Образование: цифры говорят

– У  раёне дзейнічае 15 устаноў адукацыі: 7 сярэдніх школ, 7 навучальна-педагагічных комплексаў і адна гімназія. Дзеці дашкольнага ўзросту наведваюць 9 дашкольных устаноў.

– 1 верасня ў  школах раёна пачалі вучобу 2 723 дзіцяці. Упершыню за парты селі 305  першакласнікаў. Сёлета ў раёне адкрыліся  22 першыя класы.

– У школы раёна прыбыў 41 малады педагог.

– У 2014 годзе  школы Астравецкага раёна закончылі 146 вучняў. Усе яны вызначыліся з выбарам будучай прафесіі  і сталі студэнтамі ці працаўладкаваліся. 76 выпускнікоў паступілі ў ВНУ (52%), 54 сталі  навучэнцамі ССНУ (37%) і 13 – ПТВ (9%).

– У школах нашага раёна сёлета дзейнічае  пяць інавацыйных пляцовак рэспубліканскага ўзроўню. Так, ужо трэці год настаўнікі і вучні Гудагайскай школы працуюць па тэме «Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна адказных паводзін папярэджання сацыяльнай рызыкі і дэструктыўнай дзейнасці»,  дзякуючы чаму ў школе ўдалося вырашыць праблемы паводзін вучняў. А нядаўна школа прадставіла напрацаваны вопыт на абласным фестывалі.

Гімназія №1 з году ў год займаецца інавацыйнымі праектамі. Сёння яна працягвае працаваць над мадэллю прадукцыйнага навучання на аснове асобы самавызначэння навучэнцаў.

Альхоўская школа трэці год з'яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай па ўкараненні мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта азначае, што ў вучняў старэйшых класаў гэтай школы ёсць магчымасць вывучаць неабходныя ім для паступлення ў ВНУ прадметы на павышаным узроўні. Дзякуючы такой падрыхтоўцы,  выпускнікі 11 класа Альхоўскай школы сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

Новыя інавацыйныя пляцоўкі ў бягучым годзе  пачалі працаваць у Міхалішкаўскай СШ і Кямелішкаўскім НПК. Міхалішкаўскія школьнікі ўкараняюць у практыку работы валанцёрскі рух «Роўны навучае роўнага», а кямелішкаўскія педагогі развіваюць у сваіх школьнікаў прадпрымальніцкую кампетэнтнасць.

З гэтага навучальнага года ў Гудагайскай школе і Варнянскім НПК адкрыты педагагічныя класы. Вучняў са школьнай парты  арыентуюць на паступленне ў педагагічныя ўстановы рознага ўзроўню. Зроблена гэта для таго, каб забяспечыць школы  раёна ў будучым уласнымі кадрамі.

З 1 верасня змяненні адбыліся і ў Спондаўскай сярэдняй школе. Да яе  далучылі Страчскі дзіцячы сад –  і школа атрымала новую назву: Спондаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Год назад пачаўся капітальны рамонт сярэдняй школы №1. Праходзіў ён паралельна з навучальным працэсам. Тым  не менш ужо адрамантаваны трэці паверх гэтай навучальнай установы:  новая плітка на падлозе, пафарбаваны сцены, утульныя кабінеты і санвузлы – усё гэта радуе  адміністрацыю, педагогаў і вучняў школы, якія выказваюць шчырую ўдзячнасць старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку за матэрыяльную падтрымку і выдзеленыя на рамонт будынка грашовыя сродкі.

Плануецца, што ў хуткім часе адчыняць дзверы яшчэ дзве новыя навучальныя ўстановы – сярэдняя школа і яслі-сад, якія ўзводзяцца ў мікрараёне №1.


Алена ЯРАШЭВІЧ.