Навуковыя даследаванні школьнікаў Астравеччыны

Раённы этап абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ школьнікаў прайшоў на мінулым тыдні на базе Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы.


Пазмагацца за права называцца пераможцам конкурсу ў Астравец прыехалі вучні з Рытаньскага, Варнянскага і Мальскага НПК, Дайлідскай школы, гімназіі №1 і СШ №1. Самы малодшы ўдзельнік навуковай канферэнцыі вучыцца ў шостым класе, старэйшая – у адзінаццатым. Але, нягледзячы на такую розніцу ва ўзросце, усе школьнікі цудоўна валодалі матэрыяламі сваіх навуковых работ.
І тым не менш, першае месца журы вырашыла нікому не прысуджаць. Затое выбрала два другія і два трэція. Так, на другой прыступцы п’едэстала апынуўся васьмікласнік СШ №1 Пётр Бразінскі, які даследаваў уплыў фаз Месяца на каляндар садавода-агародніка, і адзінаццацікласніца Рытаньскага НПК Насця Радзько, якая займалася вывучэннем афарбоўкі скуры спіны ў травяной жабы. Граматы за трэцяе месца атрымалі гімназісткі Віка Замара і Даша Калінічэнка, якія даследавалі стан навакольнага асяроддзя па велічыні лісця бярозы, і сямікласніца гэтай жа ўстановы Надзея Сінкевіч, якая разводзіла глаксініі.
Дарэчы, усе выступленні школьнікаў суправаджаліся падрабязнымі фотаілюстрацыямі працэсу даследавання і мультымедыйнымі прэзентацыямі.
Работы фіналістаў накіраваны на завочны адборачны тур у Гродна – сама ж канферэнцыя пройдзе ў канцы года. Будзем спадзявацца, што на ёй выступяць і нашы школьнікі.


Алена СВЕТЛАЯ.