Новыя перамогі астравецкіх школьнікаў








Чацвёрты этап абласнога конкурсу “Поры года” ў намінацыі “Восень” прынёс прызавое месца выхаванцам Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы.

З 57 здымкаў, якія ўдзельнічалі ў раённым этапе конкурсу, адзінаццаць аўтараў работ былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені, а работы пераможцаў былі накіраваны на абласны этап.
Праўда, толькі адзін здымак, аўтарам якога была Аліна Баніцэвіч, прыйшоўся даспадобы абласному журы, і Аліна была ўзнагароджана дыпломам другой ступені. “Айсберг” – менавіта такую назву насіў фотаздымак – зачараваў уяўленне не толькі юнага фатографа, але і абласнога журы.
Дарэчы, гурток “Фатаграфія”, які працуе ў цэнтры першы год, Аліна наведвае толькі некалькі месяцаў, але ўжо змагла дасягнуць пэўных навыкаў і атрымаць заслужаную ўзнагароду. З чым мы яе і віншуем!



*****

Заўважылі работы нашых школьнікаў і на штогадовым абласным конкурсе-выставе фітадызайну “Лёд. Кветкі. Фантазія.”


Вырабы нашых таленавітых школьнікаў удзельнічалі ў чатырох намінацыях абласнога конкурсу – і заваявалі тры прызавыя месцы.
Фларыстычныя насценныя гадзіннікі з саломкі, створаныя рукамі выхаванцаў гуртка “Ачумелыя ручкі” пад кіраўніцтвам В.В. Віннічак, атрымалі дыплом у намінацыі “На гадзінніку 12 без пяці”. А дзве цудоўныя настольныя кампазіцыі ў намінацыі “Падарунак да Ражаства”, якія падрыхтавалі школьніцы, што наведваюць гурткі “Чароўная пацерка” (кіраўнік – Н.В. Рынковіч) і “Фантазія” (А.М. Букель), таксама былі ўдастоены ўзнагарод – атрымалі дыпломы трэцяй ступені.



*****

Канец года прынёс яшчэ адну перамогу педагогам цэнтра пазашкольнай работы. Кіраўнік гуртка “Чароўная пацерка” Н.В. Рынковіч удзельнічала ў абласным конкурсе адукацыйных праграм па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.


І ў выніку аўтарская распрацоўка Наталлі Вацлаваўны стала лепшай праграмай па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэта і не дзіўна: па сваёй праграме Н.В. Рынковіч працуе ўжо трэці год, і штогод яе выхаванцы дасягаюць высокіх вынікаў на раённых і абласных конкурсах.
Цяпер аўтарская праграма Н.В. Рынковіч разглядаецца рэспубліканскім журы, і, будзем спадзявацца, атрымае іх адабрэнне.


Алена ЯРАШЭВІЧ.