Інтэрв'ю з нагоды: з 1 чэрвеня ў дзіцячай школе мастацтваў распачаўся набор навучэнцаў
Здаецца, не так даўно навучэнцы Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў на выніковым канцэрце “Вясеннія сустрэчы” дэманстравалі бацькам, настаўнікам, сябрам, што за гэты год яны многаму навучыліся: пальчыкі хутчэй бегаюць па клавішах, пэндзаль стаў больш паслухмяным, а ножкі з упэўненасцю скачуць “Тапатуху”. Празвінеў апошні званок – і разляцеліся вучні, хто куды, каб набрацца сіл, адпачыць і зноў сустрэцца ў новым навучальным годзе.
А для кагосьці гэта сустрэча стане першай. З 1 чэрвеня ў Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў распачаўся набор навучэнцаў на розныя спецыяльнасці. З гэтай нагоды мы вырашылі пагутарыць з яе дырэктарам Генрыхам Францавічам ВОЛЧЭКАМ.
– На якія аддзяленні можна паступаць у гэтым годзе ў Астравецкую дзіцячую школу мастацтваў? Ці плануеце адкрыць новыя класы?
– Мы набіраем дзетак на харавое, харэаграфічнае, мастацкае, тэатральнае аддзяленні, а таксама на інструментальнае аддзяленне па класах баяна, акардэона, фартэпіяна, домры, цымбалаў, гітары, скрыпкі, медных духавых інструментаў.
З новага навучальнага года плануем адкрыць новы клас драўляных духавых інструментаў – хутчэй за ўсё гэта будзе флейта.
– А калі, да прыкладу, бацькі хочуць, каб іх дзіцяці займалася і танцамі, і іграла на фартэпіяна. Ёсць такая магчымасць?
– Вы паступаеце на адно аддзяленне, а потым можаце выбраць яшчэ адзін прадмет ці дадатковы інструмент па жаданню. На плату гэта ніяк не ўплывае. Тыя, хто вучацца на інструментальным аддзяленні, часцей за ўсё выбіраюць другі інструмент. А харавікам пажадана ўмець іграць на фартэпіяна, таму мы ім рэкамендуем у якасці дадатковага прадмета менавіта гэты інструмент, які да таго ж з’яўляецца абавязковым ва ўсіх музыкальных каледжах і вучылішчах.
– Дарэчы, колькі гадоў трэба вучыцца ў школе мастацтваў?
– Ад пяці да сямі гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці і ўзросту. Канешне, калі дзеці прыйшлі да нас у пятым класе, мы ім прапаноўваем пяцігадовую сістэму навучання, але лічыцца за лепшае вучыцца сем гадоў – веды будуць больш трывалыя.
– І з якога ўзросту варта пачынаць?
– Чым раней – тым лепей. Мы прымаем вучняў ужо з сямі-васьмі гадоў. Галоўнае, каб яны ўмелі чытаць і пісаць – трэба ж запісваць дамашняе заданне. А ўвогуле лічыцца, што эстэтычную адукацыю дзіцяці трэба пачынаць яшчэ да яго нараджэння.
Заняткі на любым аддзяленні школы мастацтваў прыносяць дзіцяці эстэтычнае, духоўнае развіццё. Нагрузка невялікая – ад 8 гадзін у тыдзень для малодшых класаў да 9-11 гадзін у старэйшых. А вынік не прымусіць сябе чакаць. Любы вучань, які наведвае школу мастацтваў, заўсёды духоўна больш багаты і яркі, а яго ўнутраны свет больш разнастайны і цікавы.
– А калі, да прыкладу, у дзіцяці няма ярка выражанага таленту – хто можа дапамагчы з выбарам спецыяльнасці?
– На экзаменах што-небудзь прадказаць увогуле немагчыма. Часта на праслухоўванні дзіця губляецца, і можа нават падацца, што перад табой абсалютна няздольны вучань без слыху і голасу. Але за гады карпатлівай працы ён ператвараецца ў сапраўдную кветку, якая поўнасцю раскрываецца і радуе нас, настаўнікаў і бацькоў, прыгожымі, рознакаляровымі, таленавітымі пялёсткамі. А здараецца і наадварот: прыходзіць дзіця, а праз некаторы час з-за ляноты ён “перагарае” — і нічога добрага не атрымліваецца. Сакрэт поспеху – гэта 99 працэнтаў працаздольнасці і 1 працэнт таленту. Такім чынам, калі рабяты стараюцца, то перад імі адчынены дзверы любога аддзялення.
– Ці ёсць у вас падрыхтоўчыя курсы ці якія-небудзь гурткі для тых, хто збіраецца паступаць у школу мастацтваў?
– На жаль, падрыхтоўчых курсаў у нас няма. Затое для маленькіх дзяцей 4-5 гадоў у нас дзейнічае эстэтычны клас, дзе праходзяць заняткі па маляванню і харавых спевах. І бацьки могуць ужо з ранняга ўзросту прывучаць дзіця да прыгожага.
– Якія мерапрыемствы традыцыйна праводзяцца ў школе мастацтваў? У якіх конкурсах удзельнічаюць вашы навучэнцы?
– Канцэртнае жыццё ў нас бурнае. У канцы навучальнага года традыцыйна праводзім справаздачны канцэрт “Вясеннія сустрэчы”. Па выніках першай і трэцяй вучэбных чвэрцяў рыхтуем бацькоўскія сходы з канцэртамі. Час ад часу праводзім лекцыі-канцэрты, мерапрыемствы, прысвечаныя розным кампазітарам, музыкальныя гасцёўні, канцэрты “У свеце музыкі”. А нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у розных конкурсах, прывозяць граматы і дыпломы. Вось зусім нядаўна наша вучаніца Даша Рэвака, якая скончыла 2 клас мастацкага аддзялення, атрымала перамогу на міжнародным конкурсе. З 26 па 30 мая ў Клімавічах праходзіў 10 Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая птушка”, і наша Даша перамагла ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Такім чынам, я яшчэ раз запрашаю ўсіх жадаючых паступаць да нас у школу мастацтваў. Нават калі дзеці не звяжуць потым з мастацтвам жыццё, гэта карысна для іх агульнага развіцця, для эстэтычнай адукацыі і ўзбагачэння ўнутранага свету!
Гутарыла Вольга ШОЎКУН.