О подтверждении прав на льготы
“Звяртаюся ў рэдакцыю ад імя ўсіх жыхароў пажылога ўзросту, якія жывуць на вёсцы, – у прыватнасці, у нашай вёсцы Больнікі, і карыстаюцца, у адпаведнасці з заканадаўствам, льготамі пры аплаце камунальных паслуг.Кожны год права на гэтыя льготы трэба пацвердзіць, прадаставіўшы ў адпаведную арганізацыю – РЭС, гаргаз, камунгас – адпаведную даведку з сельскага Савета. Раней з гэтым праблем не было: сельсавет сам вырабляў даведкі на льготнікаў – яны ж ведаюць сваіх людзей – і адсылаў іх, куды трэба. А сёлета мне ў студзені прывезлі газ і запатрабавалі поўную суму аплаты – маўляў, няма ў іх даведкі аб тым, што я карыстаюся льготамі, а мінулагодняя – несапраўдная. Яшчэ добра, што чалавек спагадлівы трапіўся, паверыў, што я давязу ў бліжэйшыя дні тую даведку, памянялі мне газавы балон, а так бы сядзеў без абеду.
Назаўтра я наняў машыну, заплаціў грошы, каб з’ездзіць у сельсавет і ўзяць тую даведку. Аказалася – дарэмна ехаў: у сельсавеце нікога не было, сказалі, што ўсе на сесіі. Трэба зноў машыну наймаць… А потым яшчэ – каб адвезці тыя даведкі ў Астравец, ва ўсе арганізацыі. А з дровамі, як я чуў, зараз увогуле галаўны боль. Раней сельсавет перадаваў спісы льготнікаў у бліжэйшае лясніцтва і гарпалівазбыт – нам прывозілі дровы ў двор, і мы на месцы разлічваліся. А цяпер трэба перш ехаць у сельсавет, браць даведку, потым з ёй – у Астравец у палівазбыт, там аплаціць за дровы. Потым квіток аб аплаце перадаць у лясніцтва – і толькі потым прывязуць паліва…
Ну ці ж магчыма гэта зрабіць састарэламу чалавеку? Мне, да прыкладу, ужо 78 гадоў – ці лёгка гэтыя даведкі сюды-туды вазіць? А кажуць жа, што ў нас зараз “адно акно”, і ўсё можна зрабіць, не ездзячы па арганізацыях? Ці мо я чаго не ведаю?
Растлумачце, калі ласка, мне і іншым пажылым вяскоўцам, як нам можна пацвердзіць права на льготы – і не ездзіць па некалькі разоў у Варняны і Астравец”.
З пісьма Валянціна Астроўскага сапраўды вынікала складаная праблема, вырашыць якую пажылым людзям, у каго няма асабістай машыны, ці дзяцей, якія жывуць побач і могуць дапамагчы бацькам, цяжка. Таму за каментарыямі мы вырашылі звярнуцца ва ўсе пералічаныя ў пісьме арганізацыі і разабрацца з сітуацыяй, у якую трапіў пажылы чалавек.
Першай установай, у якую мы звярнуліся, стаў Варнянскі сельсавет. Кіраўнік справамі Варнянскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Мікалаеўна Ціхевіч паведаміла нам, што сельсавет штогод удакладняе спіскі “льготнікаў” і накіроўвае іх у Астравецкі раён электрычных сетак і ВУ “Астравецрайгаз”. Спісы толькі ўдакладняюцца – гэта значыць, што калі чалавек памёр ці пераехаў на іншае месца жыхарства, то насупраць прозвішча робіцца адпаведны запіс. Пацвярджэнне льгот дае пасведчанне інваліда, якое можа быць бестэрміновым ці выдадзеным на вызначаны перыяд часу. І калі такое пасведчанне чалавек атрымаў упершыню ці тэрмін дзеяння пасведчання быў прадоўжаны, то ў сельсавеце звестак пра гэта няма, і грамадзянін павінен сам паклапаціцца пра тое, каб аплачваць за газ, электраэнергію і іншыя камунальныя паслугі па льготных тарыфах.
– Сёння на тэрыторыі нашага сельскага Савета пражывае тры тысячы грамадзян, і нават проста ўдакладніць спісы льготнікаў – гэта не хвілінная справа, – сказала ў сваё апраўданне Наталя Мікалаеўна. – Сфарміраваныя спісы адпраўляюцца для ўдакладнення ў арганізацыі, якія іх патрабуюць, і калі выяўляецца, што некага ў іх няма, то фарміруюцца дадатковыя спісы.
