Інавацыйны семінар-практыкум прайшоў на базе астравецкай гімназіі
На базе гімназіі №1 прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум для кіраўнікоў і ўдзельнікаў інавацыйных пляцовак міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне праграмы падрыхтоўкі вучняў да выбару прафесіі праз сістэму прафесійных проб”.
Упершыню ў нашым раёне інавацыйныя пляцоўкі з’явіліся ў 2004 годзе ў Гервяцкай, Міхалішкаўскай і Варнянскай школах. За гады, што прайшлі з таго часу, больш паловы школ Астравеччыны станавілася інавацыйнымі пляцоўкамі рознага ўзроўню.
Другі год гімназія №1 г.п. Астраўца з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі рэспубліканскага праекта. Акрамя нашай гімназіі ў ім удзельнічаюць гімназія №7 Маладзечна, гімназія №1 Салігорска і Бабровіцкі НПК Іўеўскага раёна, а яго кансультантам з’яўляецца супрацоўніца акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана Дзюбенка.
– Праз сістэму факультатываў, гурткоў, сацыяльную практыку, якую дапамог арганізаваць цэнтр занятасці, будучыя выпускнікі спрабуюць знайсці сябе ў дарослым жыцці, выбіраюць прафесію, – расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс. – Таму гэты праект носіць практычную накіраванасць і дапаможа вучням зрабіць правільны выбар.
Падчас семінара сваім вопытам работы па праекту падзяліліся настаўнікі, што працуюць па розных накірунках дзейнасці і адміністрацыя школ. Дырэктар гімназіі №1 І.А. Лях прапанавала гасцям экскурсію па школе, а потым яны прынялі ўдзел у некалькіх мерапрыемствах, падчас якіх можна было пазнаёміцца з тым, як наладжана сістэма прафесійных проб у астравецкай гімназіі. Так, В.Т. Лябецкая з вучнямі шостых класаў правялі экскурсію па школьным музеі і паказалі, як рэалізуецца праект па прафесійнай пробе “музейны работнік”, Н.Т. Мажэйка свае заняткі арганізавала па прафесійнай пробе “адвакат”: наведвальнікі факультатыва вучыліся заключаць шлюбны кантракт. Майстар-клас “Разьба па дрэве” даў Л.В. Казак, а класную гадзіну з вучнямі 7 класа па прафарыентацыйнай рабоце прапанавала ўвазе гасцей класны кіраўнік М.І. Тарарук.
Для ўдзельнікаў семінара быў арганізаваны круглы стол, калі настаўнікі падзяліліся сваімі напрацоўкамі. Напярэдадні семінара вучні і настаўнікі запісалі некалькі відэасюжэтаў, і ў час пасяджэння можна было паглядзець, як вучні набываюць навыкі ў прафесіі кандытара, журналіста, фізіка-атамшчыка і спецыяліста па справаводству. А закончылася ўсё канцэртам і ўручэннем падарункаў удзельнікам семінара.
– Мы на многае змаглі паглядзець па-новаму. А некаторыя ідэі і напрацоўкі госці змаглі ўзяць у нас. Таму сустрэча была карыснай для ўсіх. І галоўнае – мы зразумелі, што ў нас зроблена многае для навучання і выхавання дзяцей, – заўважыла дырэктар гімназіі Ірына Антонаўна Лях.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
