Общими усилиями обновляется детский сад в Ольховке

Будынак Альхоўскага дзіцячага садка адносна малады – пабудаваны ён у 1989 годзе, да таго ж па тыпавым праекце. Гэта і стала падставай для таго, што ў 2005 годзе дзіцячы садок у Міхалішках, які месціўся ў прыстасаваным будынку, закрылі, а дашкольнікаў пачалі падвозіць у Альхоўку. Сёлета яго наведвае 61 дзіця, акрамя Альхоўкі і Міхалішак, сюды возяць дзяцей з вёсак Ласі, Сарочча, Маркуны, Падваранцы.


Пакуль што ў садку працуе тры рознаўзроставыя групы. У дзяцей ёсць магчымасць развівацца, адпачываць і ўвогуле добра праводзіць час. Акрамя заняткаў, якія праводзяцца з дзецьмі па праграме “Пралеска”, у іх ёсць магчымасць наведваць платныя гурткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы і танцавальна-гульнявы “Рытмічная гімнастыка”. Ёсць у садку і інтэграваная група для дзяцей, з якімі працуе дэфектолаг. У планах кіраўніцтва аддзела адукацыі адкрыццё ў Альхоўцы яшчэ адной групы.
Сёлета намаганнямі калектыву і бацькоў дзяцей, што наведваюць дзіцячы садок, гаспадарчым спосабам атрымалася зрабіць касметычны рамонт некаторых памяшканняў. Да прыкладу, былі выраўнены і пафарбаваны сцены фае першага паверха і лесвіцы, што вядзе на другі паверх. Праведзены касметычны рамонт у групах.
Але касметычны рамонт не вырашае асноўных праблем Альхоўскага дзіцячага садка. Пытанне яго рэканструкцыі наспела даўно. Першым пра сябе “заявіў” дах, які пачаў працякаць. Гэтае пытанне не раз падымалі бацькі дзетак, якія наведваюць гэтую ўстанову, падчас “Прамых ліній” і ў сваіх тэлефанаваннях у аддзел адукацыі райвыканкама і ў рэдакцыю газеты. І калі напачатку з частковым рамонтам даху дапамагалі кардонная фабрыка “Альхоўка”, Міхалішкаўскі сельскі Савет, аддзел адукацыі, іншы раз з ім спраўляліся і самі работнікі дзіцячага садка, то з часам гэтыя намаганні сталі толькі бескарыснай тратай грошай і часу. Заклеяць дах у адным месце – пацячэ ў другім. Апошні год падчас моцных дажджоў адну з груп пастаянна залівала, на сцяне і столі пачала з’яўляцца цвіль…
Сёлета чакаць дажджоў не сталі. Дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, на рамонт даху Альхоўскага дзіцячага садка было выдзелена амаль 180 мільёнаў рублёў. Гэтага хапіла на закупку неабходных матэрыялаў і на правядзенне рамонту. Сёння тут кожны дзень працуюць рабочыя і майстры ашмянскага “Будаўніка”: закатваюць увесь дах ізолам – дахавым матэрыялам, які адрозніваецца павышанай эластычнасцю і водаўстойлівасцю. Раней для гідраізаляцыі тут прымяняліся розныя рулонныя і мастычныя матэрыялы на аснове бітуму і дзёгцю, якія мелі шэраг недахопаў: нізкую марозаўстойлівасць, схільнасць да ўтварэння трэшчын, што пазней прыводзіла да парушэння ізаляцыі – і, як вынік, вада прасочвалася ў памяшканне.
Пасля капітальнага рамонту даху ніякіх праблем з гідраізаляцыяй узнікнуць не павінна.
Яшчэ адна з праблем, што ў зімовы перыяд пастаянна ўзнікае ў садку – тэмпературны рэжым, які не адпавядае норме. Тэмпература зімой у памяшканнях садка не падымаецца вышэй за 14 градусаў, а ў некаторых пакоях яна нават ніжэй. Галоўная прычына, лічаць супрацоўнікі садка, – хаваецца ў вокнах, праз дзіркі ў якіх выходзіць усё цяпло. Гэтае пытанне не раз ставілі бацькі, супрацоўнікі аддзела адукацыі і санстанцыі. Падымалася яно і падчас дня сельвыканкама, які ў чэрвені бягучага года праходзіў у Міхалішкаўскім сельсавеце.
На дапамогу зноў прыйшоў раённы выканаўчы камітэт. Напрыканцы жніўня з раённага бюджэту на рамонт Альхоўскага дзіцячага садка было выдзелена 150 мільёнаў рублёў, на якія закуплены новыя сучасныя пластыкавыя вокны. Шклопакеты ўжо завезены ў дзіцячы садок. Як толькі закончыцца рамонт даху, пачнецца паэтапная іх устаноўка.
Нягледзячы на ўсе нязручнасці, якія непазбежна суправаджаюць рамонт, садок жыве, педагогі працуюць, выхоўваюць дзяцей. Радасна, што менавіта аб’екты адукацыі – мяняюць вокны і ў Альхоўскай сярэдняй школе – былі першымі, на якія звярнулі ўвагу ў пасёлку. І хочацца спадзявацца, што сёлетнюю зіму выхаванцы садка і іх выхавальніцы сустрэнуць у чыстых, а галоўнае – цёплых памяшканнях.


Алена ЯРАШЭВІЧ.