Атрымліваецца, што ніякіх праблем у людзей, якія маюць льготы па аплаце за камунальныя паслугі, быць не павінна? Але, як сведчыць пісьмо Валянціна Астроўскага, яна ўзнікла, калі ў студзені інваліду прывезлі балон з газам. Значыць, або спісы былі адпраўлены не своечасова, ці ўзнікла іншая невядомая нам прычына.
Чаму ж у пажылога чалавека запатрабавалі даведку аб тым, што ён карыстаецца льготамі?
За адказам на гэтае пытанне мы накіраваліся ў ВУ “Астравецрайгаз”. Гэта, дарэчы, адна з тых арганізацый, якая адразу ж адгукаецца на запыты жыхароў, што паступаюць у тым ліку і ў рэдакцыю раённай газеты. Дырэктар “Астравецрайгазу” М.Н. Ігнатовіч паведаміла, што спісы на льготныя катэгорыі грамадзян, якія не першы год абслугоўваюцца ў гаргазе, штогод прадастаўляюць сельскія выканаўчыя камітэты. Асноўная праблема заключаецца ў тым, што не заўсёды гэтыя спісы прыходзяць у райгаз у студзені.
Тады ў спажыўцоў газу, які развозіцца ў балонах, могуць узнікнуцуь часовыя праблемы з аплатай яго кошту. Вось і ў бягучым годзе на 1 лютага(!) у Астравецрайгазе яшчэ не было спісаў з Трокеніцкага, Міхалішкаўскага, Варнянскага, Спондаўскага, Гервяцкага і Гудагайскага сельсаветаў.
– Але часцей за ўсё мы верым на слова сваім кліентам – спажыўцам газу ў балонах, якія не першы год карыстаюцца правам на льготы, і прадаём ім балоны па льготнай цане, – запэўніла Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч.
Можа, гэта і не зусім адпавядае патрабаванням заканадаўства – але затое адпавядае нормам звычайнай маралі і чалавечнасці – і за гэта хочацца падзякаваць супрацоўнікам райгазу.
Дарэчы, гарадскімі спажыўцамі газу ў балонах займаецца камунгас – менавіта гэтая арганізацыя прадастаўляе ў райгаз спісы льготных катэгорый грамадзян, якія жывуць у кватэрах. А вось гараджанам, якія пражываюць у прыватным сектары горада, паклапаціцца аб льготнай дастаўцы газу неабходна самім. Даведкі аб складзе сям’і і праве на льготы яны павінны прадаставіць самі. Прычым зрабіць гэта можна па-рознаму: прынесці даведкі самастойна, накіраваць іх пісьмом па пошце, даслаць па факсе ці электроннай пошце і нават, у крайнім выпадку, перадаць з работнікамі гаргазу, якія займаюцца дастаўкай балонаў.
Праўда, калі льгота ўстаноўлена спажыўцу газу ўпершыню, з адпаведнымі дакументамі яму неабходна звярнуцца асабіста ў райгаз. Дадатковыя звесткі па асобных катэгорыях грамадзян – а гэта інваліды, удзельнікі і ветэраны вайны, сем’і загінуўшых – прадастаўляе ў райгаз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
У Астравецкім раёне электрычных сетак паведамілі, што ў іх арганізацыі таксама штогод на працягу І квартала праходзіць перарэгістрацыя права на льготы. Парадак перарэгістрацыі быў устаноўлены яшчэ ў пачатку 2002 года ў адпаведнасці з пісьмом Гродзенскага аблвыканкама ад 21.03.2002 года.
Пазней неаднаразова выходзілі дакументы рознага ўзроўню і прававыя акты, згодна з якімі РЭС мае права запытваць звесткі аб льготніках у ЖКГ, сельсаветах, органах працы і сацыяльнай абароны і іншых арганізацыях. Таму ўсе сельскія Саветы, ЖКГ і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва павінны прадастаўляць спісы льготных катэгорый грамадзян у РЭС.
Але і сёння (на двары, нагадаем, – люты) гэта пакуль што зрабілі не ўсе сельсаветы. Да таго ж тыя грамадзяне, каму льготы прадастаўлены ўпершыню, павінны звярнуцца ў РЭС самастойна. У гэтым выпадку таксама існуе адпаведны алгарытм работы. У выпадку, калі абанент пры звароце прадаставіў усе неабходныя дакументы, энергазабяспечваючая арганізацыя афармляе льготу на працягу трох дзён з дня звароту. Калі грамадзянін прадаставіў толькі дакумент, які пацвярджае права на льготу, РЭС на працягу двух рабочых дзён запытвае неабходную для афармлення льготы інфармацыю ў дзяржаўных арганізацыях і на яе падставе афармляе льготу.
