Неделя postfactum: нету времени учить учителям

Мінулы тыдзень завяршыўся пачаткам новага навучальнага года.
Ва ўсіх школах краіны прайшлі ўрачыстыя лінейкі.
Было сказана безліч цёплых і, традыцыйна, крыху пафасных віншавальных слоў.
А з першым школьным званком вучні засыпалі настаўнікаў букетамі.
Такім вось урачыста-бязвоблачным большасць з нас і ўяўляюць настаўніцкае жыццё…


А яшчэ многія ведаюць, што зарплаты ў настаўнікаў на зайздрасць іншым, што працоўны дзень у іх толькі да абеду, а водпуск не 30 дзён, а цэлае лета.
Ды яшчэ канікулы пасярод года, падчас якіх настаўнік таксама адпачывае.
Не жыццё, а салодкі сон. Толькі чамусьці мала хто жадае гэты сон зрабіць яваю свайго ўласнага жыцця.
Дэфіцыт настаўніцкіх кадраў з кожным годам становіцца ўсё больш адчувальным, а конкурс на большасць педагагічных спецыяльнасцей у ВНУ ці адсутнічае ўвогуле, ці з’яўляецца такім нязначным, што вытрымаць яго па сілах нават выпускніку з самай малой сумай балаў цэнтралізаванага тэсціравання. І гэта, на жаль, аб’ектыўны факт адмаўляць які не прыходзіцца.
Карані праблемы чамусьці прынята шукаць выключна ў плоскасці эканамічнага становішча педагога. Аднак, гэта спрошчаны падыход, які да таго ж, выстаўляе настаўніка нейкім крахаборам, якому колькі не плаці – усё мала.
Між тым, настаўніцкія заробкі хоць і не такія завоблачныя, як лічыцца ў народзе, аднак цалкам дастойныя. Гэта, дарэчы, прызнаюць і самі настаўнікі – жыць можна.
Значыць, праблема ў нечым іншым?
“У мяне проста не застаецца часу на работу з дзецьмі, – прызналася напярэдадні навучальнага года адна знаёмая настаўніца. – Я ўвесь час займаюся напісаннем нейкіх справаздач, аналізаў, даведак, актаў…”
Паперы заўсёды з’яўляліся неад”емнай часткай дзейнасці сістэмы адукацыі. Хтосьці, напэўна, заўважыць, што не толькі яе і будзе мець рацыю.
Аднак мала каму даводзіцца, напрыклад, распрацоўваць планы работы не толькі на год, квартал, а і на кожны дзень і, нават, на кожную гадзіну сваёй працы.
Для настаўнікаў жа падобная творчасць – штодзённы абавязак. Шэсць урокаў – шэсць планаў. Лічыце – шэсць гадзін дадатковай працы, якая асобна нікім не аплочваецца.
Тое, што гэты ўрок будзе, магчыма, 1001-м за гады працы – пад увагу не прымаецца. План павінен быць у кожнага: і ў маладога спецыяліста, і ў педагога з 30-гадовым стажам.
Аб мэтазгоднасці падобнага разгорнутага планавання спрэчкі ідуць, напэўна, столькі, колькі існуе школа.
Зрэшты, гэта не самае складанае і настаўнікі прывыклі ўспрымаць бясконцую колькасць планаў як дадзенасць, як супярэчлівы але неад”емны атрыбут прафесіі.
Горш за ўсё, што з кожным годам, да гэтых традыцыйных школьных папер дадаецца ўсё больш новых, колькасць, значэнне і неабходнасць якіх не паддаецца рацыянальнаму асэнсаванню.
З’яўляцца добрым спецыялістам, прафесійна выконваць сваю справу, карыстацца павагай у бацькоў і дзяцей – сёння занадта мала, каб лічыцца паспяховым настаўнікам.
На кожны лісток парасткаў разумнага, добрага, вечнага патрэбен яшчэ і адпаведны папяровы лісцік: аналіз, даведка, акт. А лепш не лісцік, а невялікая папачка ў шафе на паліцы.
Толькі пры такой умове можна дасягнуць добразычлівасці правяраючых і шанавання кіраўнікоў.
“Ды мы патрабуем ад школ толькі адну справаздачу ў год!” – абураецца Міністэрства адукацыі, перакладваючы віну за лішнія паперкі на мясцовыя органы кіравання адукацыяй.
“Ад нас “зверху” патрабуюць”, – разводзяць рукамі на месцах.
Замкнёнае кола: ёсць праблема, ёсць яе ўсведамленне, а выйсця няма. Як няма і вінаватых. Усе нібыта за скарачэнне непатрэбных папер, аднак іх колькасць ніяк не жадае змяншацца.
Глытком свежага паветра падаліся на мінулым тыдні словы старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Здановіча, які сярод іншых захадаў па павышэнні прэстыжу настаўніцкай прафесіі, назваў скарачэнне “залішняй папяровай справаздачнасці”.
Што ж – мы не супраць. Ад таго, што ў настаўнікаў зменшыцца колькасць папер і з’явіцца больш часу на канкрэтную работу з дзецьмі ў канчатковым выніку выйграюць усе: і дзеці, і бацькі, і педагогі.
Не разбіліся б толькі добрыя намеры аб буфер дужа трывалай бюракратычнай машыны.


Эдуард Свірыд.