Не забуду школьные годы

1369158702_1602Мне давялося вучыцца ў дзвюх школах – станцыйнай Гудагайскай і Астравецкай. І кожная з іх – гэта цэлы свет. Яны – як маці і бацька. Значыць, і пытанне, якая бліжэй да сэрца, будзе лішнім. І помняцца яны да самых драбніц, высвечваючы, як  у той мазаіцы, самыя нязначныя дэталі.

Вось бярозавая алея, кусты бэзу і школьны сад, які раскінуўся паміж будынкамі школы – яму, здаецца, няма канца і краю: усё ж першы раз у першы клас хочацца як мага хутчэй! Але дарога ў нязведанае крышачку насцярожвала і трывожыла. Супакойваў толькі лагодны позірк і цеплыня далоняў першай настаўніцы Кацярыны Іванаўны Кірык. І калі б не строгія твары на партрэтах М.С. Хрушчова і К.Т. Мазурава, што віселі на сцяне, то можна было б і зусім расслабіцца.

А вось зусім іншы малюнак. У пачатку 1965 года аднавіўся раён. У школе ў гэты час пачалі рыхтавацца да раённага семінара дырэктараў школ. Кожны дзень нешта вучылі, паўтаралі, рэпеціравалі, майстравалі дэкарацыі. Госці засталіся ўражанымі ад убачанага. А я быў узнагароджаны паездкай у “Артэк”: мяне чакалі мора, горы, кіпарысы і пальмы, майская квецень садоў. І, як некалі пісаў Хэмінгуэй, «гэта было свята, якое заўсёды з намі». А я б яшчэ дадаў, што гэта была казка жыцця, якую некалі ў дзяцінстве мне падараваў Расціслаў  Арсенцьевіч Герт, і месца, куды я, стаўшы дарослым, ездзіў з сям’ёй дзясяткі разоў, бо быў зачараваны гэтым дзівосным краем.

Гады праляцелі незаўважна. Наступіў час, калі ў школе ўсё было апошнім – званкі, урокі, сустрэчы і… навагодні баль. Не буду расказваць, як рыхтаваліся, як з прыгодамі шукалі елку пад Малямі. А свята – гэта было нешта неверагоднае! Такога ўсеабдымнага шчасця больш ніколі і нідзе не прыйшлося адчуць. Гледзячы на настаўнікаў, здавалася, што гэта зусім не яны, стрыманыя і сур’ёзныя, а дзеці, якія жартавалі, карагодзілі і весяліліся. І ўсім гэтым лікаваннем кіравалі мы: я – Дзед Мароз і яна – прыгажуня Снягурка. І гэта збівала, хвалявала і прымушала мацней біцца сэрца: як я раней не прыкмеціў гэту дзяўчыну?

Не ведаю, ці засталася ў памяці настаўнікаў гэта вечарына, калі мы сустракалі Новы 1970 год? Можа, і не. Бо колькі ў іх за час працы ў школе прайшло такіх памятных і незвычайных свят. Ды і самі яны былі незвычайныя, шчырыя і нястомныя – Новікава, Леановічы, Строк, Філатава, Ігнатовіч, Кубракоўская, Смірнова, Маслоўская, Алейнікаў. Яны не атрымлівалі медалі і ордэны (ды і не імкнуліся да ўзнагарод), але, што ні прозвішча, то – асоба. Бо была ў іх загадкавасць, цікавінка, уменне здзіўляць. І працавалі яны так, каб быў вынік, карыстаючыся самым простым: заахвоціць нешта вывучыць, запомніць, зразумець. Пры гэтым не цураліся падказаць, дапамагчы. Нездарма я і цяпер лёгка магу рашаць хімічныя ўраўненні, хоць дачынення да хіміі ніколі не меў – ды адносіцца да прадмета абыякава ў Ганны Мацвееўны было немагчыма.

Усіх, каго лёс некалі звёў з настаўніцай матэматыкі Марыяй Паўлаўнай Леановіч, могуць лічыць гэта за шчасце. Яна і цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, засталася настаўнікам: чытаючы ў газеце яе замалёўкі, адчуваеш, як за кароткімі словамі-сказамі хаваецца вялікае жыццё, а яе філасофскія роздумы аб шляху да ісціны прымушаюць па-іншаму паглядзець на сябе і тых, хто побач.

А колькі было ўзнята жыццёвых пытанняў на ўроку рускай літаратуры Марыяй Якаўлеўнай Строк – не злічыць. Яна заўсёды нагадвала, каб не прапусцілі ў жыцці нешта важнае, не разменьвалі час на другаснае – паўтору можа і не быць. А сама была маладая і такая прыгожая! Але пытанні задавала сур’ёзныя – нават цяпер, пражыўшы жыццё, задумваешся: дзе ж яны, тыя пяшчота і ласка, без якiх мы, мужчыны, жыць не можам (і не толькі тады, калi за вакном вясна-свавольнiца) у тых, хто і каня на скаку прыпыніць, і у ахопленую полымем хату ўляціць? Пытанні, пытанні… Яны вечныя – як наша жыццё.

Сённяшняя школа перажывае нялёгкія гады. Часам яна зусім незнаёмая. Кажуць, што цяпер школа без маніторынгаў і справаздач наогул жыць не можа. А дзе ж тады вучні? Чытаю ў «Астравецкая праўдзе» пранікнёныя словы падзякі вучняў да Віталія Лянкевіча, які яшчэ нядаўна быў дырэктарам Гудагайскай СШ – і думаю: усё ж адлегласць паміж мінулым і сучасным не такая і вялікая, інакш памяць аб самаадданасці настаўніка не засталася б у памяці вучняў.

Леанід Лебедзеў, г. Орша.