Напішы дыктоўку ў гонар слынных землякоў
Дзень роднай мовы адзначаўся 21 лютага, зараз праходзіць месячнік роднай мовы, і ў святле гэтых дат, да якіх не можа заставацца абыякавым ніводзін беларус, нельга ўспамінаць паасобку двух знакамітых асоб, жыццё якіх звязана з Астравеччынай: Казіміра Сваяка і Іосіфа Гашкевіча.Даты іх нараджэння прыпадаюць на марафон агульнанацыянальнай дыктоўкі, калі беларусы ўсёй планеты па даўняй традыцыі пішуць яе на роднай мове. Хто ведае, можа, у гэтыя самыя хвіліны ў Японіі, Кітаі і іншых краінах, дзе Іосіф Гашкевіч выконваў сваю высакародную місію “асветы язычнікаў выратавальнай верай хрысціянскай”, нашы землякі старанна выводзяць радкі беларускіх класікаў або сучасных творцаў на роднай мове, прыгадваючы маляўнічыя краявіды далёкай Радзімы. Як, несумненна, вяртаўся штораз у сваіх думках да любай сэрцу Бацькаўшчыны і сам Іосіф Антонавіч.
Так, мы ведаем, што Гашкевіч быў выдатным дыпламатам, першым консулам Расійскай імперыі ў Японіі. Але звернем увагу на агульную акалічнасць, якая была неад’емнай часткай жыцця абодвух беларусаў. Гэта – прапаведванне хрысціянства.
Казімір Сваяк асвячаў слова Божае беларускай роднай мовай. А Іосіф Гашкевіч – у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, Кітаі, Японіі – на роднай мове народаў гэтых краін – а ведаў ён ажно 13 моў.
Іосіф Гашкевіч паходзіў з сям’і вясковага праваслаўнага святара, ён – выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі са ступенню магістра. Аўтар перакладу літаграфаваным спосабам Бібліі са старажытнай яўрэйскай мовы. Аўтар кандыдацкага сачынення на тэму “Гістарычны агляд таінства пакаяння”. Па рашэнні Свяцейшага сінода і “згодна з выказаным жаданнем”, у складзе Расійскай духоўнай місіі распачаў сваю кругасветную Адысею даўжынёю ў 24 гады.
Казімір Сваяк адкрываў, арганізоўваў беларускія школкі, каб дзеткі навучаліся на роднай мове.
Гашкевіч, які займаўся да канца сваіх дзён усходняй філалогіяй, пры консульстве на японскім востраве Хакадатэ адкрыў рускую школу для японскіх дзяцей. Напісаў кнігу “Аб каранях японскай мовы”. Сумесна з доктарам Тацібана-но-Каофай склаў “Японска-рускі слоўнік”. Пакінуў багатую навуковую спадчыну. Дзе б ён ні быў, у якую краіну яго ні скіроўваў яго лёс, усюды ён цікавіўся жыццём, мовай, прыродай пэўнага рэгіёна. Сведчанне таму – сабраная калекцыя флоры і фауны паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-ўсходняй Азіі.
“Адысей з Белай Русі” – гэта, бадай, самая трапная характарыстыка Іосіфа Антонавіча. Ён – як сімвал падарожніка. Па сутнасці, гаворачы сучаснай мовай, гэта быў самы знакаміты турыст з Беларусі 19 стагоддзя.
І Казіміра Сваяка, і Іосіфа Гашкевіча яднае іх жыццёвая місія духоўнай асветы роднага народу і народаў свету, іх любоў да Бацькаўшчыны і нацыянальны патрыятызм.
“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Мы можам толькі ўявіць, наколькі моцная была іх любоў да роднай зямлі. Яе, шчырую, шчымлівую, вандроўка даўжынёй у палову жыцця па далёкіх чужых краінах толькі падсілкоўвала, узмацняла год ад году. Праз велізарныя адлегласці, як магнітам, прыцягвалі да сябе мілыя воку лясы і палеткі, лугі і азёры. Згаладалая душа і пільнае вока прагнулі наталіцца цёплымі, шчырымі ўсмешкамі землякоў, водарам роднай зямлі, мілагучнай беларускай мовай. Гэта любоў вярнула Іосіфа Гашкевіча на радзіму. Гэта было для яго найкаштоўнейшай узнагародай, найдаражэйшай за ўсе яго заслугі, за гонар і славу, што прынёс ён расійскай дзяржаве, пакінуўшы багатую навуковую спадчыну, глыбокі след у памяці і культуры Японіі, нагледзеўшыся дзівосаў свету – і адмовіўшыся ад далейшай кар’еры.
Ёсць ідэя годна ўшанаваць гэтых двух выдатных людзей Астравеччыны. Было б лагічна і апраўдана,
зыходзячы з подзвігу іх жыцця, адкрыць у Астраўцы этнашколу з духоўна-асветніцкай турыстычнай прафарыентацыяй. Добра было б у гэтым годзе, юбілейным для Іосіфа Гашкевіча, сабрацца ўсім неабыякавым да духоўнай спадчыны, мовы, культуры роднага краю людзям, згуртавацца ў “Хаўрус Сваякоў”, які б меў на мэце стварэнне інавацыйнага адукацыйнага праекта, узора-мадэлі нацыянальнай адукацыі на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей народнай педагогікі і беларускіх народных традыцый. Можна звярнуцца за дапамогай у адпаведныя ўстановы, арганізацыі, таварыствы, прапанаваць зацікаўленым навукоўцам дапамогу і садзейнічанне ў напісанні дысертацый па згаданай тэме.
Але гэта – перспектыва заўтрашняга дня. А сёння самае простае, што мы можам зрабіць для ўшанавання памяці нашых слынных землякоў, – напісаць беларускую дыктоўку. Тэкст можна ўзяць з любімых твораў класікаў ці сучасных аўтараў. Неабавязкова некуды ісці недзе збірацца – у сябе дома, у коле сям’і ўганаруйце такім чынам памяць слынных людзей зямлі Астравецкай – і нашу святую родную мову.
-------------------------------
Наталля Паўловіч.
