Не быть равнодушными
Напярэдадні Дня абароны дзяцей у Астраўцы ў рамках месячніка Чырвонага Крыжа “Розныя дзеці – роўныя магчымасці” прайшла дабрачынная акцыя “Зрабі крок – дапамажы нам дапамагчы іншым!”.Арганізатарамі гэтага дабрачыннага мерапрыемства сталі раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і валанцёрскі атрад тэрытарыяльнага цэнтра “Прамень”. З радасцю далучыліся да арганізатараў акцыі валанцёры гімназіі №1 – Насця Мілэйша, Анжэла Трусевіч, Аня Дземяшкевіч і Юля Гаваноўская, СШ №1 – Інга Ярмак і Віка Мілаш і Мальскага НПК – Каця Ждановіч, Даша Касцюк, Агата Субаткевіч і Аня Вярбовіч.
Сёння ў раёне жывуць 72 дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі. Менавіта ім вырашылі дапамагчы валанцёры.
У аўторак пасля абеду дзеці ў чырвоных майках Чырвонага Крыжа сустракалі прахожых словамі: “Не праходзьце міма! Не заставайцеся раўнадушнымі да праблем дзяцей-інвалідаў. Зрабіце 50 крокаў – і дапамажыце аднаму з дзяцей, якім неабходна дапамога і падтрымка” і расказвалі, як кожны можа стаць удзельнікам добрай справы.
Зрабіць гэта было проста – трэба было або пакінуць грошы ў спецыяльнай скарбонцы ці набыць якія-небудзь сродкі гігіены ў магазіне “Мілена” або іншых магазінах, якія гандлююць такім таварам.
Дарэчы, гаспадары магазіна “Мілена” таксама ўнеслі ўклад у акцыю – яны падарылі дзецям-інвалідам упакоўку памперсаў і дзіцячага пральнага парашку.
Людзі адгукаліся на просьбы дзяцей. Праўда, былі і такія, якія ніяк не рэагавалі на іх звароты. Адзін малады чалавек увогуле на хаду заявіў: “Не абцяжарвайце сябе! У мяне няма ні жадання, ні часу вам дапамагаць”. Яшчэ нейкі час мы стаялі прыгаломшаныя, а потым дзеці зноў узяліся за справу – яны, здаровыя і шчаслівыя, расказвалі пра сваіх аднагодкаў, якія не могуць бегаць і смяяцца, із-за хваробы вымушаны праводзіць час дома ці ў бальніцы. І гэта ўздзейнічала на людзей.
І тых, хто адгукнуўся на заклік аб дапамозе, было больш, чым тых, хто праігнараваў просьбы дзяцей.
За некалькі гадзін, што цягнулася акцыя, дзяўчаты-валанцёры змаглі сабраць амаль два з паловай мільёны рублёў і сродкаў гігіены на 300 тысяч беларускіх рублёў. Гэтым яны падарылі хворым дзецям цяпло і любоў іншых людзей.
____________________
Алена ЯРАШЭВІЧ.