Один день из жизни детского приюта
Нашы думкі і жаданні, нават тыя, што выпадкова праходзяць праз свядомасць, становяцца рэчаіснасцю. Калі я вучылася на трэцім курсе факультэта псіхалогіі і прыязджала ў свае Варняны – лавіла сябе на думцы, што хацела б працаваць у прытулку, хацела б бачыць знутры жыццё дзяцей, якія па збегу абставін, засталіся без нагляду бацькоў.Мая мімалётная думка стала рэчаіснасцю праз пяць гадоў. Я не працавала ў самім прытулку, але штодзённа сустракалася з тымі дзецьмі: а палове дзявятай, завёўшы дачушку ў дзіцячы садок, бегла на працу, а яны ішлі на сняданак у школу. Нехта з падлеткаў забягаў да нас на другі паверх, каб раздрукаваць ці размножыць вучэбныя матэрыялы. З іншымі, якія стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, даводзілася працаваць.
Я ведала іх пайменна, ад калегаў ведала жыццёвыя гісторыі, кагосьці па-сапраўднаму любіла – але не ведала саміх дзяцей, не ведала, чым яны жывуць і «дыхаюць». Многія з іх, кволых і дужых, з сумнымі і гарэзлівымі вачамі, перажылі за сваё кароткае жыццё куды больш, чым дарослыя людзі – але не страцілі сваёй непасрэднасці і дзіцячай цікаўнасці да навакольнага свету.
…Дзве сястры-пагодкі пераступілі парог дзіцячага прытулку ў другі раз за сваё кароткае жыццё. Мама кінула іх, калі маленькай Насці не было і трох гадоў, пазней жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў. Не тое, каб яны сумавалі без яе – у іх жа быў бацька, які клапаціўся пра малеч, як умеў, але пры тым і не забываў зазіраць у чарку. Дзяўчынкі не ведалі, што такое матчына любоў. Ім ніхто не чытаў перад сном казкі. Ім не куплялі прыгожых сукенак і не запляталі коскі. Колькі сястрычкі сябе помнілі, іх валасы былі заўжды пастрыжаныя, як у хлапчукоў. Вельмі часта яны засыналі разам, скруціўшыся ў клубочак, як кацяняты, пад гул кампаніі незнаёмых мужчын у іх хаце.
– У першы дзень, як прывезлі дзяўчынак, – расказвае выхавальніца дзіцячага сацыяльнага прытулку Лідзія Аляксандраўна Лакевіч, – я думала, што яны нямыя. Пакуль іх мылі, пераапраналі, прыводзілі ў належны стан галовы – Насця і Каця не вымавілі ні слова. Толькі позірк дзвюх пар маленькіх вачэй свідраваў наскрозь. Яны са здзіўленнем пазіралі на цацкі, вазоны – і ўсё мацалі рукамі. Але недзе праз тыдзень дзяўчынкі асвоіліся і пазнаёміліся з іншымі выхаванцамі прытулку.
Гледзячы на гэтых дзвюх гарэзлівых дзяўчынак, якія, са слоў выхавальніцы, часам нават учыняюць бойкі, нельга адрозніць іх ад звычайных дагледжаных дзяцей. Насця спакойна складвае пазлы і амаль штохвілінна просіць Лідзію Аляксандраўну дапамагчы, а Каця гарэзліва адмервае бегам даўжыню пакоя, нягледзячы на складаную аперацыю, якую ёй давялося перажыць з год таму (урачы літаральна выцягнулі дзяўчынку з таго свету).
Накіроўваюся ў пакой адпачынку, дзе глядзяць тэлевізар два хлопчыкі. Падсаджваюся да аднаго, трынаццацігадовага Улада, і спрабую завесці размову. Хлопчык лёгка ідзе на кантакт. Вельмі здзіўляе яго ветлівасць і камплімент наконт парфуму. На пытанне “Як табе тут?” – Улад прамовіў: “Сумна, вельмі сумна…” Разумею, што размову хлопчык працягваць не мае жадання і, каб прыкрыць недарэчную паўзу, якая павісла ў паветры, пераключаюся на Дзяніса.
