"Настаўніка года" выбіралі ў Гудагайскай школе

На конкурс “Настаўнік года”, які 21 снежня прайшоў у Гудагайскай школе,  заяўку на ўдзел падалі чатыры настаўнікі: матэматык Т.Ч. Ізотава, «англічанка» Г.І. Кандратовіч, фізрук У.Л. Батура і настаўніца пачатковых класаў Г.І. Бейдук. У ролі вядучых выступілі  настаўніцы рускай мовы і літаратуры Т.П. Карпіцкая і А.П. Лазарава. А вось самая складаная роля дасталася намеснікам дырэктара Т.Л. Кляўда, М.Э. Барысевіч, Г.А. Шоцік і І.М. Жалток, псіхолагу Г.Р. Сярогінай, старшыні школьнага прафкама В.К. Анішчук і настаўніку музыкі А.І. Пазлевіч – ім прыйшлося “журыць” конкурс.


Жараб’ёўка,  жартоўныя экзаменацыйныя білеты і загадзя падрыхтаваныя на іх адказы  дапамаглі канкурсантам на некалькі хвілін забыць пра хваляванне і зняць напружанне.
“Візітоўка”, “Педагагічная сітуацыя”, “Свет маіх захапленняў” – вяршыні, якія неабходна было пераадолець нашым педагогам. Папярэдне члены журы наведалі ўрокі канкурсантаў і выставілі ім адзнаку.
Прайшоўшы праз усе выпрабаванні, канкурсанты наблізіліся да фіналу – у выніку максімальную колькасць балаў набраў настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Леанідавіч Батура. Яму і выпаў гонар абараняць нашу школу на раённым этапе.
Усе канкурсанты былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Застаецца толькі пажадаць поспехаў і перамогі ўдзельнікам раённага этапа конкурсу “Настаўнік года”.


Аксана ЛАЗАРАВА,  настаўніца рускай мовы і літаратуры Гудагайскай школы.