Научно-практическая конференция "Путь к успеху" прошла в Островце
На мінулым тыдні ў Астраўцы прайшла навукова-практычная канферэнцыя сярод школьнікаў “Шлях да поспеху”.Штогод у Астраўцы збіраюцца таленавітыя школьнікі, якім цікава займацца навуковымі даследаваннямі. Раённаму этапу, як правіла, папярэднічаюць школьныя, падчас якіх выбіраюцца лепшыя даследчыкі, работы якіх накіроўваюцца “на раён”.
На гэты раз раённая канферэнцыя сабрала каля 50 рабят рознага ўзросту, якія прадставілі на суд сваіх аднагодкаў і членаў журы навуковыя даследаванні на самыя розныя тэмы. Прадэманстраваць сваю навуковую творчасць удзельнікі маглі ў секцыях па шматлікіх школьных прадметах.
Кожнае выступленне ацэньвала строгае журы, у склад якога ўвайшлі метадысты аддзела адукацыі і школьныя настаўнікі, якія працуюць з рабятамі. Вызначаліся пераможцы па найбольшай колькасці набраных балаў.
Што ж да работ, то сярод іх былі і даследаванні на надзвычай злабадзённыя тэмы. Да прыкладу, “Уплыў дзён цвярозасці на соцыум грамадства”, “Дзеці і грошы”, “Сучасная мова СМС”, “Арганізацыя вольнага часу дзяцей малодшага школьнага ўзросту” і шэраг іншых.
У выніку 8 работ школьнікаў былі адзначаны Дыпломамі ІІІ ступені. Іх атрымалі вучаніца Гервяцкай школы Рэната Субач, першакласнік СШ №1 Сяргей Стрэнёў, васьмікласніца Варнянскага НПК Віталія Ількевіч, адзінаццацікласніца Рытанскага НПК Ксенія Рабкоўская, дзевяцікласнік Гудагайскай СШ Юрый Васілевіч, дзесяцікласнік гімназіі №1 Уладзіслаў Цярэшка, васьмікласніца СШ №1 Аляксандра Меленяка і дзесяцікласніца Падольскага НПК Аляксандра Папкова.
10 работ юных навукоўцаў – сямікласніка СШ №1 Дзмітрыя Крупніка, васьмікласніцы Рытанскага НПК Ганны Буйко, сямікласніцы Міхалішкаўскай школы Вікторыі Бабіч і школьнікаў-гімназістаў Паліны Мілешка, Юліі Івашка, Аляксандры Нікалайкавай, Веранікі Анімуцкай, Вольгі Родзь, Рэнаты Канчанін, Анастасіі Карнэлік, Аліцыі Кусойць, Дар’і Каленічэнка – атрымалі Дыпломы ІІ ступені.
І толькі дзве работы члены журы прызналі самымі лепшымі і прысудзілі іх аўтарам І месца.
Дыплом І ступені атрымаў чацвёртакласнік гімназіі №1 Даніла Казак, які раскрыў усю праўду пра зубную пасту.
Пераможцамі канферэнцыі сталі таксама школьніцы з Альхоўкі Марыя Варанішча і Лізавета Палтаржыцкая, якія даследавалі гісторыю паноў Яцкоўскіх і іх уладанні, – дзяўчаты таксама былі ўзнагароджаны Дыпломамі І ступені.
– Я ўпэўнена, што ўсе ўдзельнікі сённяшняй навукова-практычнай канферэнцыі атрымалі стартавую пляцоўку для далейшага ўдзелу ў канферэнцыях больш высокага ўзроўню, – падвяла вынікі навуковага мерапрыемства загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.А. Трэйгіс. – Асаблівую ўдзячнасць хацелася б выказаць педагогам-настаўнікам. Менавіта гэтыя людзі накіроўваюць юных даследчыкаў на правільны шлях і з’яўляюцца іх першымі памочнікамі.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
