярэчлівыя пачуцці, паспрабую расказаць, што ўяўляе сабой кафэ “Стары горад” – хоць, зрэшты, тут, як і ў любым іншым выпадку, лепш адзін раз убачыць, яшчэ лепш – пакаштаваць, чым сто – пачуць ці прачытаць. Але, магчыма, пачытаўшы, вам захочацца і пабачыць, і паспытаць – хоць бы для таго, каб пагадзіцца з маімі словамі і высновамі – ці абвергнуць іх.
У Ашмянах, у адрозненне ад Астраўца, ёсць тая цудоўная асаблівасць, што тут захавалася нямала старадаўніх будынкаў. У адным з такіх – яўрэйскім доме, што стаіць у самым цэнтры горада, у якім затым быў створаны дом культуры, пасля – спартыўная школа, і размясцілася гэтае цудоўнае кафэ. Дом гэты – пабудовы 1850 года, і ўжо ад усведамлення гэтага – мароз па скуры… А калі яшчэ пабачыш за барнай стойкай кавалак незатынкаванай цаглянай сцяны, якой больш за два стагоддзі – уражанні неапісальныя…
Хаця “размясцілася” – слова ў дадзеным выпадку не зусім падыходзячае. Бо ад дыхтоўнага яўрэйскага дома за шматлікія гады яго пераходу з рук у рукі, ад аднаго гаспадара да другога (якія пры гэтым і гаспадарамі зусім не з’яўляліся) засталіся, бадай што, толькі дыхтоўныя сцены. І трэба было мець не толькі гаспадарлівасць, дальнабачнасць і эканамічны разлік, але і мастацкі густ, і дызайнерскі талент дырэктара Ашмянскага мясакамбіната Тамары Уладзіміраўны Філіповіч, каб у гэтым будынку ўбачыць арыгінальнае, самабытнае кафэ – з адметным інтэр’ерам, асаблівай кухняй і іншымі “фішкамі”, якія б вылучалі яго з шэрагу “аб’ектаў грамадскага харчавання”, ад адной назвы якіх зводзіць сківіцы.
Пра “дызайнерскі талент” – гэта я не дзеля “чырвонага слоўца” сказала. Гэтае кафэ цалкам прыдумала Тамара Уладзіміраўна. Па яе задуме, у “Старым горадзе” ўсё павінна нагадваць Ашмяны пачатку стагоддзя. На першым паверсе – вымашчаная “брукам” падлога, грубыя драўляныя сталы і крэслы – бы лаўкі на вуліцы; недзе непадалёк цурчыць, навяваючы лірычны настрой, гаманлівы ручай; над галавай у бяздонным блакіце неба гарэза-ветрык падганяе белыя ветразі пухнатых аблокаў… Ступаеш на прыгожую каваную лесвіцу – і нібы трапляеш у горад пачатку стагоддзя: праходзіш міма сінагогі, касцёла, царквы, яўрэйскіх домікаў (панарама горада з гістарычнай дакладнасцю і мастацкім густам напісана ашмянскімі мастакамі – мужам і жонкай Барысам і Таццянай Посахавымі – па ўцалеўшай фатаграфіі Ашмян 1911 года). Уздымаешся на другі паверх – і, па задуме дызайнера, трапляеш на балкон дыхтоўнага дома беларускага шляхціча: седзячы за прыгожа сервіраваным сталом, можна зверху паглядваць уніз, на гарадскую вуліцу…
Канешне, такі інтэр’ер патрабаваў і адпаведнай кухні – не “мяса ж па-французску” ды адбіўную з бульбяным пюрэ падаваць у “Старым горадзе”! І да гэтага пытання Тамара Уладзіміраўна Філіповіч, цяпер ужо разам з загадчыкам кафэ Фёдарам Шведавым, падышлі з усёй сур’ёзнасцю: для распрацоўкі меню і яго гістарычнага абгрунтавання была запрошана вядомы эксперт беларускай кухні Алена Мікульчык, аўтар шматлікіх кніг па гэтай тэме, якая ў шматлікіх экспедыцыях па Беларусі і за яе межамі знаходзіць напаўзабытыя народныя рэцэпты і вяртае іх да жыцця, дакладней – на сучасную кухню. А навучылі ашмянскіх спецыялістаў гатаваць і падаваць гэтыя традыцыйныя – і, на жаль, зараз для большасці беларусаў ужо экзатычныя стравы – шэф-повары вядучых рэстаранаў Мінска.
– Чамусьці ў нас традыцыйнай народнай кухняй лічацца толькі клёцкі, дранікі, бабка ды кішка бульбяная, – гаворыць Фёдар Шведаў. – Нічога супраць не маю – але, як сведчыць гісторыя, беларуская кухня нашмат больш разнастайная, цікавая, самабытная, чым мы прывыклі лічыць. І ў сваім кафэ мы спрабуем пераканаць у гэтым наведвальнікаў, прапануючы ім закускі, напоі, гарачыя стравы, дэсерт старадаўняй шляхетнай беларускай кухні.
Так што, шаноўныя астраўчане, калі вы хочаце не толькі на слых пераканацца, што назвы страў “юшка з пеўня, альбо сапраўдная царская юшка”, “салата па-шляхецку”, “пячыста з тарцюхамі і грыбной поліўкай”, “верашчака з блінамі”, “архас” і шматлікія іншыя не толькі гучаць, як песня, але і смак маюць незвычайны, – калі ласка, у Ашмяны, у “Стары горад”! Прызнаюся: ніколі б не падумала, што тушаная квашаная капуста, якую я з дзяцінства “цярпець ненавіджу”, можа быць такой невыказна, нечувана смачнай!
На жаль, запрасіць вас ці вашых гасцей у падобную “ўстанову грамадскага харчавання” ў Астраўцы пакуль не атрымаецца. Так хочацца спадзявацца, што ўсё ж – пакуль… Бо той жа Ашмянскі мясакамбінат, дзякуючы няўрымслівасці свайго дырэктара Тамары Уладзіміраўны Філіповіч, адкрыў у нашым горадзе ўжо тры магазіны і заканчвае будаўніцтва чацвёртага ў першым мікрараёне – у ім, сцвярджаюць дасведчаныя, таксама будзе кафэ… Напэўна ж, не такое, як ашмянскі “Стары горад”, – ды і не патрэбна яшчэ адно такое. Хай гэта будзе іншае – але такое ж адметнае, са сваім асаблівым інтэр’ерам і арыгінальнай кухняй.
А пакуль гэтага няма – будзем ездзіць у Ашмяны знаёміцца са шляхетнай беларускай кухняй. Тым больш што, як расказаў па сакрэце ўсё той жа Фёдар Шведаў, у “Старым горадзе” плануецца праводзіць яшчэ і “Кулінарныя шоу” – а гэта абяцае быць цікавым, займальным і смачным відовішчам! А калі ўзгадаць, што гэта той самы Шведаў, які актыўна і паспяхова гуляе ў інтэлектуальныя гульні, у тым ліку і на астравецкай пляцоўцы, то гэта могуць быць не кулінарныя – а інтэлектуальныя шоу.Так што – пасядзім-паядзім-паглядзім… А можа, і пагуляем?
-------------------------------------
Ніна РЫБІК, фота аўтара.
