Новогодние праздники продолжаются
Хто сказаў, што цуды заканчваюцца пасля Новага года? Калі ў іх верыць, яны будуць працягвацца і далей. А калі верыць моцна – нават на працягу ўсяго года.Вось і ў дзіцячы сацыяльны прытулак Астравецкага раёна напярэдадні Новага года завіталі прадстаўнікі многіх устаноў і арганізацый Астравеччыны. Спявалі, вадзілі карагоды, віншавалі і дарылі смачныя і карысныя падарункі. Аднак свята мінула, збыліся мары, і, здаецца, чакаць больш няма чаго.
Ды толькі як бы не так! У госці да дзетак у прытулак зноў завіталі госці. Ды яшчэ якія! Казачныя, вясёлыя, чароўныя. Снегавік-жартаўнік забаўляў гульнямі, Снягурачка з Дзедам Марозам вадзілі разам з дзецьмі карагоды, спявалі песенькі, загадвалі загадкі. А затым да дружнай кампаніі далучыўся і сімвал наступіўшага года – прыгожая Каза, з якой можна было сфатаграфавацца, а потым абняць і загадаць жаданне. Аднак казачныя героі не справіліся б без дапамогі работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама БРСМ і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якія прынялі ў мерапрыемстве актыўны ўдзел.
І зноў вочы дзяцей свяціліся радасцю і цікавасцю. Кожны атрымаў падарунак – і надзею, што іх новыя жаданні таксама збудуцца.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
