Общими усилиями школьники и учителя спасли 18 деревьев
На працягу сакавіка маленькія і дарослыя “жыхары” Мальскага дзіцячага сада-базавай школы прымалі актыўны ўдзел у акцыі па збору макулатуры.Непатрэбныя часопісы і газеты, скрынкі і папера – усё гэта стала аб’ектам нашага “папяровага палявання”. Пра тое, што папера, якая выйшла з ужытку, паўторна перапрацоўваецца для атрымання новай прадукцыі, вучні ведалі. А вось тое, што 100 кілаграмаў макулатуры зберагаюць адно вялікае дрэва, для многіх стала адкрыццём.
Ніхто з удзельнікаў акцыі не застаўся ў баку – усе актыўна ўзяліся за працу. Дрэвы – гэта жыццё нашай планеты, яны выдзяляюць кісларод, якім дыхае ўсё чалавецтва. І выратоўваючы іх, мы таксама ратуем насякомых, жывёл і птушак! Збор макулатуры – гэта наш уклад у ахову навакольнага асяроддзя.
Больш за ўсіх макулатуры сабрала вучаніца 5 класа Яна Ігнатовіч – дзяўчынка прынесла ў школу 62 кілаграмы. Першы клас сабраў ажно 260 кілаграмаў паперы. А сярод настаўнікаў пераможцам стала Алена Уладзіміраўна Шымковіч – яна назбірала амаль 163 кілаграмы.
1880 кілаграмаў паперы пагрузілі нашы школьнікі ў вялікі аўтамабіль, які павёз яе на перапрацоўку. А гэта значыць, што агульнымі намаганнямі мы збераглі 18 дрэў!
Сёння наша школа ўнесла пасільны ўклад у ахову навакольнага асяроддзя. Заўтра вы можаце дапамагчы нам.
-----------------------------
Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
намеснік дырэктара Мальскага НПК.
Фота з сайта domsovetov.by.