Об особенностях и возможностях талантливых детей говорили на заседании "круглого стола" в редакции газеты "Астравецкая праўда"
Талент – гэта падарунак Бога ці выпрабаванне для яго ўладальніка і тых, хто знаходзіцца побач з ім? Як заўважыць талент, дапамагчы яму развіцца, не загубіць? Хто павінен перш за ўсё дапамагчы таленавітаму дзіцяці знайсці сябе, сваё прызначэнне ў жыцці – бацькі, настаўнікі, трэнеры, кіраўнікі гурткоў? Што трэба рабіць, каб не “затаптаць”, не змарнаваць парасткі таленту? Пра ўсе гэтыя і многія іншыя нюансы выхавання таленавітага дзіцяці ішла размова за “круглым сталом” у рэдакцыі “Астравецкай праўды”. Удзел у размове прынялі начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, псіхолаг раённага аддзела адукацыі Юлія Альбінаўна Ражко, трэнер, які падрыхтаваў многіх таленавітых баксёраў, Аляксей Зянонавіч Маргуж, педагог і мастачка Тарэса Іосіфаўна Варановіч, педагог, выкладчыца замежнай мовы і адначасова маці прызёра міжнароднай алімпіяды па хіміі Насці Вайшнаровіч Таццяна Зыгмундаўна Вайшнаровіч, таленавітая спявачка Анастасія Ляховіч (у нядаўнім мінулым – Клімашэўская). Вядучай “круглага стала” па традыцыі стала галоўны рэдактара “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік. Ніна Рыбік:
– Сёння тэмай нашай размовы будуць таленавітыя дзеці. Давайце паспрабуем вызначыць: што ёсць талент? Як яго распазнаць, не прапусціць? Як дапамагчы раскрыцца? Што і хто іграе ў гэтым галоўную ролю: здольнасці, дадзеныя прыродай, падтрымка і дапамога бацькоў, настаўнік ці трэнер, які своечасова заўважыў талент і накіраваў яго ў патрэбнае рэчышча? Хацелася б пачуць вашы думкі…
Юлія Ражко:
– Трэба спачатку вызначыць, што значыць талент, ці, гаворачы мовай спецыялістаў, адоранасць? Таму што ёсць сапраўды адораныя дзеці, а ёсць проста здольныя і высокаматываваныя. Навуковая тэорыя сцвярджае, што адоранасць – гэта калі ў дзіцяці сышліся высокі інтэлект, дадзены прыродай, творчыя здольнасці, ці, як сёння модна гаварыць, крэатыўнасць, і прысутнічае матывацыя – жаданне нешта рабіць. Нават без аднаго з гэтых складальнікаў талент так і застанецца ў зародкавым стане. Калі, скажам, ёсць дадзены прыродай высокі інтэлект, але няма жадання нічога рабіць, працаваць над сабой, то самыя лепшыя здольнасці так і застануцца ў зародкавым стане. А калі наадварот, жадання – вышэй даху, а IQ – агульнапрыняты індэкс інтэлектуальнага развіцця – не бог ведае які ці не хапае творчых здольнасцей, то такі чалавек, у лепшым выпадку, будзе вельмі добра, прафесійна паўтараць тое, што прыдумана, зроблена да яго, а стварыць шэдэўр – нешта новае, сваё – ён не здолее.
Сяргей Сяўко:
– Трэба, каб сышлося ўсё. Каб бацькі заўважылі талент дзіцяці, захацелі дапамагчы яму раскрыцца, аддалі ў патрэбны час у патрэбныя рукі. Каб затым гэтыя рукі змаглі правільна распарадзіцца гэтым скарбам, агранілі алмаз, ператварыўшы яго ў брыльянт.
