Новый детский сад в Малях смогут посещать дошкольники из Островца и ближайших деревень

2 верасня Мальскі дзіцячы сад – базавая школа будзе рэарганізаваны ў Мальскі дзіцячы сад – пачатковую школу, наведваць які змогуць не толькі дашкольнікі з Маляў, але і дзеткі з Астраўца і бліжэйшых вёсак.
Пра тое, як будуць арганізаваны наведванне дзіцячага садка ў Малях і дастаўка дзяцей у яго, мы вырашылі распытаць у начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталлі Іосіфаўны Станкевіч.

– Чаму было прынята рашэнне рэарганізаваць Мальскую базавую школу ў пачатковую школу – дзіцячы сад?
– У першую чаргу гэта было зроблена для таго, каб ліквідаваць чаргу на прадастаўленне дзіцячых месцаў у дашкольных установах Астраўца. У выніку ў Мальскім НПК будзе адкрыта пяць новых груп – а гэта значыць, што 100 дзетак змогуць пайсці ў садок, а іх мамы – на работу. Прычым, дашкольная ўстанова знаходзіцца ў чатырохкіламетровай зоне ад цэнтра Астраўца, і таму ніякіх праблем узнікнуць не павінна.
– Як аднесліся да такой перспектывы бацькі вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, якія тут вучыліся? Дзе яны будуць вучыцца? Ці працаўладкаваны настаўнікі?
– Рэарганізацыя базавай школы ў пачатковую прайшла спакойна. Вучням была прадастаўлена магчымасць вучыцца ў гарадскіх сярэдняй школе №1 і гімназіі №1, а таксама ў Варнянскім НПК. Тыя, хто выбраў гімназію, павінны былі здаць іспыты – і сёння школьнікі з Маляў залічаны ў 6, 8, 10 класы гэтай установы.
Некалькі школьнікаў падалі дакументы ў Варнянскі НПК – у 5, 6 і 7 класы. Астатнія вырашылі пайсці ў СШ №1. Дабірацца ў Астравец школьнікі будуць бясплатна – усім ім выдадуць праяздныя білеты. Такая практыка ўжо існавала ў Мальскім НПК. Вучні старэйшых класаў вучыліся ў гарадскіх школах і без праблем дабіраліся на вучобу і вярталіся назад.
Што датычыцца настаўнікаў, то ўсім ім былі прапанаваны працоўныя месцы ў іншых школах. Былі сярод іх і такія, хто вырашыў звольніцца, цяпер яны самастойна працаўладкоўваюцца ў іншыя сферы.
– Што ўжо сёння зроблена ў Мальскім дзіцячым садку – пачатковай школе?
– На сёння рамонт закончаны. Да двух груп, якія працавалі ў Малях, дадалося яшчэ пяць новых. Былі падрыхтаваны кабінеты, зроблены буфетныя пакоі, перароблены санвузлы. З фонду старшыні райвыканкама А.Д. Кавалькі была закуплена новая мэбля. Акрамя гэтага набылі новыя цацкі, пасцельныя рэчы, кухонны посуд і неабходнае абсталяванне. Думаю, што дзеткі, а таксама і іх бацькі будуць прыходзіць сюды з задавальненнем.
– Наколькі мне вядома, і гэта праблема не раз падымалася на старонках “Астравецкай праўды”, жадаючых наведваць дзіцячыя садкі ў Астраўцы вельмі шмат. Але задаволіць запыты бацькоў і дзяцей у горадзе практычна немагчыма. А ці ёсць жадаючыя з ліку гарадскіх жыхароў адправіць дзяцей у дзіцячы сад вёскі Малі?
– Паўтаруся, дзіцячы сад знаходзіцца ў чатырохкіламетровай зоне ад цэнтра горада. І на сёння такія жадаючыя ёсць. Іх 74. Але кожны дзень звесткі змяняюцца. Наведваць дзіцячы сад у вёсцы Малі могуць і будуць не толькі гарадскія дзеці, але і дашкольнікі з бліжэйшых вёсак – гэта Палушы, Кялёйці, Ліпнішкі, Кумпяны, Кавалі, Дайлідкі, Мікшаны, Новыя Якентаны.
– Дарэчы, яшчэ адно з актуальных пытанняў: як яны будуць дабірацца ў дзіцячы садок і вяртацца з яго? Будзе арганізаваны падвоз, як гэта было зроблена тады, калі дзіцячы садок у Гудагаі быў зачынены, а дзяцей сталі падвозіць у Палушы, ці бацькам давядзецца самім дастаўляць дзяцей у Малі і забіраць іх назад?
– На сёння падвоз неабходна арганізаваць для сямі дзяцей, якія жывуць у вёсках. Але зноў жа паўтаруся – звесткі мяняюцца кожны дзень. Іх будзем падвозіць да Астраўца на мікрааўтобусе. Задзейнічаць вялікі аўтобус мы не можам – яго ў нас проста няма. З Астраўца ў Малі дашкольнікаў будуць падвозіць гарадскім аўтобусам. Са сваімі дзецьмі могуць ездзіць і бацькі. Напачатку ў аўтобусе абавязкова будуць прысутнічаць выхавальніцы, якія прыгледзяць за дзецьмі і ў выпадку неабходнасці дапамогуць бацькам.
Рабочы дзень у садку пачынаецца ў 7.45. Але мы вывучаем запыты бацькоў і пры неабходнасці можам адкрыць адну дзяжурную групу, якая будзе працаваць з сямі гадзін раніцы. Рабочы дзень можна прадоўжыць і вечарам. У любым выпадку ўсе запыты бацькоў будуць вывучацца, і кампраміс будзе знойдзены. Сёння важна тое, што дзеці змогуць пайсці ў садок, а бацькі – выйсці на работу. І праблема з недахопам месцаў у дашкольных установах горада будзе знята.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.



