Нужен новый телефонный справочник

3
Усё цячэ, усё мяняецца – так гаварылі старажытныя філосафы… Можа, гэта было б і да лепшага – калі б адны станоўчыя змены цягнулі за сабой наступныя – але так адбываецца далёка не заўсёды.


Вось, скажам, у многіх жыхароў і ў арганізацыях Астравецкага раёна змяніліся тэлефонныя нумары. Ды і новыя дадаліся – горад жа расце, жыллё будуецца, павялічваецца колькасць жыхароў і арганізацый. Усё гэта цудоўна – ці не так?!

І ў кожнага з іх ёсць жыццёва неабходная ўмова цывілізацыі – тэлефон. Але хто ведае пра гэтыя змены – я маю на ўвазе тэлефонныя нумары і кантакты новых прадпрыемстваў і арганізацый? Кажаце, служба 109? Напэўна… Ва ўсякім выпадку, яна павінна пра гэта ведаць, але вы паспрабуйце калі-небудзь туды дазваніцца! Не ўпэўнена, што ў вас хопіць сіл і цярпення гэта зрабіць: увесь час то трапляеш “не туды”, то чакаць трэба ледзь не паўгадзіны – а ў выніку жаданы тэлефонны нумар усё роўна не атрымаеш. Шчыра скажу – і гэта не толькі маё меркаванне: калі даведачная служба была ў Астраўцы, па 09 дазваніцца было куды прасцей і лягчэй, ды інфармацыя адпавядала сапраўднасці. А зараз – адны нервы!

Праблему мог бы вырашыць новы тэлефонны даведнік Астраўца і Астравецкага раёна – але выдаваць яго чамусьці не спяшаюцца. Вось і атрымліваецца, што патрэбны нумар тэлефона трэба вышукваць, нібы дэтэктыву – праз знаёмых і сяброў знаёмых. Каму і навошта гэта патрэбна? Калі ўжо цэнтралізавалі ўсе паслугі Белтэлекама ў Гродне – то трэба гарантаваць іх якасць.


-------------------------------------------------

Ганна Андралойць, г. Астравец.