Анастасія Ляховіч:
– Яшчэ вялікую ролю адыгрывае выпадак. У маім лёсе менавіта ён быў лёсавызначальным. Я расла і вучылася ў Падольцах, і аднойчы, рыхтуючыся да нейкага важнага канцэрта, нас, некалькі дзяўчынак, прывезлі ў Астравец да Аляксандра Альховіка, каб ён дапамог падрыхтаваць песню. Я там увогуле была “на падпеўках”, але, праслухаўшы нас, Аляксандр Пятровіч папрасіў тэлефон маіх бацькоў. Не паленаваўся, пазваніў, прапанаваў займацца са мной. Трэба аддаць належнае і маім бацькам, якія, нягледзячы на свае клопаты, вазілі мяне з Падольцаў у Астравец на заняткі. Затым мяне сталізапрашаць на нейкія раённыя канцэрты, мерапрыемствы – і пайшло-паехала… Калі я вырашыла звязаць сваё жыццё з культурай, мама мяне адразу падтрымала. Тата ж хацеў, каб я стала настаўніцай, але ўрэшце і ён змірыўся з маім выбарам. Так што воля выпадку часам адыгрывае галоўную ролю: талент перш за ўсё трэба заўважыць. Вось мы ў гэтым годзе праводзілі конкурс “Міні-міс” – і менавіта там раскрылася Аліса Шадура, якая літаральна скарыла ўсіх сваёй песняй. А ў іншым выпадку – хто б ведаў, што ёсць такая дзяўчынка: артыстычная, цудоўна спявае, рухаецца, сапраўдны агеньчык?
Тарэса Варановіч:
– Самае першае і самае галоўнае – каб Бог пацалаваў у макаўку, выпраўляючы дзіцятка ў свет. А яшчэ нельга спісваць з рахунку тую самую волю выпадку, пра якую гаварыла Насця. Колькі ёсць сапраўды таленавітых дзяцей, і бацькі, здаецца, не супраць развіць іх здольнасці – а знікаюць гэтыя таленты невядома куды праз некаторы час. Ёсць яшчэ і лёс – і з ім не паспрачаешся…
Таццяна Вайшнаровіч:
– Шчыра кажучы, я не зусім разумею, чаму мяне запрасілі для ўдзелу ў гэтым “круглым стале”. Я, як настаўнік і маці, не маю справы з нейкімі асабліва таленавітымі дзецьмі. Са здольнымі, адоранымі – так, але ж талент, у маім разуменні, – гэта найперш творчасць, мастацтва, у гэтых галінах ён праяўляецца больш ярка, чым, скажам, у вывучэнні той жа замежнай мовы…
Ніна Рыбік:
– Але ж ваша дачка Насця – адзіная за ўсю гісторыю раёна вучаніца, якая прымала ўдзел у міжнароднай алімпіядзе па хіміі і стала яе прызёрам. Таму і запрасілі – каб даведацца: як бацькам разгледзець талент, дапамагчы яму…
Таццяна Вайшнаровіч:
– Я ніколі не лічыла, што Насця – нейкая асабліва таленавітая дзяўчынка. Я заўсёды ведала, што яна – здольная і, як гэта прынята гаварыць, лёгканавучаемая. Ёй падабалася – і да гэтага часу падабаюцца – замежныя мовы: зараз яна ўжо вучыць трэцюю. Але ў свой час менавіта я падштурхнула яе на хіміка-біялагічны накірунак – да гэтага часу не ўпэўнена, што зрабіла правільна. Насця не ўпарцілася – ёй увогуле хацелася займацца ўсім. Яна адрознівалася ад іншых дзяцей бадай што адзіным: ёй заўсёды падабалася вучыцца, гэты працэс дастаўляў ёй шчырае задавальненне. Ну а мы з бацькам, чым маглі, дапамагалі: ён – са свайго боку, я – са свайго. Прычым галоўная дапамога, як мне здаецца, была ў тым, каб паказаць дачцэ, што ўсё, за што бярэшся, трэба рабіць максімальна добра. Так вось яе працаздольнасць плюс высокая адказнасць і прывялі да таго выніку, пра які вы гаварылі. А ўвогуле, у развіцці адоранага вучня павінны дапамагаць усе. Я вельмі ўдзячна настаўнікам, якія вучылі Насцю: лічу, што ёй моцна пашанцавала. Ёй давалі магчымасць праявіць сябе ўсюды. Думаю, калі б яна нарадзілася ў Мінску, такой магчымасці не было б…
Ніна Рыбік:
– Ну, гэта спрэчнае сцвярджэнне. Многія ўпэўнены, што ў сталіцы, у вялікіх гарадах непараўнальна больш магчымасцей для развіцця талентаў дзіцяці, чым у нас.
Таццяна Вайшнаровіч:
– Але ж і магчымасцей праявіць сябе там нашмат менш! У тым сэнсе, што канкурэнцыя ў вялікіх гарадах высокая: там такіх талентаў – не адзін і не два.