Постфактум


Кіраўніцтва раёна і аддзела адукацыі зрабіла добрую справу. Рэарганізацыя Мальскага дзіцячага садка-базавай школы ў дзіцячы садок – пачатковую школу на сёння вырашыла амаль усе праблемы з чэргамі ў дашкольныя ўстановы Астраўца. Цяпер малышы змогуць атрымліваць дашкольную адукацыю і выхаванне ў садку, а іх мамы адправяцца на свае працоўныя месцы. Кампраміс знойдзены – усе павінны быць задаволены. І тым не менш незадаволеныя засталіся.
– А вы б хацелі, каб ваша дзіця пайшло не ў адзін з гарадскіх садкоў, а ў Малі? – спытала мяне адна з мам.
Прызнаюся шчыра: пытанне ўвяло мяне, як сказала б моладзь, у ступар. Па-першае, дзяцей дашкольнага ўзросту ў мяне няма, а па-другое, такое пытанне перада мной ніколі не паўставала. Але, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, адказваю: калі іншага выйсця няма, то чаму б і не?
Зразумела, што значна прасцей завесці дзіця ў адзін з гарадскіх садкоў – не трэба рана ўставаць, бегчы на аўтобус, вечарам жа забіраць свайго сына ці дачку можна ў любы час, а не ехаць у Малі на ўласнай машыне ці прыстройвацца да часу адпраўлення гарадскога аўтобуса.
Пагаджуся, што любое новаўвядзенне прымаецца з недаверам ці страхам. Напэўна таму многія бацькі пакуль што ўспрымаюць прапанову адправіць дзяцей у Малі, а не ў адзін з астравецкіх садкоў, не зусім станоўча.
І тым не менш – справа зроблена. І зроблена добра. У рэарганізацыю ўкладзены грошы. Дашкольнікі будуць праводзіць час у прасторных, чыстых памяшканнях, гуляць з новымі цацкамі… А мамы ў гэты час са спакойнай душой могуць выйсці на работу. Няўжо гэта не тое, чаго вам так хацелася, дарагія мамы і таты?
Зноў жа правяду аналогіі з вялікімі гарадамі, дзе дзяцей даводзіцца падвозіць у садкі не за чатыры кіламетры, як гэта будзе ў Астраўцы, а на значна большыя адлегласці. І пры гэтым ніхто не скардзіцца і не пытаецца: а чаму менавіта маё дзіця павінна пайсці ў гэты садок?
І спадзяюся, што ў бліжэйшай будучыні многія бацькі пашкадуюць аб тым, што некалі сумняваліся ў правільнасці свайго рашэння.


У суботу, 31 жніўня, у 11.00 усіх бацькоў, дзеці якіх будуць наведваць дзіцячы садок у Малях, і тых, якія яшчэ не прынялі рашэнне на карысць
Мальскага дзіцячага садка, адміністрацыя запрашае на бацькоўскі сход.
Падчас яго можна будзе пазнаёміцца, паглядзець групы, у якіх будуць займацца дзеці, і вырашыць усе арганізацыйныя пытанні.
Для залічэння дзіцяці ў садок неабходна прадставіць накіраванне, выдадзенае аддзелам адукацыі, і медыцынскую даведку аб праходжанні медыцынскай камісіі.
Цікавячыя вас пытанні можна таксама задаць па тэлефонах: 35-2-43, 8-029-347-62-02.