Ничто не заменит родительскую любовь и помощь ближнего

под зонтом добраПад парасонам дабра... сабраліся ў Астравецкім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі яго маленькія выхаванцы і іх бацькі ў Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі – каб акунуцца ў атмасферу цеплыні і клопату, падзяліцца праблемамі, атрымаць параду і з разумець, што ніякія абмежаванні не могуць засланіць бацькоўскую любоў і дапамогу бліжняга.

У гэты дзень выхаванцаў цэнтра чакала шмат сюрпрызаў. На парозе з пажаданнямі прыемнага дня і добрага настрою гасцей сустракалі рознакаляровымі паветранымі шарыкамі. Далей дзяцей чакала цікавая гульнёва-забаўляльная праграма. А дзякуючы добрым сябрам-прадпрымальнікам Ю. Грыневічу, В. Міхцееву, Я. Міхціеву, І. Рынкевічу для гасцей быў накрыты салодкі стол і дзеці атрымалі маленькія сувеніры.
Гавораць, што дзеці з абмежаванымі магчымасцямі – анёлы зямлі. Іх выхаванне патрабуе шмат увагі, пяшчоты і клопату, але нягледзячы на паўсядзённыя справы бацькі гэтых маленькіх анёлаў рэгулярна збіраюцца разам на пасяджэнне клуба “Надзея”. На гэты раз да іх на агеньчык завітала загадчык юрыдычнай кансультацыі С. Лось, якая расказала пра сацыяльныя льготы і гарантыі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, і запрасіла пры неабходнасці звяртацца за юрыдычнай дапамогай, якая для такіх сямей аказваецца бясплатна.
Пра асноўныя напрамкі і формы работы з маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі прысутныя даведаліся з выступлення загадчыцы дзённага аддзялення для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С. Куцько.
Цёплую атмасферу і добры настрой стварылі трэнінгавыя практыкаванні педагога-псіхолага Н. Блахіной. На працягу сустрэчы ўдзельнікі маглі завітаць у “фітабар” і пачаставацца духмянымі травянымі напоямі. А на развітанне кожны з прысутных атрымаў на памяць сімвалічнае сэрцайка – маленькую часцінку вялікага агульнага сэрца дабрыні, любові і надзеі.
Кожнае, без выключэння, дзіця хоча быць шчаслівым. А шчаслівае яно ад таго, што акружана клопатам і ўвагай з боку блізкіх і родных людзей.
“Пад парасонам дабра” сабраліся не толькі дзеці, бацькі і педагогі, але і своеасаблівыя “анёлы-ахоўнікі” – спонсары, дзякуючы якім у карэкцыйным цэнтры адноўлена дзіцячая гульнявая пляцоўка. Акрамя гэтага, на ахвяраванні кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў «ДзяткоБуд» А. Дзятко і «ТвойБуд» С. Кабарды ў цэнтры з'явілася горка і гульнявы комплекс. У гэтым годзе да добрых спраў далучыліся яшчэ два “добрыя анёлы”: ТАА «ВіслаБуд» (дырэктар В. Захарэвіч) і ТАА «Тэхнапласт» ( дырэктар І . Сняжко). Хочацца ўсім ім шчыра падзякаваць за дапамогу і падтрымку.

------------------------------------------------------
А. Кузьміцкая, сацыяльны педагог раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.