Неделя postfactum: проживём и без "чернила"?

1

Аматарам пладова-ягадных він, вядомых у народзе, як “чарніла” і “барматуха”, урад падрыхтаваў навагодні “падарунак” – з 1 студзеня 2013 года вытворчасць спіртных напояў гэтай катэгорыі спыняецца. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў №1081 ад 27 лістапада 2012 года.
Такім чынам, сустрэць Новы год аматары “чарніла” яшчэ змогуць з любімым напоем, а вось на апахмелку прыйдзецца купляць гарэлку, віно высокай якасці альбо запасацца “барматухай” зараней.


Мэтазгоднасць вытворчасці і продажу дадзенай прадукцыі з’яўляецца прадметам спрэчак, напэўна, столькі, колькі існуе сам прадукт – нізкаякасны, затое моцны і даступны па грошах.
З-за сваёй даступнасці, а таксама эфектыўнасці дзеяння, якая абумоўлена высокім працэнтам утрымання спірту, пераважна “чарнілам” народ і співаецца. Спадарожна разбураючы ўласныя сем’і, утвараючы дамашняе насілле, здзяйсняючы правапарушэнні, памнажаючы сацыяльнае сіроцтва…
Марка напою звычайна значэння не мае, хоць у гандлёвай сетцы прадукцыя і прадстаўлена ў шырокім асартыменце.
“Вялікую!” ці “Малую!” – звычайна просіць пакупнік – і прадавец беспамылкова ставіць на прылавак патрэбную пляшку. “Вялікая” – гэта значыць аб’ёмам у 0,7 літраў. “Малая” палова літра. Тут усё залежыць не ад густу, а ад змесціва кішэні на дадзены канкрэтны момант часу.
Праўда, аднойчы давялося стаць сведкай размовы, напэўна, сапраўдных “гурманаў”.
– Бяры “Букет восені”. Калі не будзе, то атруты якой не купляй! – наказваў сябруку “знаўца”, адпраўляючы яго ў краму.
Не сакрэт, што гандаль “чарнілам” прыносіць добры прыбытак як гандлярам, так і вытворцам. Выдаткі мінімальныя – а попыт вялікі. Асабліва на вёсцы. Асабліва ў пару, калі трэба араць, сеяць, жаць, калоць парсючка, нарыхтоўваць дровы…
Цяпер, як заявіў Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч: “Халтуры” не будзе. Разлічваць на атрыманне хуткіх грошай таксама не варта – працаваць трэба, вырабляючы якасную прадукцыю”.
Як тое атрымаецца ў вінаробчых заводаў – пакуль невядома. Ды і тое праўда, што напладзілася гэтых заводаў, нібы грыбоў пасля дажджу.
“Белдзяржхарчпрам” суцяшае, што вытворчасць гэтых він і так з кожным годам скарачаецца, таму катастрофы здарыцца не павінна. Тым больш, што застанецца вытворчасць він палепшанай якасці, а таксама марачных.
Зрэшты, эканамічныя наступствы ўрадавага рашэння пакінем на водкуп эканамістам.
Што да перспектывы масавага пераходу спажыўцоў “чарніла” на ўжыванне высакародных напояў у разумнай колькасці, то яна бачыцца даволі прывіднай. Прынамсі, усе папярэднія намаганні схіліць грамадства калі не да цвярозага ладу жыцця, то хоць бы да якаснага пітва, як правіла, вялікага поспеху не мелі. Нашы людзі, на жаль, з пакалення ў пакаленне дэманструюць зайздросную адданасць нацыянальным традыцыям, сутнасць якіх вельмі дакладна адзначыў яшчэ кіеўскі князь Уладзімір, заўважыўшы, што “веселіе на Русі – есть піці”.
Ні скарачэнне аб’ёмаў алкагольнай прадукцыі, ні спыненне яе вытворчасці, ні талоны, ні павелічэнне кошту на гарэлку – на алкагалізм і п’янства істотным чынам не ўплывалі.
Таму і заканчваліся ўсе войны з п’янствам перамогай… самагоншчыкаў.
Сёння, праўда, іх матэрыяльная і сацыяльная база істотна падарваны. Нават на вёсцы папулярнага некалі “хатняга прадукту” днём з агнём не адшукаеш.
А некалі ж пілі выключна самагонку! Купляць гарэлку ў магазіне было ледзь не дурным тонам: не гаспадар, калі сваёй не маеш! Нават на вяселлях пілі гарэлку толькі ўласнай вытворчасці, а “дзяржаўнай” ставілі на стол пляшкі дзве – выключна дзеля эстэтыкі.
Аднак за апошняе дзесяцігоддзе міліцыя змяніла густы насельніцтва радыкальным чынам!
Хто яго ведае, можа гэткім чынам зменяцца адносіны і да “чарніла”?
А вось ці стануць менш піць увогуле?
Гэта наўрад ці…


Эдуард СВІРЫД.