О проблемах нарушения зрения и их профилактике говорили в Островце за "круглым столом" в День здоровья школьников

У Беларусі 19 верасня бягучага года праводзіўся Дзень здароўя школьнікаў, прысвечаны прафілактыцы парушэнняў зроку.
З гэтай нагоды па ініцыятыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіўся “круглы стол”, у якім прынялі ўдзел галоўны санітарны ўрач Астравецкага раёна Ганна Вітольдаўна Пашук, урач-афтальмолаг Ганна Іосіфаўна Філістовіч, раённы ўрач-педыятр Галіна Мікалаеўна Зубель, урач-гігіеніст Анастасія Віктараўна Грыцук, псіхолаг раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Юлія Альбінаўна Ражко і карэспандэнт газеты “Астравецкая праўда” Алена Гануліч.

Алена Гануліч:


– Якія парушэнні зроку характэрны для школьнікаў?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Часцей за ўсё бацькі школьнікаў сутыкаюцца з наступнымі праблемамі: касавокасць (калі вочы глядзяць у розныя бакі і не факусіруюцца на прадмеце), блізарукасць, ці міяпія (выява фіксуецца не на сятчатцы, а перад ёй, у выніку некаторыя прадметы расплываюцца), дальназоркасць (дзіця дрэнна бачыць зблізку), астыгматызм (вертыкальныя лініі ўспрымаюцца лепш, чым гарызантальныя, часам – наадварот).
У дзяцей хрусталік вока прыстасоўваецца да ўзнікшай праблемы і прыкладвае вялікія намаганні для забеспячэння дакладнай выявы як удалечыні,так і зблізку.


Галіна Мікалаеўна Зубель:


– Праблемы са зрокам могуць прынесці сур’ёзныя наступствы для дзіцяці і негатыўна ўплываць на яго здольнасці да навучання, на паспяховасць у школе, нават на асаблівасці характару.


Алена Гануліч:


– З чым гэта звязана?









Ганна Іосіфаўна Філістовіч:

– У дашкольнікаў асноўныя фактары дрэннага бачання звязаны з прыроджанай будовай вока. Ужо ў школьным узросце праяўляюцца набытыя парушэнні зроку. Пачынае развівацца спазм акамадацыі, які плаўна можа перайсці ў блізарукасць. Гэта звязана з тым, што дзіця пачынае наведваць школу, і ў яго павялічваецца нагрузка вачэй на працягу дня. Часам не выконваюцца ўмовы выканання дамашніх заданняў.
Няправільныя суадносіны фізічных параметраў (актыўны рост) і нагрузкі пакідаюць свой адбітак на дзіцячым арганізме. Усе гэтыя фактары таксама негатыўна ўплываюць на зрок.


Анастасія Віктараўна Грыцук:


– Да прычын, якія зніжаюць вастрыню зроку ў школьнікаў, адносяцца дрэнная асветленасць працоўнага месца; непрыстасаваная ці дрэнна прыстасаваная для заняткаў мэбля; няправільная пасадка дзяцей падчас чытання або пісьма; невыкананне рэжыма дня; неразумнае чаргаванне вучобы і адпачынку; нерацыянальнае харчаванне.


Алена Гануліч:


– Якая сітуацыя складваецца ў нашым раёне са зрокам у дзяцей? Ці можна прагледзець яе дынаміку?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


У Астравецкім раёне асноўная хвароба дзіцячых вачэй – блізарукасць. Яна складае 30% ад іншых відаў парушэнняў зроку. Астатнюю частку складаюць паталогіі, якія цягнуцца з дзяцінства. Асабліва часта астыгматызм дыягнастуецца ў дзетак з Гудагайскага сельскага Савета.









Галіна Мікалаеўна Зубель:

– У нашым раёне назіраецца адмоўная дынаміка на працягу некалькіх гадоў. Так, калі ў 1990 годзе толькі 13,2% дзяцей мелі парушэнні зроку, то ў 2012 годзе ў 20,4% дзяцей быў зніжаны зрок, прычым 33% ад гэтай колькасці – школьнікі. Пры параўнанні паказчыкаў сярод дзяцей дашкольнага ўзросту (2,9 выпадкі на 100 чалавек) і дзяцей падлеткавага ўзросту (35,9 выпадкаў на 100 дзяцей) рост зніжэння вастрыні зроку склаў 12,4 разы.
Найбольш выяўлена дзетак са зрокавымі паталогіямі ў гімназіі №1 горада Астраўца (32%). Магчыма, гэта звязана з напаўняльнасцю класаў і прадметнай загружанасцю.


