Норвежцы отправили островчанку в Казахстан

Амаль тры гады Мальскі НПК актыўна супрацоўнічае з арганізацыяй ШПІРЭ, якая курыруе школьны праект выкарыстання рэсурсаў і энергіі. Незвычайны школьны праект па энергазберажэнні быў пачаты па ініцыятыве Нарвежскага таварыства аховы прыроды ў 1996 годзе. Сёння яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 17 краін, з 2009 года ў ШПІРЭ ўваходзіць і Беларусь.

Сёлета за шматгадовую і плённую працу са ШПІРЭ, актыўны ўдзел у конкурсах і дасягненні ў даследчых праектах нарвежскае прадстаўніцтва SPARE ў Беларусі ўзнагародзіла лепшых беларускіх педагогаў з розных куткоў нашай краіны наведваннем міжнароднага педагагічнага форума ў Казахстане. Жанна Лаўрэцкая з Астраўца, Надзея Лебедзева з Гомеля, Людміла Бялецкая з Белаазёрска і прэс-сакратар “ЭкаПартнёрства” Алеся Чумакова адправіліся на тыдзень у цікавае педагагічнае падарожжа.

Сталіца Казахстана –Астана – сустрэла нас тысячамі агеньчыкаў і ранішняй прахалодай. Стомленыя, але натхнёныя новымі ўражаннямі, зачараваныя высотнымі будынкамі розных памераў і формаў, мы назіралі за гарадскімі пейзажамі праз акно аўтамабіля, які імчаў нас у атэль.

Наступны дзень сумесна з прадстаўніком SPARE ў Казахстане Ірынай Масквічовай і педагогамі з Малдовы і Украіны мы правялі ў Астане: гулялі па вялікім, але ў той жа час маладым горадзе.

Больш за ўсё здзівіў нас сваёй веліччу і прыгажосцю сімвал Астаны – Байтарэк: 95-метровы манументальны комплекс, які знаходзіцца ў цэнтры горада, сімвалізуе дрэва жыцця, якое сваімі каранямі ўтрымліваецца за зямлю, а галінамі падпірае неба. Кожны год Святая птушка Самрук адкладвае яйка – Сонца. Байтарэк лічыцца сімвалам новага этапа ў жыцці казахскага народа. Аглядная пляцоўка адкрывае прыгожы від на горад, дзе раскінуліся сапраўдныя кветкавыя палі, высаджаныя рукамі людзей, а ноччу манументальны

комплекс асвятляецца тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў.

Здзівілі і будынкі: “бочкі”, “двайняты”, “запалка” і іншыя, зробленыя са шкла. Здаецца, што сваімі дахамі яны ўпіраюцца ў неба. А больш за ўсё ўражваюць турыстаў вялізныя шары з кветак і фантаны, якія ноччу пераліваюцца рознымі колерамі вясёлкі.

Дзень падарожжаў па Астане праляцеў хутка. Наступнай раніцай мы на камфартабельным аўтобусе адправіліся ў курортны пасёлак Бурабай, што знаходзіцца на паўночным захадзе краіны.

Перад нашымі вачамі раскінуліся раўніны і палі, і нават не верылася, што мы знаходзімся ў трох з паловай тысячах кіламетраў ад роднай Беларусі. Чым далей імчаў нас аўтобус, тым больш змяняліся краявіды. Спачатку мы ўбачылі ўзгоркі, потым – самыя сапраўдныя горы. Перад Бурабаем разлілося вялікае возера – яно заваражыла нас цішынёй і спакоем. Гэтаму настрою адпавядала і яго назва – Святое возера Бурабай. Здавалася, прыгажэйшых мясцін мы ніколі не бачылі. Але самае цікавае было наперадзе.

Акрамя падарожжаў і ўражанняў, якія мы атрымалі падчас пераезду, нас чакала плённая і творчая праца на педагагічным форуме.