Ніна Рыбік:
– У пытання – як заўважыць і развіць талент – ёсць і адваротны бок: як не “затаптаць”, не загубіць яго? Не сакрэт, што вельмі часта бацькі ў сваіх дзецях імкнуцца рэалізаваць уласныя амбіцыі, жаданні, няспраўджаныя ў юнацтве мары: вось у мяне не атрымалася стаць урачом – то хай сын ідзе ў медыцыну… А што сын марыць пра сцэну, ці пра спорт, ці пра генеральскія пагоны – дык гэта проста юначы рамантызм. Адкуль 17-гадовы юнак можа ведаць, дзе яму будзе лепш? Прычым бацькі часта ламаюць жыццё дзяцей з абсалютна шчырым жаданнем дабра і шчасця ім: дарослыя ж заўсёды лепш ведаюць, у чым яно, тое шчасце… Тарэса Іосіфаўна, ваша дачка – мастачка, як і вы.Скажыце шчыра: гэта вы яе падштурхнулі на гэты шлях ці Вікторыя сама выбрала яго?
Тарэса Варановіч:
– Я не падштурхоўвала – я прыглядвалася: што ёй больш па душы? У дзяцінстве ёй падабалася ўсё і адразу. То днямі насілася са шпрыцамі і “лячыла” цялят – тата ў нас ветэрынарны ўрач. То, палячыўшы зуб і прасядзеўшы цэлую гадзіну з адкрытым ротам, вырашала, што абавязкова стане стаматолагам. То кідалася ў маляванне. Я за ўсім назірала з-за пляча: што ў яе атрымліваецца? А з цягам часу Віка ні пра што іншае, як пра пэндзаль і маляванне, і гаварыць не магла…
Аляксей Маргуж:
– У мяне ў свой час, яшчэ напачатку трэнерскай работы, у секцыі пачынаў займацца Ваня Калантай. Я, калі яго ўбачыў, быў проста ў шоку: ну ўсё сышлося ў гэтым хлапчуку: хуткасць, рэакцыя, спрытнасць, упэўненасць, каардынацыя. Пра такое спалучэнне ўсіх гэтых якасцей кожны баксёр і яго трэнер можа толькі марыць. Паехалі на спаборніцтвы ў Гродна – Ваня там вельмі ярка пра сябе заявіў. Зараз у беларускім боксе ёсць таленавіты баксёр, майстар спорту міжнароднага класа – дык Ваня ў свой час яго праходзіў лёгенька. Гэты міжнароднік тады з ім і побач не стаяў. Але мама забараніла сыну хадзіць на бокс. І я не змог яе пераканаць, што ў Вані – сапраўдны талент баксёра. Зараз Ваня – дарослы мужчына, добры хлопец, працуе. Але калі мы збіраемся разам падчас нашага традыцыйнага “дня баксёра”, я бачу яго вочы. Ды ён і сам не хавае: шкадуе, што не пайшоў тады далей па гэтым шляху. Я ўпэўнены, што ён дасягнуў бы значных вышынь. Можа, і я ў гэтым вінаваты – не змог “дастукацца” да маці, якая, вядома ж, жадала сыну дабра…
Сяргей Сяўко:
– Тут цяжка нешта сказаць адназначна, даць нейкую слушную параду на ўсе выпадкі жыцця. Я, напрыклад, ніколі не хацеў стаць музыкантам – марыў быць спачатку лётчыкам, а затым – проста ваенным. Аднойчы нават спрабаваў кінуць музычную школу – але тут сваё рашаючае слова сказала бацькава папруга. А калі дзед падарыў мне баян – я зразумеў, што лёс мой вырашаны… Каб вы ведалі, як я ненавідзеў той баян – усімі фібрамі душы! На летніх канікулах усе дзеці гуляюць, купаюцца, загараюць – а мне дзед кожны тыдзень прывозіў кіпу нотных зборнікаў, дзе крыжыкамі былі пазначаны песні, якія я павінен быў вывучыць. Праз тыдзень дзед прыязджаў, яны з бацькам садзіліся пад яблыняй – і прымалі ў мяне “экзамен”. Дзеду вельмі хацелася, каб адзіны ўнук стаў музыкантам – так урэшце і выйшла. І сказаць, што я пра гэта моцна шкадую, не магу: яшчэ невядома, які б з мяне атрымаўся лётчык…
Аляксей Маргуж:
– Да слова: агульнавядомы факт, што Уладзіслава Траццяка бацька шэсць гадоў вадзіў на хакей пад прымусам. А сёння Траццяк – гэта Траццяк, геніяльны хакейны варатар, вядомы ва ўсім свеце.
