В Островце прошёл фестиваль молодых специалистов сферы образования

15:18 / 08.06.2016
1678308-1Дзясяты, юбілейны, фестываль маладых спецыялістаў, арганізатарам і ідэйным натхняльнікам якога стала метадыст аддзела адукацыі Ларыса Леанідаўна Кетрыс, прайшоў у Астраўцы. Яго ўдзельнікамі сталі маладыя педагогі, якія адпрацавалі ў школе па аднаму і два гады, а таксама масцітыя  настаўнікі, якія вырашылі падзяліцца з моладдзю сваімі напрацоўкамі і вопытам.

– Справы і думкі знаходзяць сэнс, калі выбраў прафесію па душы. А вы, упэўнена, зрабілі гэта па закліку сэрца. На вас ускладвае спадзяванні наша краіна, ад вас залежыць яе будучыня, стабільнасць, моц і росквіт. Наш раён стаў для вас стартавай пляцоўкай у дасягненні педагагічных вышынь. З гонарам нясіце званне настаўніка Астравеччыны. Жадаю вам творчасці, а фестывалю – даўгалецця, – прывітала маладых педагогаў і ўдзельнікаў мерапрыемства намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко.

“Прафесія, лёсам дадзеная” – пад такім дэвізам прайшло выступленне намесніка дырэктара СШ №1 Тарэсы Рамуальдаўны Рудзінскай, якая расказала, як ва ўстанове працуюць з маладымі спецыялістамі. Такіх тут – сем: маладых, энергічных, абаяльных, яшчэ не майстраў, але ўжо і не навічкоў, бо за плячыма маладых спецыялістаў шмат праведзеных урокаў, класных мерапрыемстваў, выступленняў. А самая лепшая ўзнагарода – словы ўдзячнасці ад вучняў.  Яны прагучалі ў відэароліку ў адрас Яўгеніі Віктараўны Ціхановіч.

– У тым, што я сёння ўмею і ведаю, вялікая заслуга маёй любімай настаўніцы Наталлі Валянцінаўны Ярмак, якая працуе ў Міхалішкаўскай школе, – расказала малады спецыяліст СШ №2 Яўгенія Сяргееўна Лаздоўская. – Першыя крокі былі нялёгкімі, але я іх пераадолела і пайду далей у прафесійным жыцці, таму што сёння побач са мной таленавітыя калегі і адміністрацыя.

У тым, што другі год педагагічнай дзейнасці атрымаўся цікавым і пазнавальным, сёння ўпэўнена настаўніца пачатковых класаў Міхалішкаўскай школы Алена Анатольеўна Мешкель. На працягу года педагога радавалі яе першакласнікі, задавальнялі месца працы і калектыў.

Малады фізік Гудагайскай школы Уладзімір Мікалаевіч Крывец, адпрацаваўшы першы год, падзяліўся сваімі задумамі па далейшаму прафесійнаму росту і прапанаваў унесці ў дыплом графу “майстар справы па ўсяму”.

Не менш цікавай стала і другая частка мерапрыемства, падчас якой вопытныя настаўнікі Астравеччыны – Л.І. Віткевіч, Т.У. Чыжэўская, Т.І. Качкан, І.М. Жалток, А.Д. Безукойць – правялі майстар-класы для маладых спецыялістаў, а тыя на ўрок ператварыліся ў вучняў.

Напрыканцы фестывалю ўсе маладыя спецыялісты атрымалі з рук намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алесі Казіміраўны Кашко і старшыні прафсаюзнага камітэта Ларысы Васільеўны Ярмоліч сертыфікаты аб праходжанні стажорскай практыкі.

Алена СВЕТЛАЯ.