Яго праграма ўключала ў сябе прэзентацыі работы ўстаноў адукацыі ў рамках ШПІРЭ, майстар-класы і вечарыны сяброўства. Знаёмства з удзельнікамі форума пачалося яшчэ ў аўтобусе: усім было цікава даведацца, з якой краіны мы прыехалі, чым займаемся і якія ўражанні атрымалі ад Казахстана.

У першы дзень міжнароднага форума мы пазнаёміліся з яго арганізатарам Ірынай Ігнатовіч: вясёлая, адкрытая і добразычлівая жанчына вітала ўдзельнікаў мерапрыемства шчырай усмешкай.

Спачатку работу са ШПІРЭ прэзентавалі каардынатар праекта ў Малдове Наталля Халаім і прэс-сакратар Беларусі Алеся Чумакова, а ўжо затым мы, педагогі, што працуюць у школах Беларусі. І калі напачатку выступлення адчувалася сарамлівасць, то, чым далей мы расказвалі пра сваю работу, тым больш натхнёна, аддана і з гонарам гаварылі аб сваіх перамогах і дасягненнях. Усе ўдзельнікі ўважліва слухалі, а затым распытвалі аб тым, што найбольш зацікавіла.

Афіцыйная частка выступлення завяршылася вечарынай сяброўства Украіны, падчас якой мы пазнаёміліся з традыцыямі і гісторыяй краіны-суседкі Беларусі. Мы спявалі песні, танцавалі і атрымлівалі асалоду ад сустрэчы і знаёмства. Акрамя гэтага, каардынатар з Малдовы Наталля прапанавала прыняць удзел у творчым конкурсе: яна раздала жадаючым сумкі з экалагічнага матэрыялу са сваім лагатыпам. Кожны, хто яе атрымаў, павінен быў за тры дні намаляваць малюнак на экалагічную тэматыку і прадставіць яго. Такое ж заданне атрымалі і беларускія педагогі.

Другі дзень пачаўся з падарожжа па жамчужыне Казахстана – Бурабаі. Прыгажосць, якая прадстала перад намі, калі мы толькі прыехалі, аказалася маленькай кропелькай у сапраўднай велічы гэтага месца.

На тэрыторыі Нацыянальнага парка Бурабай размешчаны тры возеры і горы, якія сваімі вяршынямі рассякалі аблокі на небе, – яны здаваліся магутнымі волатамі. Серпантын дарогі падымаў нас вышэй і вышэй. Нас пазнаёмілі з “Яснай палянай” і “Капітанскім мастком”, расказалі легенды пра горы, падобныя на вярблюда, сланяня, трох сясцёр і на танк. Больш усяго мне спадабалася невялікая скала, якая размяшчалася ў цэнтры Святога возера і сваімі абрысамі нагадвала маладую дзяўчыну з прыгожым тварам. А калі паглядзець на яе з другога боку, можна ўбачыць выяву героя легендарнага мультфільма – Кракадзіла Гены. Сасновы бор, чыстае паветра і прыветлівыя людзі – усё гэта радавала і стварала атмасферу дабрыні. Таму добразычлівасць і ўсмешкі, адданасць сваёй працы і гонар за работу панавалі на форуме.

І вось настала вечарына сяброўства Беларусі. Увазе гасцей мы прапанавалі два відэафільмы пра гістарычную і сучасную Беларусь і пачаставалі ўсіх беларускімі цукеркамі фабрыкі “Камунарка”. Мілагучная беларуская мова зачаравала прысутных: усе разумелі нас без перакладчыка, многія спрабавалі гаварыць па-беларуску. Кожны ўдзельнік форума атрымаў падарунак – гульню “Экабатл”, якая распрацавана праектам ШПІРЭ ў Беларусі. Шчырыя словы падзякі за запрашэнне і падарункі на памяць парадавалі арганізатараў праекта.