Юлія Ражко:
– Вельмі важна, каб бацькі падтрымлівалі пачынанні дзяцей. Але здараецца, што яны ставяць “палкі ў колы”. Патрэбна, каб дзіця паспрабавала як мага больш спраў – і каб яго падтрымлівалі і замацоўвалі станоўчы вопыт. Інакш, калі ад нейкага пачынання застанецца негатыў, дзіцяці будзе цяжка пачынаць нешта новае, яму будзе перашкаджаць здабыты страх: а раптам не атрымаецца – і зноў будуць смяяцца, сварыцца, крытыкаваць? У гэтым сэнсе ўнікальны вопыт Царскасельскага ліцэя, дзе вучыўся Пушкін. Як вядома, матэматык з вялікага рускага паэта быў аніякі – і гэтага ад яго не патрабавалі, казалі: “Лепш ідзі ты, Пушкін, пішы свае вершы”. Але там была своеасаблівая сістэма ацэнкі, калі суміраваліся набраныя па кожным напрамку балы. І Пушкін, які не ведаў матэматыку, але якому не было роўных у мове і літаратуры, тым не менш быў не горшым вучнем. І ад яго, як і ад іншых ліцэістаў, не патрабавалі таго, што яму было не дадзена, і хвалілі за тое, што ў яго атрымлівалася. А нашы бацькі сёння часта задаюць сабе рытарычнае пытанне: што лепш – развіваць тое, што ў дзіцяці атрымліваецца, ці “падцягваць” тое, што, магчыма, ідзе не самым лепшым чынам? Адказ на гэтае пытанне і дае вопыт Царскасельскага ліцэя. Вельмі важна матываваць дасягненні дзіцяці, а не культываваць боязь памыліцца.Я ведаю аднаго бацьку, сын -першакласнік якога ніяк не мог адолець гімнастычную лесвіцу. Усе хлопчыкі ў классе залазілі пад самы верх – а ён толькі на першую прыступку. І тата паступова навучыў яго: сёння – адна прыступка, заўтра – дзве… І хваліў за кожнае такое дасягненне. Разумееце, ён параўноўваў сына не з іншымі, а з ім самім: ты сёння ўзяў вышыню, якая ўчора была для цябе недасягальнай. І гэта ўрэшце дало свой вынік. А яшчэ дзіця павінна паспрабаваць усё.
Сяргей Сяўко:
– А бацькі часта бурчаць: што гэта такое: учора – маляванне, сёння – бокс, заўтра – лёгкая атлетыка… Хопіць, набегаўся ўжо, вунь піяніна ў куце стаіць, садзіся і іграй!
Юлія Ражко:
– А дзіцяці трэба вызначыцца, што яму бліжэй, зрабіць свой асэнсаваны выбар і ў дарослым жыцці займацца справай, якая падабаецца, а не адбываць працоўную павіннасць. Вось Насці – ёй жа падабаецца вучыцца, займацца тым, што яна робіць?
Таццяна Вайшнаровіч:
– Я ўжо казала, што Насця – не столькі таленавітая, колькі адказная дзяўчынка. І менавіта яе адказнасць і звычка рабіць усё найлепшым чынам і прывялі да выніку. Але ж, калі гаварыць пра таленавітых дзяцей і ролю дарослых у іх развіцці, то, мне здаецца, вельмі важна развіваць у дзіцяці не толькі здольнасці, але і пачуццё адказнасці, звычку даводзіць пачатую справу да канца. Калі гэта не прывіць, то невядома, што атрымаецца з самага здольнага дзіцяці – даўно вядома, што кожны талент – гэта 99 працэнтаў працы. І нават калі Бог сапраўды пацалаваў у макаўку, то ўсё роўна трэба працаваць і працаваць, каб нечага дасягнуць. Бываюць, вядома, і з гэтага правіла выключэнні – але ў такім выпадку варта гаварыць хутчэй пра геніяльнасць, чым пра талент.
Тарэса Варановіч:
– Я лічу, што дзіцяці, у якога праяўляюцца нейкія здольнасці, абавязкова трэба дапамагчы. Бо нездарма ж кажуць, што бяздарнасць праб’ецца сама – а таленту трэба дапамагаць. Хто гэта будзе – бацькі, настаўнікі, родзічы, проста нераўнадушныя людзі – не так і важна, галоўнае, кааб такі чалавек у патрэбны момант апынуўся побач. Мы з сястрой раслі на невялікім хутары, і да нашых мастацкіх здольнасцей маме не было ніякай справы. Дзякуй і за тое, што не лупцавала, калі мы размалёўвалі печ, сцены, дзверы. Яна нам не дапамагала – не магла дапамагчы, але і не перашкаджала. А сёння час іншы. Настаўнік, які заўважыў у вучні нейкія асаблівыя здольнасці, павінен перш за ўсё падказаць бацькам. Не звяртаюць увагі бацькі – родзічам, блізкім людзям. Дапамагаць трэба таленту: таленавітыя людзі, як правіла, вельмі сціплыя і няўпэўненыя ў сабе. А ёсць жа яшчэ такая з’ява, як людская зайздрасць, якая ўласціва найперш тым самым бездарнасцям, якія самі не здольны нешта зрабіць, а вось затаптаць першыя кволыя парасткі таленту – гэта з задавальненнем!
Таццяна Вайшнаровіч:
– Але канкурэнтнае асяроддзе павінна быць – я маю на ўвазе здаровую канкурэнцыю, а не зайздрасць. У мяне некалі вучыліся дзве таленавітыя дзяўчынкі – Алёна Рыбік і Света Маліноўская. Яны, спаборнічаючы адна з другой, дасягалі проста неверагодных вынікаў, а ўслед за імі цягнуліся і астатнія. Калі Алёна засталася адна, яна таксама старалася – я ж бачыла, як яна на перапынках пісала кожнаму вучню апавяданні на англійскай мове, і для кожнага – рознае, – але ўсё ж такога спаборніцтва ўжо не было: яна стала адназначна лепшай…
Сяргей Сяўко:
– Так, ружа павінна расці ў разарыі, а не сярод асоту…
Ніна Рыбік:
– Мы шмат гаворым, што таленту трэба дапамагаць. А што гэта ў вашым разуменні азначае канкрэтна? Як дапамагчы – словам, парадай, маральнай падтрымкай, фінансава?
Аляксей Маргуж:
– У мяне ў гэтай сувязі ёсць канкрэтная прапанова. Давайце арганізуем у раёне фестываль ці кірмаш талентаў – назваць можна як заўгодна, – дзе можна было б “засвяціць” юныя таленты, пакуль яшчэ мала вядомыя, у самых розных напрамках: музычным, мастацкім, спартыўным… Магчыма, гэты першы штуршок даў бы дзецям імпульс для далейшага развіцця.
Сяргей Сяўко:
– Ідэя цікавая, трэба папрацаваць над яе ўвасабленнем.
Тарэса Варановіч:
– Грошы для падтрымкі адораных дзяцей, можа, і не самае галоўнае. Часам яго проста трэба падштурхнуць у патрэбным накірунку, падказаць нешта, параіць. Вельмі балюча назіраць, калі здольныя, адораныя дзеці знікаюць у нікуды – толькі з-за таго, што ў патрэбны момант не аказалася побач чалавека, які б настойліва сказаў: гэта – тваё, і ты павінен гэтым займацца! Хоць здараюцца і іншыя выпадкі, калі настойлівая падтрымка настаўнікаў, родзічаў – нават калі бацькам няма справы да такога дзіцяці – дапамагаюць таленту рэалізавацца.
Сяргей Сяўко:
– У музычнай школе шмат такіх прыкладаў, калі выкладчыкі самі ўносяць бацькоўскую плату за дзіця, – каб толькі адораны вучань не пакідаў заняткі, развіваў свае здольнасці. А ёсць у маёй памяці і іншы прыклад, калі п’яны бацька, якому перашкаджалі спаць заняткі дачкі, забраў у яе акардэон і пасёк інструмент на калодцы на вачах у дзяўчынкі – такі дзікунскі выпадак адбыўся ў Кямелішкаўскай школе мастацтваў.