Алена Гануліч:


– Такім чынам, можна казаць аб тым, што асноўныя парушэнні прыпадаюць менавіта на школьны ўзрост? А якія мерапрыемствы па захаванню зроку ў школьнікаў праводзяцца ва ўстановах адукацыі?


Юлія Альбінаўна Ражко:


– Асноўным накірункам прафілактыкі парушэнняў зроку ў школьнікаў з’яўляецца фарміраванне здаровага ладу жыцця. Сістэматычна ажыццяўляюцца комплексы практыкаванняў для прафілактыкі зрокавага стамлення. Настаўнікамі і выхавальнікамі штодзённа праводзіцца гімнастыка для вачэй.


Ганна Вітольдаўна Пашук:
– На працягу вучэбнага года спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ва ўстановах адукацыі Астравецкага раёна праводзяць замеры электрамагнітнага і электрастатычнага выпраменьвання, канцэнтрацыі азону. Варта адзначыць, што ўсе паказчыкі адпавядаюць патрабаванням.









Анастасія Віктараўна Грыцук:

– Пры вывучэнні ўзроўняў штучнай асвятляльнасці ва ўстановах адукацыі Астравецкага раёна было адзначана зніжэнне колькасці не адпавядаючых гігіенічным патрабаванням працоўных месцаў. У 2011 годзе ўзровень штучнай асвятляльнасці не адпавядаў гігіенічным патрабаванням на 45,5%,у 2012 годзе – 14,5%, у 2013 годзе – 14,4%. Трэба адзначыць, што да 2013/2014 навучальнага года даведзены да гігіенічных нарматываў узроўні штучнай асвятляльнасці ў 96% устаноў адукацыі.
Правільная арганізацыя вучэбнага працэсу (колькасць урокаў, іх чаргаванне па складанасці) таксама змяншаюць стамляльнасць вачэй. Пры гігіенічнай ацэнцы адукацыйнага працэсу выяўляюцца парушэнні пры састаўленні раскладу заняткаў. Часцей за ўсё не чаргуюцца вучэбныя прадметы, якія патрабуюць вялікага разумовага напружання, засяроджанасці і ўвагі (матэматыка, руская і беларуская мовы, фізіка) з іншымі вучэбнымі прадметамі.
16 школ раёна могуць пахваліцца наяўнасцю камп’ютарных класаў, але ў 5 установах адукацыі гэтыя класы не адпавядаюць гігіенічным патрабаванням. Аднак, калі ў школе настаўнік кантралюе час знаходжання дзіцяці за камп’ютарам, то дома бацькі не заўсёды сочаць за гэтым.


Ганна Вітольдаўна Пашук:


– Варта адзначыць, што пры правядзенні анкетавання сярод дзяцей нашага раёна, якія адпачывалі ў аздараўленчых летніках, 55,4% (палова ўсіх апытаных!) адказалі, што свій вольны час праводзяць за камп’ютарам.


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Асноўны момант, які павінен прымусіць бацькоў задумацца: колькасць часу, які дзіця праводзіць каля манітора.


Юлія Альбінаўна Ражко:


– Зараз некаторыя бацькі адмаўляюцца ад традыцый- ных кніжных носьбітаў і аддаюць перавагу электронным. Ці маюць яны рацыю?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Кнігі даюць меншую нагрузку, чым камп’ютары ці іншыя электронныя носьбіты. Экран манітора складаецца з пікселяў і бесперапынна свеціцца. Адсутнасць выразнага кантрасту, выпраменьванне – і вока хутчэй стамляецца. Што робяць бацькі, калі дзіця хварэе? Уключаюць мультфільмы на кам’ютары, тэлевізары або прапаноўваюць пачытаць кніжкі. Усе гэта прыводзіць да стамлення, таму што ў хворага дзіцяці зніжаны ўсе функцыі. І вочы стамляюцца яшчэ больш.









Ганна Вітольдаўна Пашук:

– Тады чым займаць хворае дзіця, каб не даваць дадатковую нагрузку на вочы?


Юлія Альбінаўна Ражко:


– Вядучы від дзейнасці ў малодшым узросце – гэта гульня. Толькі праз сумесную гульню бацькі могуць знайсці агульную мову з сынам або дачкой. Пагэтаму варта аддаць перавагу сюжэтным гульням і размовам.


Алена Гануліч:


– Скажыце, калі ласка, ці аказваюць уплыў інфекцыйныя хваробы на зрок дзіцяці?


Галіна Мікалаеўна Зубель:


– Безумоўна – да прыкладу, тая ж вятранка ці грып.