Затым сваю краіну прадставіла малдаўская дэлегацыя: яны спявалі песні, частавалі стравамі нацыянальнай кухні і пазнаёмілі нас з малдаўскімі народнымі гульнямі. Здавалася, што мы знаходзімся ў родным доме:

было ўтульна, гасцінна і спакойна.

Трэці дзень форума здзівіў і ў той жа час парадаваў удзельнікаў: нас запрасіла ў госці адміністрацыя сярэдняй школы імя Сакена Сейфулліна пасёлка Бурабай.

Для Для мяне, як для дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Мальскі дзіцячы садпачатковая школа”, гэта знаёмства прынесла шмат карысці.

Пры планаванні паездкі я спадзявалася, што змагу наведаць адну са школ Казахстана і, калі атрымаецца, наладзіць з ёй супрацоўніцтва. Мая мара ажыццявілася: тут я пазнаёмілася з дырэктарам і яго намеснікам, шчырымі і адкрытымі педагогамі і энтузіястамі сваёй справы. Адразу завязалася размова, з якой я даведалася, што карані намесніка дырэктара знаходзяцца ў Беларусі. Шчырая размова і дзіцячыя ўспаміны стварылі атмасферу адкрытасці, што, спадзяюся, будзе садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву дзвюх школ такіх розных і далёкіх краін, Беларусі і Казахстана, якія, аднак, аб’яднаны адной справай  - энергазберажэннем і ўдзелам у міжнародным праекце SPARE.

У школе казахскія педагогі прэзентавалі сваю работу ў рамках праекта ШПІРЭ, пазнаёмілі з новымі ідэямі і бачаннем праблем энергазберажэння, далі нам новыя веды, знаёмствы і эмоцыі.

Сустрэча завяршылася, але наперадзе нас чакалі майстар-класы. Настаўнікі аб’ядналіся ў групы па інтарэсах і прадэманстравалі гульні і распрацоўкі, якія кожны выкарыстоўвае падчас правядзення ўрокаў, факультатываў і мерапрыемстваў.

Беларусы прымалі актыўны ўдзел у майстар-класе педагога дадатковай адукацыі з Казахстана Андрэя. Мы з пластмасавых бутэлек, ёлачнай гірлянды і зламанага парасона стварылі прыгожы букет кветак, які мігціць агеньчыкамі і радуе вока. Заданні былі розныя: легкія і цяжкія, жартоўныя і сур’ёзныя, дзіцячыя і для дарослых – і ўсе яны прапагандавалі ідэі энергазберажэння.

Набліжаўся вечар, а разам з ім і вечарына сяброўства, якую арганізоўвалі нашы казахскія калегі. Мы паспыталі кумыс, паглядзелі цікавае прадстаўленне, даведаліся пра традыцыі і звычаі казахскага народа і нават развучылі іх народны танец. Але падышоў час развітвацца з Бурабаем. Арганізатары форума выказалі шчырыя словы падзякі за працу і абмен вопытам. Кожны педагог атрымаў сертыфікат удзельніка міжнароднага педагагічнага форума, на памяць засталася і распісаная ўласнымі рукамі экалагічная сумка.

Тры дні, падчас якіх мы сталі амаль што сям’ёй, праляцелі як адно імгненне. Мы ўсе розныя, але ў нас аднолькавыя ідэі, жаданні і мары. І на развітанне мы гаварылі адзін аднаму “Да сустрэчы!”. Акрамя сувеніраў і падарункаў для родных, кожны ўдзельнік вёз з сабой цэлы “мех” ідэй, якімі мы абмяняліся на педагагічным форуме.

Да сустрэчы, Астана! Да сустрэчы, новыя сябры! Дзякуй вам за цёплы прыём, арганізатары міжнароднага педагагічнага форума ў Казахстане! Дзякуй вам, каардынатары праекта ШПІРЭ ў Беларусі, за магчымасць убачыць далёкую краіну і знайсці новых сяброў далёка за межамі нашай краіны!

Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ.