Ольховские старшеклассницы попробовали себя в роли воспитательниц детского сада

Прэстыж прафесіі педагога ў сем’ях зніжаны. Часта ў людзей выклікае ўсмешку жаданне выпускніка звязаць сваё жыццё з выхаваннем і навучаннем дзяцей.

Як змяніць сітуацыю? Хто або што можа паўплываць на выбар выпускніка? Гэтымі пытаннямі ў апошні час задаюцца многія. А на практыцы спрабуюць вырашаць гэтую праблему ў дзяржаўнай установе адукацыі “Альхоўская сярэдняя школа”.


У рамках школьнага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі паглыбленнай дыферэнцыяцыі навучання вучняў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” праводзяцца прафесійныя пробы па розных спецыяльнасцях, у тым ліку і педагагічных. У асноўным гэта былі дні самакіравання ў школе, дзе вучні старэйшых класаў спрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў. А вось у ролі выхавальнікаў дзіцячага садка яны паспрабавалі сябе ўпрешыню.

Па плану ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі “Альхоўская сярэдняя школа” і “Альхоўскі дзіцячы сад” у апошні тыдзень студзеня быў праведзены Дзень адчыненых дзвярэй. Старшакласніцы Марыя Варанішча, Віялета Закрэўская, Дзіяна Кардзіс, Ксенія Кімса, Лізавета Палтаржыцкая на працягу тыдня наведвалі дзіцячы сад і “вучыліся” быць выхавальнікамі: дзяўчаты знаёмілі з умовамі працы, распарадкам дня дашкольнай установы, удакладнялі рэжымныя моманты, прысутнічалі на занятках у выхавальнікаў дзіцячага сада. Атрымаўшы неабходныя метадычныя рэкамендацыі і прапановы, старшакласніцы самі падрыхтавалі і правялі пробныя заняткі ў групах.

Ранішнюю гімнастыку і фізкультурны занятак ва рознаўзроставай групе №3 правяла Дзіяна Кардзіс. Пра цела чалавека ў даступнай форме расказала дашкольнікам старэйшай групы Ксенія Кімса. На занятках “Дзіця і прырода” Ліза Палтаржыцкая і Віялета Закрэўская ў рознаўзроставых групах №3 і №2 сістэматызавалі з малышамі ўяўленні аб органах пачуцця чалавека і замацоўвалі ўяўленні аб будове цела чалавека і прызначэнні асобных яго частак.  З самымі маленькімі “вучнямі” працавала Марыя Варанішча: яна ў даступнай форме расказала дзецям пра стварэнне дэкаратыўнай кампазіцыі.

Свае ўражанні ад працы ў дзіцячым садзе юныя “выхавальнікі” выказвалі вельмі эмацыянальна. Ім спадабалася праводзіць заняткі з малышамі. Пры гэтым дзяўчаты адзначылі, што ў школе ўсё ж значна прасцей, бо разнастайныя педагагічныя метады і прыёмы яны могуць “спісаць” у сваіх настаўнікаў. А вось прыклад працы з дашкольнікамі – новы, і дзяўчатам прыйшлося пераўвасабляцца ў казачных геряў, быць “веліканамі” ў краіне “гномаў”, адначасова дзецьмі, якія любяць гуляць і дарослымі, якія павінны навучаць і выхоўваць.

Старшакласніцы выказалі ўдзячнасць Д.А. Сухарэўскай, Т.М. Салавей, В.Э. Казлоўскай, С.В. Войцік, З.І. Балтуновай, В.У. Янушэўскай і З.М.Корзун, выхавальнікам дзіцячага сада, якія дапамаглі ў падрыхтоўцы і арганізацыі правядзення прафесійных проб, адзначылі іх кампетэнтнасць і цярпенне, якія так неабходны ўсім, хто працуе з дзецьмі.

Некаторыя дзяўчаты ўжо вызначыліся са сваёй будучыняй і хочуць звязаць сваё жыццё з прафесіяй педагога. Выпускніцы Віялета Закрэўская і Ліза Палтаржыцкая мараць паступіць у педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Дзіяна Кардзіс, Марыя Варанішча і Ксенія Кімса, вучаніцы 10 класа, маюць яшчэ цэлы год для разважанняў аб будучай прафесіі – але і ў іх пераважае схільнасць да працы з дзецьмі.

Менавіта прафесійныя пробы дапамагаюць вучням вызначыць свае адносіны да той ці іншай прафесіі, пазнаць свае магчымасці. Хочацца пажадаць усім выпускнікам не памыліцца ў выбары будучай прафесіі. А для гэтага вельмі карысна паспрабаваць яе “на зуб” яшчэ да таго, як пачнеш здаваць уступныя іспыты ва ўстанову адукацыі.

Спадзяёмся, вопыт знаёмства з прафесіямі прынясе пэўную карысць вучням Альхоўскай сярэдняй школы. Ну, а дзіцячы сад чакае дастойную змену выхавальнікаў.


-----------------------------------------------------------

Часлава СІДАРЭВІЧ, намеснік загадчыка ДУА “Альхоўскі дзіцячы сад”.