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Калі да нас з'яўляюцца бацькі з прастуджанымі дзеткамі на планавыя праверкі зроку, мы заўсёды просім прыходзіць, калі дзіця паправіцца. Дарэчы, упершыню малышоў мы глядзім у радзільным доме, затым – у трохгадовым узросце і перад школай.


Юлія Альбінаўна Ражко:


– Ці ёсць сувязь паміж псіхасаматычнымі захворваннямі і зрокам?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Звычайна выдзяляюць знешнія і ўнутраныя прычыны пагаршэння зроку. Унутраныя прычыны звязаны са спадчыннасцю, з будовай злучальнай тканкі. А вось знешнія прычыны – шматлікія. Нават эмацыянальны фон (настрой) можа ўплываць на зрок дзіцяці.









Юлія Альбінаўна Ражко:

– Якія методыкі могуць палепшыць зрок?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Методык для паляпшэння зроку зараз вельмі шмат, аднак яны не з’яўляюцца стопрацэнтным лячэннем. Гэтыя методыкі могуць толькі палепшыць функцыянальную ўласцівасць вока, але не вылечаць дальназоркасць, блізарукасць ці астыгматызм. Гэта як і ўвогуле з фізічнымі нагрузкамі. Пакуль чалавек трэніруе біцэпсы або трыцэпсы, яго мышцы добра працуюць, перастае займацца – усё вяртаецца назад. Пагэтаму практыкаванні для вачэй можна выкарыстоўваць хутчэй для зарадкі і прафілактыкі, а не для лячэння. Адзінае, што яны могуць вылечыць – стамленне вачэй.


Алена Гануліч:


– Якія змяненні ў паводзінах дзіцяці сведчаць аб парушэнні зроку? Што павінна насцярожыць бацькоў?


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Калі ваша дзіця жмурыцца, пачынае пісаць ці чытаць “носам”, бліжэй сядае да тэлевізара – гэта першыя сімптомы парушэння зроку.


Алена Гануліч:


– Што б вы парэкамендавалі бацькам і дзецям для захавання зроку?


Анастасія Віктараўна Грыцук:


– Дзецям з паслабленым зрокам і для прафілактыкі трэба ўжываць багатыя вітамінамі прадукты, сярод якіх вітамін В2. Ён утрымліваецца ў малацэ, сыры, пячонцы, сэрцы, грыбах. Вітамінам А багатыя сметанковае масла, малако, яйкі. У рацыёне дзяцей павінны быць салодкі перац, кукуруза, апельсіны, рыба, персікі, морква, шпінат і зеляніна.


Ганна Іосіфаўна Філістовіч:


– Пасля школы дзіця павінна адпачыць 1-1,5 гадзіны перад тым, як сесці за ўрокі. Працоўнае месца павінна быць абсталяваным з улікам яго росту, а адлегласць ад вачэй да стала складаць каля 35 см (ад локця да кончыкаў пальцаў).
Неабходна забяспечыць добрую асветленасць. Найбольш спрыяльнай для зрокавай работы з’яўляецца натуральная асветленасць. Калі выкарыстоўваецца штучнае асвятленне, то яно павінна быць раўнамерным і не ствараць на працоўным месцы рэзкіх ценяў і блікаў. Калі не хапае натуральнага святла, патрэбна уключыць настольную лямпу, аптымальная магутнасць якой – 60-80 вват. Для таго, каб не ўтвараўся рэзкі пераход пры пераводзе погляду з асветленага сшытка да цёмнага пакоя, можна ўключыць верхняе святло.
У школьным узросце дзіцяці трэба чаргаваць заняткі з адпачынкам і змяняць зрокавую нагрузку. Глядзець тэлеперадачы трэба на адлегласці ад 3 да 5 метраў. Пры гэтым дзіця павінна не ляжаць на канапе, а акуратна сядзець, як і пры выкананні ўрокаў.


Ганна Вітольдаўна Пашук:


– Дзеці дашкольнага ўзросту могуць глядзець тэлевізар на працягу 30 хвілін, малодшага школьнага ўзросту – 1 гадзіну, школьнага ўзросту – 2 гадзіны.


Галіна Мікалаеўна Зубель:


– Немалаважную ролю ў захаванні зроку іграе здаровы лад жыцця. Бацькі разам з дзецьмі павінны штодзённа гуляць на свежым паветры пры добрых умовах надвор’я і не забываць пра спорт і фізічныя практыкаванні.
Вельмі карысна займацца плаваннем: яно ўмацоўвае спіну – таму што часта побач з блізарукасцю “крочыць” скаліёз.


У Беларусі 19 верасня бягучага года праводзіўся Дзень здароўя школьнікаў, прысвечаны прафілактыцы парушэнняў зроку.