"Нахімічыў" на перамогу Уладзіслаў Міхно

Нядаўна наша газета паведамляла пра астравецкіх “разумнікаў”, якія занялі на рэспубліканскай алімпіядзе прызавыя месцы. Сёння мы пазнаёмімся бліжэй з уладальнікам дыплома першай ступені рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і проста сімпатычным і цікавым юнаком – Уладзіславам Міхно.


Імя, прозвішча: Уладзіслаў Міхно.
Узрост: 14 гадоў.
Статус: вучань 9 класа гімназіі №1 г.п. Астравец.
Любімая пара года: лета.
Любімая страва: кекс, які гатуе мама.
Фільм: “Гары Потэр”.
Музыка: рэп.
Кніга: таксама “Гары Потэр” і “Прыгоды Тома Сойера і Гекльберы Фіна”.
Любімае месца адпачынку: Янаўскае вадасховішча.
Шкодныя звычкі: камп’ютарная гульнеманія.


–Стаць першым хімікам у рэспубліцы – гэта не проста задачу рашыць ці параграф па прадмету вывучыць. Як удалося дасягнуць такіх вынікаў? Раскажы пра свой шлях да перамогі больш падрабязна.
–Усё праходзіла па звычайнай сістэме. Спачатку была школьная алімпіяда, пасля – раённая, затым – абласны этап, зборы па падрыхтоўцы да рэспубліканскага спаборніцтва і, нарэшце, сама алімпіяда. Спачатку быў тэарэтычны тур, у наступны дзень – практычны і ў апошні – аб’яўленне вынікаў і ўзнагароджванне. Канешне, было няпроста, але я ўжо ўдзельнічаў у такім спаборніцтве, таму, напэўна, адчуваў сябе больш упэўнена. Аднак, шчыра кажучы, нават не спадзяваўся на такі высокі вынік. Думаў, максімум, як у мінулым годзе, прывязу дыплом другой ступені.
–А чаму менавіта хімія?
–Наш настаўнік па хіміі Віталій Тадэвушавіч Стаціна заўважыў, што ў мяне ёсць здольнасці да гэтага прадмета, і параіў развіваць іх. Мне заўсёды падабалася хімія, асабліва практыка – змешваць розныя растворы, сачыць за рэакцыяй, ну і таму падобнае.
–І вось падвядзенне вынікаў, гучыць тваё прозвішча, ты падымаешся на сцэну па сваю ўзнагароду. Якія думкі і эмоцыі перапаўнялі ў той час? І што значыць гэта перамога асабіста для цябе?
–Ой, усё гэта адбылося так хутка, што я і ўсвядоміць не паспеў. Канешне, адчуў вялікую радасць. Дыплом першай ступені дае магчымасць паехаць на зборы на мендзялееўскую алімпіяду, якая адбудзецца летам у Мінску. А яшчэ, як прыемны дадатак – грашовая прэмія. Таму і маральна, і матэрыяльна гэта прыемна.
–Як бы ты сябе ахарактарызаваў?
(Задумваецца) Гэта лепш у бацькоў ці настаўнікаў спытаць. Ведаю, што я – запальчывы. І калі захачу, абавязкова выкажу свой пункт гледжання. Неаднойчы мяне сябры падчас размовы пыталі: “Чаго ты крычыш?” Нават не ведаю, чаму так адбываецца.
–Як сапраўдны хімік, як думаеш, з якіх элементаў складаецца формула поспеху?
–Многае залежыць ад настаўніка – калі ён шукае патрэбныя заданні, займаецца з табой, стараецца заўсёды дапамагчы. Гэта вельмі важна – і мне ў гэтым плане пашанцавала, за што ўдзячны Віталію Тадэвушавічу. Ну і, канешне, поспех залежыць ад свайго старання і жадання штосьці рабіць і чагосьці дасягнуць.
–Што ўваходзіць у пералік тваіх захапленняў?
–У першую чаргу камп’ютар. Таксама люблю пагуляць у валейбол ці баскетбол. Быў час, калі хадзіў у секцыі па боксу і каратэ, але пасля стала не хапаць часу. А летам мы з сябрамі катаемся на веласіпедах і адпачываем на Янаўскім вадасховішчы.
–Кім ты бачыш сябе ў будучым?
–Дакладна яшчэ не ведаю, але хацелася б атрымаць якую-небудзь прэстыжную спецыяльнасць. Напрыклад, нешта звязанае з фармацэўтыкай. Я б хацеў удзельнічаць у стварэнні лекаў. Альбо працаваць на якіх-небудзь перапрацоўчых прадпрыемствах тыпу “Азоту” ці “Хімвалакно”. Але гэта яшчэ толькі прыкладна і ўсё можа змяніцца.
–У цябе ёсць кумір, ідэал, герой ці проста звычайны чалавек, якім захапляешся і на каго хацеў бы быць падобным?
–Дакладна не. Я – сам па сабе і такі, які ёсць.
–Дзякуй за цікавую размову – і хай табе спадарожнічаюць поспех і ўдача ва ўсіх пачынаннях.


Марына МАЦКЕВІЧ.