Аляксей Маргуж:
– А яшчэ існуе такое паняцце – “сістэма”. І яна ў нас вельмі жорсткая, ці скажам па-іншаму – не гнуткая. І сапраўднаму таленту прабіць яе металічныя аковы амаль немагчыма. Што я маю на ўвазе? Ну вось, скажам, ёсць юны геній, які ў 5-гадовым узросце іграе Шапэна лепш, чым выпускнік кансерваторыі, ці тэарэму Піфагора даказвае – а яму трэба, як і ўсім, ісці ў першы клас, вучыць літары і склады. І ў кансерваторыю такога генія не прымуць, калі ён не здасць на пэўную колькасць балаў гісторыю Беларусі ці што яшчэ…
Сяргей Сяўко:
– Сістэма такая, таму што наша грамадства пакуль што не гатова прыняць таленты.
Ніна Рыбік:
– З гэтым можна паспрачацца – у грамадстве розныя людзі ёсць. І адносіны да мастацтва і талентаў у іх таксама розныя.
Сяргей Сяўко:
– Згодзен. Але пры ўсім пры тым у горадзе Парыжы карцінных галерэй і музычных салонаў больш, чым ва ўсёй нашай краіне. Гэта сведчыць толькі аб тым, што французам мастацтва патрэбна, а нам – не вельмі...Будзе гатова грамадства прыняць прадукт дзейнасці шматлікіх талентаў, будуць яны запатрабаваны – зменіцца і сістэма.
Анастасія Ляховіч:
– Што тычыцца сістэмы і адносін грамадства да талентаў і іх падтрымкі: цяпер праводзіцца шмат розных творчых конкурсаў…
Сяргей Сяўко:
– Я б сказаў, што аж залішне….
Анастасія Ляховіч:
– Але ёсць і сапраўдныя, значныя спаборніцтвы, вакол якіх, як правіла, “круцяцца” вялікія грошы. І вось прыязджае на такі конкурс дзіця – і з першага позірку ўсім: і ўдзельнікам, і гледачам, і родным – бачна, што гэта – сапраўдны талент, які на галаву вышэй усіх удзельнікаў. А перамогу аддаюць іншым… Ну як такому дзіцяці і яго бацькам не апусціць рукі? Хто з іх не задумаецца ў такі момант: а ці варта ісці далей?
Ніна Рыбік:
– Ну і што ўдзельнікі нашага “круглага стала” могуць адказаць на гэтае, у пэўнай ступені рытарычнае пытанне? Сапраўды, конкурсаў і спаборніцтваў зараз праводзіцца шмат, і не заўсёды на іх перамагае мацнейшы – хоць, па праўдзе кажучы, кожны, хто не стаў пераможцам, лічыць сябе “засуджаным”. Але тым не менш: што рабіць у такім выпадку? І што казаць дзіцяці? Можа, параіць яму кінуць усё і пайсці ў іншую сферу, больш спакойную і “грашавітую” – а песні спяваць падчас застолляў і карціны маляваць у падарунак родным і сябрам?
Тарэса Варановіч:
– Я лічу так: раз Бог даў табе талент, то ты проста абавязаны яго рэалізаваць. Бо зрабіць гэта можаш толькі ты – і ніхто іншы. Трэба памятаць: каму многае дадзена, з таго шмат і спытаюць. Богам падораны талент – не твая прыватная ўласнасць: табе гэтыя здольнасці дадзены, каб ты нешта перадаў людзям, падзяліўся з імі Божай іскрай. А тое, што недзе цябе не прызналі, “засудзілі” – гэта не самае галоўнае. Сёння не прызналі, заўтра – а паслязаўтра цябе назавуць самым лепшым! Галоўнае – не кідаць тое, у чым тваё прызванне.
Таццяна Вайшнаровіч:
– І сродкаў для развіцця таленту шмат. Калі я, напрыклад, бачу, што дзіцяці не вельмі даецца замежная мова, але яно любіць спяваць – то яно ў мяне будзе спяваць на замежнай мове!
Сяргей Сяўко:
– Усім: і бацькам, і настаўнікам, і дзецям – трэба разумець, што чалавечае жыццё вельмі кароткае. І кожны павінен пасля сябе пакінуць на зямлі след, каб помнілі – хоць нейкі непрацяглы час. І калі табе сапраўды дадзена нешта рабіць лепш, чым іншым, – ты проста абавязаны гэтым займацца!