За апошнія паўгода Дзяніс у прытулку ўжо трэці раз. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а бацька, які жыве ў Гродне і мае новую сям’ю, не спраўляецца з юнаком. Дзяніс, які вучыўся ў Ваўкавыску, пастаянна збягаў адтуль і «аўта-стопам» без праблем дабіраўся ў родны край, а затым у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі зноў апынаўся ў прытулку.
– Мне добра тут, – гаворыць, усіхаючыся хлопец. – Не трэба вучыцца, ды і паспаць у абед можна. А вечарам, калі меншыя кладуцца спаць, нам дазваляюць да дзесяці гадзін глядзець тэлевізар. Усе выхавацелі ведаюць мяне, у сталоўцы смачна кормяць. Калі даюць рыбу, дык уся малеча аддае мне. У мяне цэлая талерка атрымліваецца! – апускае вочы. – Учора хадзілі ў бібліятэку... Спачатку я ўпарціўся, але цікава было паслухаць пра кнігі і часопісы. Нават спрабую чытаць, бо шмат вольнага часу, астатнія ж у школу ходзяць…
Час збірацца на абед. Самыя маленькія з усіх ног нясуцца ў «гардэроб»: невялікі пакойчык, дзе захоўваецца верхняя вопратка і абутак. Чатырохгадовы Вадзім – усеагульны любімчык – сядае на падлогу і спрабуе нацягнуць непаслухмяныя боцікі. На маю прапанову «Ці можна, я цябе сфатаграфую?» – са шчырай усмешкай на твары згаджаецца. Не паспяваю шчоўкнуць фотаапаратам, як з усіх бакоў гучыць: «А мяне сфатаграфуеце?», «А мяне?!». Па дарозе са сталоўкі абяцаю дзеткам фатаграфаваць іх столькі, колькі пажадае іх душа. Толькі старэйшыя, Жанна і Улад, катэгарычна заяўляюць, што фатаграфавацца не будуць, і, бы па камадзе, адначасова нацягваюць капюшоны.
Адчуваю чыйсьці цёплы дотык да сваёй далоні – гэта Насця ўхапіла мяне за руку.
– Можна, я з вамі пайду ў сталовую? – словамі, але здаецца, што вачамі, просіць дзяўчынка.
– Канешне, можна! – дапамагаю малечы апрануць куртку, завязваю модным вузлом шалік.
Усе дзеці вялікім гуллівым гуртом накіроўваюцца на вуліцу: некаторыя стрымгалоў пераадольваюць па дзве прыступкі. Жанна з сабою нясе баскетбольны мяч, нягледзячы на тое, што ляжаць гурбы снегу. Мы з Насцяй і Лідзіяй Аляксандраўнай крыху адстаём ад дзіцячага натоўпу.
– Зараз у нашым прытулку знаходзяцца 9 дзяцей, 6 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, якія патрабуюць дзяржаўнай аховы. Некаторыя з іх трапілі сюды ўпершыню, таму што бацькі не спраўляліся са сваімі абавязкамі па забеспячэнні і выхаванні ці злоўжывалі алкаголем. Здараецца і так, што дзеці трапляюць да нас і ў другі раз, як Насця і Каця. У сясцёр яшчэ ёсць меншы брацік, але ён знаходзіцца ў Гродне, бо па ўзросце не праходзіць да нас.
– А чым займаюцца дзеці на працягу дня? – звяртаюся з пытаннем да выхавальніцы.
– Дзеці прачынаюцца ў восем гадзін раніцы, чысцяць зубы, умываюцца, снедаюць, тыя, хто вучацца, ідуць у школу на заняткі, а з меншымі мы застаёмся ў прытулку: лепім, клеім, малюем, чытаем казкі. Вадзім любіць рухомыя гульні, а Каця – наадварот. У дзяўчынкі вельмі добрыя мастацкія здольнасці. Затым – абед. Пасля абеду – ціхі час і падрыхтоўка ўрокаў. Да некаторых дзяцей прыязджаюць бацькі менавіта вечарам ці ў выхадныя, таму што цэлы дзень працуюць. Ёсць асобны пакойчык, дзе маці можа пабыць гадзіну-другую са сваім сынам ці дачкой. У суботу ці нядзелю гуляем пешшу, дзецям вельмі падабаюцца расповеды пра архітэктурныя помнікі Варнян.