Атрымліваецца, што грамадзяніну Валянціну Астроўскаму – у тым выпадку, калі льгота яму прадастаўляецца не ўпершыню – везці даведку асабіста ў РЭС ці гаргаз няма патрэбы. Гэта павінен быў зрабіць сельсавет. Але паколькі да таго часу сельсавет не прадаставіў у гаргаз спісы льготнікаў, то супрацоўнік райгазу меў поўнае права запатрабаваць даведку. Што і зрабіў. І дзякуй яму, што ў выніку аднёсся да пажылога чалавека па-чалавечы.
Другая частка пісьма Валянціна Астроўскага была прысвечана набыццю дроў – з гэтым, як вынікала з пісьма пажылога чалавека, зараз увогуле вялікія праблемы.
– Сапраўды, даста ўка дроў, брыкету і іншых відаў цвёрдага паліва з 1 студзеня бягучага года ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №1028 ад 9 лістапада 2012 года “Аб некаторых пытаннях забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва, унясенні дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2011 года №495 і прызнанні страціўшымі моц некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”, – паведаміў дырэктар райпалівазбыту В.Р. Шлыковіч.
Згодна з гэтай пастановай, устаноўлены нормы водпуску насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах на адзін дом у каляндарным годзе 3,5 тоны паліўных брыкетаў ці 4,9 метраў кубічных дроў. Прычым кожны аблвыканкам мае права ўстанавіць свае нормы водпуску паліва насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах.
Пастановай Савета Міністраў № 1028 зацверджана “Палажэнне аб парадку забеспячэння насельніцтва цвёрдымі відамі паліва і аплаты розніцы ў цэнах на цвёрдыя віды паліва, якія рэалізуюцца насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах”.
У адпаведнасці з гэтым нарматыўным дакументам набыць цвёрдыя віды паліва па фіксаваных рознічных цэнах могуць грамадзяне, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і зарэгістраваны па месцы жыхарства ў аднакватэрным жылым доме, у якім устаноўлена пячное, вадзяное, паравое ацяпленне.
Спажыўцы, якія пражываюць у гарадах ці гарадскіх пасёлках, могуць атрымаць паліва пры прадастаўленні паліўнай кніжкі і дакумента, які пацвярджае яго асобу. Для першаснага атрымання цвёрдых відаў паліва гарадскому насельніцтву неабходна прадаставіць даведку аб займаемым памяшканні і складзе сям’і, і дакумент, які пацвярджае асобу, на падставе якога будзе выпісана паліўная кніжка ў двух экзэмплярах: адна выдаецца грамадзяніну, другая застаецца ў палівазбыце.
Грамадзяне, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, атрымаць паліва па фіксаваных рознічных цэнах могуць пры наяўнасці спісаў спажыўцоў, якія маюць патрэбу ў цвёрдых відах паліва, з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, адраса – гэтыя спісы прадастаўляе сельскі выканаўчы камітэт да 1 снежня, а таксама паліўнай кнігі і дакумента, які пацвярджае асобу.
Грамадзяне, якія пры набыцці цвёрдых відаў паліва па фіксаваных рознічных цэнах маюць права на льготы ў адпаведнасці з заканадаўствам, у дадатак да вышэй пералічаных дакументаў павінны прадаставіць заяву ў пісьмовай форме, дакумент, які пацвярджае права на льготу і даведкі аб займаемым у дадзеным населенным пункце жылым памяшканні і складзе сям’і.
Заказы на набыццё цвёрдых відаў паліва прымаюцца пры звароце спажыўца асабіста ў гарпалівазбыт або праз давераную асобу з аформленай даверанасцю. Згодна з палажэннем заказы грамадзян выконваюцца на працягу 30 рабочых дзён, а спажыўцоў, якія маюць льготы, – 15 дзён з моманту наступлення тэрміну чарговасці. Аднак ёсць выпадкі, калі дапускаецца перавышэнне ўказанага тэрміну.
Здаецца, усё зразумела. Калі вы хочаце атрымаць паліва па фіксаванай рознічнай цане, давядзецца сабраць неабходныя дакументы, пра якія гаварылася вышэй, і аформіць у гарпалівазбыце паліўную кнігу, у якой будуць зафіксаваны набытыя вамі па фіксаванай цане цвёрдыя віды паліва за кожны год. І гэта разумна, бо дзяржава затрачвае на датацыю за паліва вялікія сродкі, і яны павінны ўлічвацца.
Такім чынам, каб атрымаць паліва па льготнай цане, давядзецца прыехаць у Астравец з пералічанымі вышэй дакументамі і аформіць усё па законе.
--------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ .
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.