Юлія Ражко:
– Унутраная незадаволенасць, калі чалавек займаецца не тым, што яму падабаецца, калі ранкам ён ідзе на працу, як на катаргу, усё роўна “вылезе” некалі і нечым, часам – непапраўнымі бедамі. Ужо навукова даказана, што такі душэўны разлад абарочваецца язвамі, анкалогіяй і іншымі страшнымі хваробамі. У гэта можна верыць ці не, але псіхасаматыку ніхто не адмяняў. Такі чалавек альбо разбурае іншых, выплюхваючы на іх свой унутраны негатыў, сваю незадаволенасць, альбо, калі ён усё носіць у сабе, – свой уласны арганізм.
Ніна Рыбік:
– Ёсць надзвычай адораныя дзеці, якім падабаецца ўсё – і ў якіх атрымліваецца ўсё: і спяваць, і танцаваць, і вершы пісаць, і вучыцца выдатна… А заканчваюць школу – і не могуць вызначыцца: куды паступаць, што ж менавіта – маё? А тут яшчэ бацькі раяць над вухам: не ідзі ў артысты, там мала плацяць, ідзі ў юрысты…Што параілі б вы гэтым дзецям і іх бацькам?
– Да моманту выбару свайго жыццёвага шляху гэта ўжо не дзіця, а дарослы чалавек. І слухаць ён павінен перш за ўсё сябе і рашэнне прымаць самастойна, бо гэта – яго ўласнае жыццё. Бацькам, канешне, варта даць разумную параду дзіцяці – але не ламаць, не гвалціць яго асобу.
Анастасія Ляховіч:
– Але пры ўсім гэтым існуе і матэрыяльны бок справы… Сёння ўсім хочацца прыгожа апрануцца, паехаць у падарожжа, нешта купіць. А калі зарплата на любімай рабоце не дазваляе гэтага зрабіць, то, ведаеце, любоў пачынае слабець. Я ўжо казала, што прафесію выбірала асэнсавана, але калі б рабіла гэта сёння, то наўрад ці пайшла б у культработнікі. Хоць маладых, калі б хто звярнуўся да мяне за парадай, не адгаворвала б: шчыра б расказала, што ёсць станоўчага, а што – адмоўнага ў нашай прафесіі. А выбар кожны павінен зрабіць сам.
Тарэса Варановіч:
– І ўсё роўна, мне здаецца, што вы, Насця, бухгалтарам працаваць не змаглі б…
Сяргей Сяўко:
– А вы скажыце: дзе, у якой справе, у якой сферы, усё так добра? Вось каб ты прыйшоў пасля універсітэта – а тут табе і работа любімая, і зарплата высокая, і рабіць нічога не трэба? Ды не бывае так нідзе! Усюды, каб нечага дасягнуць, трэба не раз салёным потам памыцца. Нават Пугачова не адразу стала Пугачовай – таксама перш чорнага хлеба з соллю паела…
Таццяна Вайшнаровіч:
– Вось таму я яшчэ раз паўтаруся: у кожным дзіцяці з маленства трэба развіваць працалюбства. Навучыцца працаваць – нідзе не страціцца. А калі не, то на адным таленце далёка не ад’едзе.
Аляксей Маргуж:
– Акрамя таго, зараз і спартсмены, і артысты актыўна ідуць у бізнес, у палітыку. І хай сабе над імі падсмейваюцца з-за гэтага – але яны вырашаюць пытанні, і не толькі асабістыя, але і ўсёй галіны. І гэта, я лічу, правільна.
Тарэса Варановіч:
– Калі ўжо размова зайшла пра матэрыяльны бок справы, то і артыст, і мастак, і любы іншы творчы чалавек можа пры жаданні знайсці магчымасць дадатковага заробку. Але ж колькі радасці творчаму чалавеку дастаўляе тое, што ён займаецца тым, што табе Богам дадзена, што гэта – яго, і толькі яго!
Ніна Рыбік:
– Што ж дзякуй усім за шчырую размову. Спадзяюся, што некаму з нашых чытачоў вашы словы, парады, меркаванні не толькі дадуць нагоду задумацца, але і прынясуць карысць. І таленавітых зорачак на астравецкім небасхіле заззяе больш – да радасці ўсіх нас.

