Обычная суббота в Михалишковской школе

Звычайны суботні день у Міхалішкаўскай сярэдняй школе – гэта самыя розныя мерапрыемствы, дзе можна атрымаць шмат пазітыўных эмоцый і правесці час з карысцю. Тут заўсёды рады вітаць як вучняў, так і іх бацькоў.


Вось і на мінулым тыдні прайшлі спаборніцтвы па рухомых гульнях пад дэвізам “Тата, мама, я – здаровая сям’я”. Удзел у іх прынялі і дзеці, і іх бацькі – усяго шэсць пар ігракоў, падтрымаць якіх прыйшло шмат балельшчыкаў і гледачоў.
Спартыўныя спаборніцтвы складаліся з самых розных эстафет і конкурсаў: скачкі з мячом, перадача эстафетнай палачкі, кіданне баскетбольнага мяча ў кальцо, а хтосьці і ўпершыню праверыў свае здольнасці ў гульні ў дартс.
Па заканчэнні конкурсаў члены журы падвялі вынікі. Пераможцамі сярод усіх сталі Вайцяховічы – Надзея Іванаўна і яе сын Руслан, якія набралі найвышэйшы бал у агульным заліку, – з чым мы іх і віншуем! Але ніхто не застаўся без ганаровых грамат і падарункаў: кожную каманду ігракоў урачыста павіншавалі і падзякавалі за ўдзел. Як кажуць, галоўнае не перамога, а ўдзел. І сапраўды – прыемна было назіраць радасныя ўсмешкі, з’яднаную работу і падтрымку дзяцей і іх бацькоў.
А потым для вучняў быў арганізаваны “паказ мод”. У конкурсе пад назвай “Другое жыццё поліэтыленавай плёнкі” прынялі ўдзел вучні з першага па адзінаццаты класы. Дзяўчынкі прэзентавалі свае мадэлі сукенак з поліэтылену. Іх вырабы вабілі сваёй арыгінальнасцю, смелымі ідэямі і рашэннямі. Журы было складана вызначыць пераможцаў, бо кожная мадэль адрознівалася сваёй непаўторнасцю. Але ўсё ж пераможцам конкурсу стала Вікторыя Раўдановіч і яе арыгінальны “Ванільны дэсерт” – так яна прадставіла сваю работу, выкананую ў ружова-блакітных колерах. Увогуле, усе ўдзельніцы дастойны перамогі, а іх вырабы – найвышэйшых пахвал.
Вось так весела, спартыўна, модна і карысна праходзяць суботы ў нашай школе.


---------------------------


Кацярына Сяргей, вучаніца Міхалішкаўскай СШ, удзельнік гуртка “Юны карэспандэнт”.