Неделя postfactum: не личное дело
Нечаканая падзяка расійскаму прэм’еру ад Ледзі Гага на мінулым тыдні выклікала чарговую хвалю спрэчак аб адносінах грамадства да так званых сексуальных меншасцей.
Гастролі сусветных поп-зорак у Расіі апошнім часам могуць мець самыя нечаканыя наступствы. Так, майскі канцэрт Мадонны ў Санкт-Пецярбургу завяршыўся судовым іскам да зоркі з той прычыны, што яна, быццам бы, заклікала на канцэртах аказваць падтрымку гей-супольнасці. Як высветлілася, факт сапраўды меў месца і супярэчыў заканадаўству Санкт-Пецярбурга, якое забараняе прапаганду гомасексуалізму. Тым не менш іск абражанай грамадскасці не быў задаволены. Аднак ён спарадзіў прэцэдэнт. Таму прыезд усё ў той жа Піцер вядомай сваімі эпатажнымі выхадкамі і акцыямі ў падтрымку гей-супольнасці Ледзі Гага, цалкам справядліва выклікаў чаканні новага каляканцэртнага шоу. І яно адбылося! А падставай стала інтэрв’ю расійскага прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева сродкам масавай інфармацыі, у якім ён нібыта выказаўся ў падтрымку расійскіх геяў і лесбіянак, за што крыху пазней і атрымаў ад поп-дзівы пахвальную ацэнку спачатку ў твітары, а затым неаднаразова і падчас канцэрта. Справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што ніякіх геяў Мядзведзеў не падтрымліваў. А на пытанне журналіста адказаў, што ў дзяржавы і так шмат праблем, каб яшчэ і з сексуальнымі меншасцямі-большасцямі разбірацца. Цалкам правільна заўважыў, трэба сказаць. Аднак у інтэрпрэтацыі некаторых СМІ, ахвочых да сенсацый, гэтая фраза прагучала як падтрымка прэм’ерам гей-рухаў. Чым прадстаўнікі гэтых самых рухаў аказаліся неймаверна задаволены. Да слова сказаць, апошнім часам адносіны да так званых сексуальных меншасцей сталі ў Еўропе своеасаблівым тэстам на ліберальнасць. І не будзе палітыку спакою, калі ён, крый божа, дапусціў дзесьці неасцярожнасць выказацца супраць супольнасці пад вясёлкавым сцягам. Пляма на ўсё палітычнае жыццё!
У нас, праўда, да гэтага пакуль не дайшло. Аднак “званочкі” ўжо звіняць. Так, на мінулым тыдні ў адным з мінскіх клубаў – для людзей старэйшага пакалення патлумачым, што так цяпер у буйных гарадах называюцца рэстараны – адбыўся ўстаноўчы з’езд чарговай праваабарончай арганізацыі. Праваабаронцаў, здаецца, стала ўжо больш, чым тых, каго яны павінны абараняць. Аднак, да новаўтворанай суполкі гэта не адносіцца. Таму што яе члены маюць намер абараняць правы лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў. Не выключаю, што нехта нават слоў такіх не ведае. А яны ёсць! І грамадству ўсё больш настойліва навязваецца думка, што іх трэба абараняць. Ад каго іх абараняць, хто гэта павінен рабіць, для чаго і як – незразумела. У тым жа інтэрв’ю Мядзведзеў справядліва заўважыў, што, “далёка не ўсе адносіны паддаюцца рэгуляванню законам”. Гэта так. Кожны сам вырашае з кім і якія яму мець адносіны, а з кім не мець ніякіх. І ні адзін закон на гэта паўплываць не ў стане. Але для чаго адносіны, якія тычацца дваіх, выносіць на публіку? Для чаго імі выхваляцца, бравіраваць, выстаўляць на паказ? Для чаго ператвараць жыццё ў адзін суцэльны гей-парад? Менавіта супраць вось гэтай паказушнасці выступаюць сёння тыя, хто намагаецца хоць неяк перашкодзіць разбурэнню традыцыйных сямейных каштоўнасцей, дарэчы, замацаваных яшчэ ў Бібліі. Аднак хрысціянскія каштоўнасці ў сённяшнім свеце таксама папіраюцца, каб дагадзіць сумніўным ідэям і лжывым уяўленням аб лібералізме і дэмакратыі. Насіць на грудзях крыжык лічыцца абразай пачуццяў нехрысціян. Гей-парад абразай не лічыцца, а вось крыжык чамусьці некага можа абразіць. А для чаго на ліберальным захадзе прымаюцца законы, якія забараняюць выкарыстанне такіх слоў, як “муж” і “жонка”, якія прапаноўваецца замяніць нейтральным “партнёры”? Чаму заканадаўча намагаюцца забараніць ужыванне слоў “мама” і “тата” на карысць безаблічнага “родитель”? Дык каго насамрэч трэба абараняць? І якое грамадства нас чакае ў будучым?...
Эдуард СВІРЫД.
