Олимпиадный марафон

Амаль два месяцы цягнуўся алімпіядны марафон, удзел у якім прымалі вучні 8-11 класаў усіх школ раёна. Напачатку юных алімпійцаў чакалі выпрабаванні па беларускай, рускай, замежных мовах, матэматыцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі, фізіцы, інфарматыцы, гісторыі, грамадазнаўстве, абслугоўваючай і тэхнічнай працы, якія праходзілі ў школе.


На наступны этап, раённы, у Астравец прыехалі 188 удзельнікаў школьных алімпіяд, якія на гэты раз змагаліся за права стаць пераможцамі раённага этапу і ўдзельнікамі абласнога.
У выніку напружанай барацьбы, падчас якой рабятам неабходна было паказаць свае веды і ўменні, пераможцамі раённага этапу былі прызнаны 49 вучняў. З іх 9 рабят атрымалі дыпломы І ступені, 12 – ІІ ступені і 28 – ІІІ ступені. Але не ўсе яны змогуць паўдзельнічаць у абласным этапе.
Ужо некалькі гадоў запар перш чым трапіць на абласную алімпіяду – неабходна прайсці абласны рэйтынгавы адбор. Сёлета рэйтынгавую шкалу пераадолелі 11 юных алімпіяднікаў – яны і будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па васьмі прадметах.
На алімпіяду па беларускай мове ў хуткім часе адправіцца дзевяцікласніца Варнянскага НПК Дар’я Лукша (настаўніца – Д.А. Адула). Змагацца за перамогу па матэматыцы будзе дзесяцікласніца Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання Карына Кармаза, якая займаецца з Л.І. Дарафей.
Адзінаццацікласніцы Юлі Сцефановіч з Гервяцкай СШ выпаў шанц выступаць на алімпіядзе ажно па дзвюх прадметах – гісторыі (настаўнік-трэнер Н.Т. Мажэйка) і грамадазнаўстве (І.П. Харытончык). Праўда, выкарыстаць яго ў дзяўчыны не атрымаецца. У гэтым годзе можна ўдзельнічаць у алімпіядзе толькі па адным прадмеце.
Як і штогод найбольшая колькасць удзельнікаў з нашага раёна прайшла рэйтынгавы адбор па хіміі. Гэта дзевяцікласнікі гімназіі №1 Ілья Карповіч і Ангеліна Пятровіч і адзінаццацікласнік гэтай установы Уладзіслаў Міхно (настаўнік – В.Т. Стаціна). А на астраномію сёлета паедзе адзінаццацікласніца гімназіі №1 Насця Раждзествіна (Г.В. Внуковіч).
На алімпіядзе па рускай мове змагацца будуць дзевяцікласнікі СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка (В.Ч. Хацяновіч) і гімназіі №1 Аляксей Пагада (Т.В. Берняковіч).
Добры вынік на раённай алімпіядзе паказаў дзесяцікласнік Падольскага НПК Іван Капуста (настаўнік – І.І. Шылько) – ён таксама стаў удзельнікам абласной алімпіяды па геаграфіі.
Усяго некалькі дзясятых бала не хапіла, каб трапіць у склад каманды алімпіёнікаў, вучаніцы Міхалішкаўскай школы Насці Стэх (настаўніца – Н.В. Ярмак) – Насця залічана ў рэзерв і, хочацца спадзявацца, трапіць на абласную алімпіяду па беларускай мове.
Ужо з 9 студзеня некалькі прадстаўнікоў раённай каманды адправяцца на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды. Закончацца выпрабаванні ажно 3 лютага.


Алена ЯРАШЭВІЧ.