Навагодняя дыскатэка ў "Галактыцы"

Традыцыйна пад Новы год рабяты з усіх школ раёна сустракаюцца ў танцавальнай зале “Галактыка”, каб весела і карысна правесці стары і сустрэць Новы год.


Вось і сёлета вучні старэйшых класаў з’ехаліся ў Астравец на раённую навагоднюю дыскатэку. І нават тыя, хто даўно ўжо не верыць у прыход Дзеда Мароза і Снягурачкі, чакалі цуду і свята. І, канешне, галоўныя героі Новага года не змаглі падмануць чаканні школьнікаў. Карагоды вакол навагодняй ёлкі, навагоднія песні і гульні – ўсё гэта зноў і зноў нагадвала пра наступленне самага добрага чароўнага свята.
Школьнікі таксама падрыхтаваліся да дыскатэкі: пад музыку чыталі рэп, танцавалі брэйк-данс і віншавалі адзін аднаго цудоўнымі святочнымі вершамі.
Падрыхтавалі школьнікам сюрпрыз і супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы. Прынамсі, усе былі зачараваны ўсходнім танцам, які выканала педагог цэнтра А.В. Собаль.
Свята атрымалася, усе пакідалі залу ў добрым настроі і з жаданнем абавязкова сустрэцца ў новым 2012 годзе.


Алена ЯРАШЭВІЧ.