Настаўніца Вольга Чубрык: "Мой самы лепшы клас"

Хутка я развітаюся з выпускнікамі майго любімага класа. Расставацца, канешне, сумна, але нічога не зробіш.


Рака жыцця панясе іх далей, да іншых берагоў. Саша Алексеявец, Маша Бушчык, Артур Гіновіч, Віка Клешч, Лёша Масевіч, Кірыл Масевіч, Дзіяна Мілейша, Лена Рэміс, Ірына Сцефановіч, Ірына  Таргун, Аня Тварагаль, Насця Худалеева, Вераніка Юшкявічуце – гарэзлівыя і сумныя, хітрыя і чэсныя, разумныя – і вельмі разумныя… Такія розныя і разам з гэтым нечым вельмі падобныя. А яшчэ Андрэй Гадунко, Жэня Лукойць і Артур Астапавец, якія пасля дзявятага класа паступілі ў іншыя навучальныя ўстановы, але не перасталі быць часткай нашага класа.
Калі сем гадоў назад адміністрацыя школы прапанавала мне стаць класным кіраўніком 5 класа, я спачатку спалохалася: дзяцей шмат, яны – актыўныя, цікаўныя, шумныя… Але варта мне было ўбачыць іх, паглядзець ім у вочкі – і я зразумела, што гэта – маё.
А потым быў наш “паход” на прышчэпку ў амбулаторыю. Дзяўчаткі баяліся, некаторыя нават плакалі, а вось хлопчыкаў гэтая працэдура не хвалявала (а можа, яны толькі паказвалі гэта?). Але, дружна ўзяўшыся за рукі, мы пайшлі ў амбулаторыю. Ніколі не забуду адчуванне дзіцячай ручкі ў сваёй руцэ: мы неяк адразу перадалі адзін аднаму давер, узаемаразуменне і  добразычлівасць.
Ну а потым было сем шчаслівых школьных гадоў. Вечары адпачынку, конкурсы, гульні, паходы, класныя гадзіны, святы… Чаго толькі каштуюць навагоднія праграмы, у якіх удзельнічалі ўсе рабяты! Кім толькі мы ні былі: іншапланецянамі, піратамі, запарожскімі казакамі, багамі грэчаскага Алімпа… А яшчэ мае вучні – пастаянныя ўдзельнікі ўсіх агульнашкольных, раённых і нават абласных мерапрыемстваў. Маша Бушчык шмат разоў станавілася пераможцай раённых і абласных конкурсаў па выяўленчаму мастацтву, а ў  абласным конкурсе відэафільмаў “Я тут жыву” перамагала двойчы. Лёша Масевіч – пераможца раённай алімпіяды па фізіцы і дыпламант абласнога туру алімпіяды па гэтаму прадмету. Лена Рэміс – пераможца акцыі БРСМ “Пытанне Прэзідэнту”. Гэта яна ў 2010 годзе ездзіла на сустрэчу Прэзідэнта краіны з моладдзю. Акрамя гэтага, яна пастаянна асвятляла на старонках “Астравецкай праўды” наша школьнае жыццё
А Кірыл Масевіч, Лёша Масевіч, Артур Гіновіч, Саша Алексеявец, Віка Клешч і Дзіяна Мілейша – спартсмены, якія пастаянна ўдзельнічалі ў раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, баскетболе, стрытболе – і вярталіся з іх з перамогай.
Мае дзеці – члены валанцёрскага атрада “Надзея”, а Лена Рэміс, Ірына Сцефановіч, Маша Бушчык, Вераніка Юшкявічуце, Віка Клешч і Ірына Таргун – удзельніцы форум-тэатра і тэатральнага гуртка “Эцюд”. На раённым конкурсе тэатральных калектываў у красавіку гэтага года наша пастаноўка “Мой Андэрсен” таксама ўвайшла ў лік прызёраў. І як вынік, наш клас ўжо два гады запар з’яўляецца пераможцам школьнага конкурса “Клас года”.
Рабяты, дзякуй вам за тое, што вы былі ў мяне! Дзякуй Лене Рэміс за актыўнасць і прынцыповасць, за тое, што яна нагадала мне мяне саму ў школьныя гады, Машы Бушчык – за талент і за добрае сэрца, адкрытае свету. Вераніцы Юшкявічуце – дзякуй за самую адкрытую і дружалюбную ўсмешку на свеце. Вікторыі Клешч – за звонкі смех і гумар. Ірыне Таргун – за невычэрпную энергію. Ірыне Сцефановіч – за мэтанакіраванасць. Ані Тварагаль – за сціпласць. Насці Худалеевай – за жаданне ўсім і заўсёды дапамагчы. Дзіяне Мілейша – за дзявочую чароўнасць. Кірылу Масевічу дзякуй за любоў да спорту, Лёшу Масевічу – за дапытлівы, светлы розум. Артуру Гіновічу – за хуткасць і няўрымслівасць. Сашу Алексеяўцу – за непасрэднасць і ўсмешку.
Дзякуй вам, мае дарагія, што вы дапамаглі мне адбыцца, як настаўніку, што вы напомнілі мне маё дзяцінства, за пачуццё радасці і шчасця ад сустрэч з вамі, дзякуй вам за вашыя добрыя, светлыя думкі.
Дзякуй вам, бацькі, за тое, што вы выхавалі такіх цудоўных дзяцей. Нездарма ж па выніках анкетавання “Маральныя каштоўнасці ў маім жыцці” рабяты на першае месца паставілі сям’ю.
…Рака жыцця панясе маіх выпускнікоў да іншых берагоў. Няхай гэта будуць берагі спраўджаных надзей і чаканняў.


Вольга ЧУБРЫК, класны кіраўнік 11 класа Гервяцкай школы.