За размовай я і не заўважыла, як мы апынуліся ў сталовай. Дзеці распраналіся, Жанна дапамагла Каці зняць куртку, а Віталік і Улад ужо разносілі на сталы вячэру.
Насця папрасіла, каб я села побач. Гэтая кранальная адкрытасць чатырохгадовай дзяўчынкі мяне ўразіла да глыбіні душы. Яна давярае мне, незнаёмаму чалавеку, а значыць – яна давярае свету. Для многіх дзяцей, якія з дзяцінства растуць у дзіцячых дамах ці выхоўваюцца ў неблаганадзеных сем’ях, характэрны недавер да свету. Яны бачаць яго дрэнным, аргэсіўным, і вельмі часта самі потым становяцца «агрэсарамі», людзьмі, якія не здольныя любіць.
«У яе ўсё будзе добра!» – лаўлю сябе на думцы і ўсміхаюся.
Пасля абеду дзеці вяртаюцца ў прытулак, а па дарозе я, як і абяцала, фатаграфую ўсіх жадаючых. Нават старэйшыя, Жанна і Улад, перадумалі і просяць, кааб я іх сфатаграфавала.
Развітваюся – наперадзе дзяцей чакае ціхі час – і абяцаю, што праз некалькі дзён прынясу фотаздымкі.
...Некаторыя з дзяцей выкрэсляць з памяці перыяд жыцця ў сацыяльным прытулку. Іншыя, наадварот: захаваюць і пранясуць гэтыя фотаздымкі праз усё жыццё, як напамін пра першае каханне, пра сяброўства, пра “вялікую сям’ю”, бо гэта частка іх жыцця, у якім – яны вераць у гэта! – абавязкова наперадзе павінен быць хэппіэнд.
Дзеці, як і мы, дарослыя, бываюць рознымі: і засмучанымі, і засяроджаннымі на сваім уласным свеце, і злымі да ўсіх людзей, і шчаслівымі ў хвіліны, калі трымаюць у далонях доўгачаканы падарунак. Яны – адлюстраванне нашага свету. Яны пераймаюць нашы паводзіны і звычкі, з малаком маці ўсмоктваюць расчараванне ці пачуццё гармоніі. Плоць ад плоці, кроў ад крыві.
Ламаючы цацку – яны вывучаюць свет, атрымліваючы тумака за гэта – пазнаюць горкі вопыт пакарання, бачачы бойкі і сваркі п’яных бацькоў – становяцца маўклівымі носьбітамі болю. А дзяцінства само па сабе мае на ўвазе адсутнасць такога болю. Дзяцінства – гэта радасць, цацкі, цукеркі, казкі, бабкі і пірагі з жоўтага пяску, абдымкі мамы, калі ты плачаш, зваліўшыся з веласіпеда і абадраўшы абедзве каленкі, доўгія гісторыі бабулі, неабсяжная сінь неба, якую дорыць тата, падкідваючы ў вышыню сваё дзіця…
Хтосьці з вялікіх сказаў: дакладна выказвання не памятаю – калі хочаш даведацца, што такое жыццё і шчасце, больш часу праводзь з дзецьмі.
Я зманю, калі скажу, што была шчаслівая, правёўшы дзень разам з дзецьмі з прытулку. Хутчэй гэта стан накшталт “бочкі дзёгцю з лыжкай мёду”. Лыжка мёду – гэта якраз дзеці, такія непаўторныя, не падобныя адзін да аднаго. Улад са сваёй інтэлігентнай манернасцю; Вадзімка са сваёй нястомнай энергіяй і няўрымслівасцю; Жанна з падлеткавай дэманстратыўнасцю... Кожны з іх – індывідуальнасць – і я шчаслівая ад таго, што пазнаёмілася з імі.
Толькі думкі аб тым, чаму яны апынуліся тут, у дзіцячым сацыяльным прытулку, не даюць спакою.
Я не вінавачу і не асуджаю бацькоў, не маю на гэта ма-ральнага права. А толькі хачу зразумець: чаму?
----------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.