Не упусти свой шанс!

Гэтую фразу ў паўсядзённым жыцці мы чуем нярэдка. Бачым латарэйныя білеты – і спакусліва шэпча свядомасць: “Не ўпусці свой шанс”. Прапаноўваюць высокааплачваемую работу – выкарыстай свой шанс. Знаёмішся з цікавым чалавекам – памятай пра свой шанс… Аднак для кагосьці гэтыя словы гучаць паіншаму… Як надзея, спадзяванне або прысуд.

Аднойчы аступіўшыся і збочыўшы на злачынную дарогу, справядліва адбыўшы пакаранне, яны вяртаюцца – і стаяць перад выбарам. І тут найбольш важна не ўпусціць свой шанс…

Менавіта пад такой назвай – “Не ўпусці свой шанс” – у раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшло прафілактычнае мерапрыемства з людзьмі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.

На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі розных арганізацый і структур: пракуратуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтральнай раённай бальніцы, духавенства.

Першай выступіла нарколаг раённай бальніцы Аніта Генрыхаўна Врублеўская, бо, на жаль, для большасці з асуджаных праблемай з’яўляецца злоўжыванне спіртным, якое і прыводзіць да сумных наступстваў. Таму ў сваім выступленні нарколаг раіла не чакаць да апошняга, не саромецца і па першым трывожным “званочку” звяртацца за дапамогай да спецыяліста – ад гэтага залежыць будучыня чалавека. Галоўнае – прызнацца ў залежнасці ад спіртнога сабе самому.

Аб значнасці і каштоўнасці чалавечага жыцця гаварыў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Георгій Савіцкі.

– Кожны можа аступіцца, аднак бязвыхадных сітуацый не бывае, – сказаў айцец Георгій. – І заўсёды ёсць магчымасць выправіцца. Вы не лепшыя і не горшыя за іншых. Вы – такія ж, як усе. Не забывайце, што заўсёды ёсць шанс. І толькі ад вас залежыць, як вы яго выкарыстаеце.

Што трэба, каб уладкавацца на працу, судзімым грамадзянам расказалі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра прапанавалі па неабходнасці гуманітарную дапамогу, а супрацоўнікі праваахоўных органаў яшчэ раз нагадалі, што трэба рабіць, каб зноў не пазбавіцца волі.

Галоўная мэта гэтай сустрэчы – данесці да прысутных, што жыццё ў тых, хто аднойчы аступіўся, не спынілася. А для кагосьці, магчыма, толькі пачалося. Нягледзячы на цяжкасці, важна ўсвядоміць, што жыццё – адно, не паўтараць памылак і не ўпусціць свой шанс.


-----------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.