Не впускай в свою жизнь наркотики!
Што рабіць, каб не дапусціць у сваё жыццё наркотыкі? Як пазбегнуць траўматызму на рабоце? Як не стаць ВІЧ-інфіцыраваным? Гэтым актуальным і праблемным пытанням быў прысвечаны чарговы дзень інфармавання насельніцтва, які прайшоў у СВК “Міхалішкі”.Наркотыкі… Заманлівы і спакуслівы дурман. А ўсё пачынаецца з простай цікавасці: што ж гэта за кайф такі? Першая спроба, другая, трэцяя… А пасля пачынаецца бездань.
– Наркотыкі – гэта хвароба, – сказаў падчас выступлення на дні інфармавання намеснік начальніка міліцыі па ідэалогіі і кадравым забеспячэнні раённага аддзела ўнутраных спраў Вадзім Мар’янавіч Савіцкі. – Вельмі небяспечная хвароба. І першая яе стадыя – шызафрэнія: у чалавека проста “зносіць дах”. Вядома шмат выпадкаў, калі людзі, якія паспрабавалі наркотык, вялі сябе неадэкватна. Напрыклад, проста выходзілі на балкон, як на вуліцу, пакурыць і ішлі далей з восьмага паверха. Ператвараліся ў жывёл і кідаліся на блізкіх. Змагаліся з невядомымі галюцынацыямі.
У пошуках жаданай дозы наркаманы здольны на многае. Большасць з іх пачынае жыць сумбурна і ў выніку нярэдка заражаецца ВІЧ. Гэта – наступная стадыя. Маладыя, здаровыя некалі людзі ператвараюцца ў цени, жывыя прывіды. Фінал сумны: новыя крыжы на могілках. Успамінайце пра гэта кожны раз, калі захочацца паспрабаваць “кайфануць”. І не слухайце нікога – бясшкодных наркотыкаў не бывае. Хачу яшчэ параіць бацькам: звярніце ўвагу на тое, чым цікавяцца вашы дзеці ў інтэрнэце, з кім сябруюць і ходзяць гуляць. І не варта змагацца з бядой у адзіночку – разумею, што гэта цяжка, але звяртайцеся да спецыяліста ў бальніцу.
Таксама В.М. Савіцкі звярнуў увагу на адказнасць за захоўванне наркотыкаў, асабліва макавай саломкі. Нават некалькі такіх раслін-самасеек могуць прывесці да адказнасці. Вырошчванне маку караецца штрафам да 20 базавых велічынь.
На жаль, ніхто не застрахаваны ад няшчасных выпадкаў, у тым ліку і на вытворчасці. За 10 месяцаў гэтага года ў нашым раёне адбыліся 2 такія здарэнні, абодва ў сельгаскааператывах. У двух выпадках пацярпеўшыя былі нецвярозымі. Аб гэтым прысутным расказаў інжынер па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Леанід Слававіч Русецкі. Таксама ён звярнуў увагу, што бяспека чалавека ў першую чаргу залежыць ад яго самога. Не варта парушаць працоўную дысцыпліну і выконваць правілы тэхнікі бяспекі – і дадому будзеце вяртацца жывымі і здаровымі.
Тэму здаровага жыцця працягнуў памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вячаслаў Вацлававіч Саковіч. А менавіта жыцця без страшнага прысуду – ВІЧ-інфіцыраваны. На шчасце, у Астравецкім раёне няма хворых з такім дыягназам. Праўда, на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС працуе мужчына, які пражывае ў Гродне і знаходзіцца там на дыспансерным уліку. Па-ранейшаму ў Гродзенскай вобласці больш за ўсё ВІЧ-інфіцыраваных зарэгістравана ў Лідзе – 317 выпадкаў. Для параўнання ў суседніх з Астравецкім раёнах: у Смаргонскім – 13, у Ашмянскім – 7 выпадкаў захворвання гэтай страшнай хваробай. В.В. Саковіч яшчэ раз засяродзіў увагу на асноўных шляхах перадачы ВІЧ-інфекцыі. А таксама нагадаў, што здароўе – галоўнае для чалавека. Таму варта яго берагчы і засцерагаць.
Вынік дня інфармавання падвяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель.
– Вядома, што 2015 год аб’яўлены годам моладзі, – адзначыла Т.М. Букель. – Вельмі прыемна, што большасць у зале – менавіта маладыя людзі, бо паднятыя тут тэмы актуальныя для вас. І ўжо зараз, на гэтым месцы вы павінны задумацца, што выбраць для сябе: жыццё, поўнае абманнага дурману, горычы, адчаю, болю, ці нармальнае, здаровае жыццё.
Таксама спецыялісты РАУС і райЦГЭ выступілі на дні інфармавання ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
