Начальник отдела образования, спорта и туризма Наталья Станкевич ответила на вопросы "Прямой линии"
“Прамая лінія” з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталляй Іосіфаўнай Станкевіч была нешматлікай. Затое пытанні, якія былі падняты падчас яе, будуць цікавымі, напэўна, не толькі тым, хто патэлефанаваў, але і ўсім бацькам, чые дзеці наведваюць дзіцячыя садкі і школы.– З 1 красавіка падняўся кошт бацькоўскай аплаты за наведванне дзецьмі дзіцячых садкоў. Ці праўда, што такім чынам павялічана заработная плата выхавальнікам?
– Раней памер бацькоўскай аплаты за харчаванне складаў 60 працэнтаў. А з 1 красавіка бягучага года ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка №266 устаноўлена, што плата бацькоў за харчаванне дзяцей, якія наведваюць дашкольныя ўстановы, складае 100% ад дзеючых грашовых нормаў расходаў на харчаванне ў дзень у залежнасці ад узросту дзяцей, віду і рэжыму работы дашкольнай установы.
Пастановай прадугледжана, што памер бацькоўскай аплаты зніжаецца на 30% для сем’яў, у якіх двое дзетак наведваюць дашкольную ўстанову ці атрымліваюць спецыяльную адукацыю на ўзроўні дашкольнай адукацыі.
Аплата зніжаецца на 50 працэнтаў для сем’яў, якія маюць трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, і для апекуноў, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак.
Сэканомленыя сродкі, у адпаведнасці з пастановай №265 ад 27 сакавіка 2014 года, накіраваны на павышэнне тарыфных акладаў кіраўнікам і іх намеснікам, педагагічным работнікам, памочнікам выхавальнікаў, поварам і кухонным рабочым устаноў дашкольнай адукацыі.
– У нашым раёне няма басейна. Як у такім выпадку можна навучыць дзяцей плаваць? Ці запланавана будаўніцтва басейна ў новай школе?
– Установы адукацыі стараюцца выконваць вучэбны план па навучанні школьнікаў плаванню – многія настаўнікі практыкуюць выезды ў басейн у Смаргонь.
Што датычыцца будаўніцтва басейна ў новых навучальных установах Астравеччыны, то ён будзе ў новым дзіцячым садку. На жаль, наведваць яго змогуць толькі дашкольнікі і пры магчымасці – вучні пачатковых класаў. У школе, што сёння ўзводзіцца ў мікрараёне №1, праектам басейн не прадугледжаны. А вось ва ўстановах, якія будуць узводзіцца пазней, басейны будуць.
– Ці будзе сёлета аказвацца матэрыяльная дапамога да новага навучальнага года шматдзетным сем’ям?
– Матэрыяльная дапамога шматдзетным сем’ям аказваецца ў рамках Праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады. У чэрвені навучальныя ўстановы складаюць спіс сем’яў, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей школьнага ўзросту, пры гэтым бацькі павінны працаваць у бюджэтнай сферы ці быць беспрацоўнымі. Раённая камісія разглядае паступіўшыя спісы, вывучае сямейную сітуацыю і выбірае кандыдатаў, якім на самой справе патрэбна такая дапамога. У мінулым годзе ў нашым раёне 25 шматдзетных сем’яў атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы.
Калі ж сям’я шматдзетная, але, акрамя школьнікаў, у ёй ёсць дашкольнікі, то бацькі могуць звярнуцца ў арганізацыі, у якіх яны працуюць, з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу да школы. Наколькі я ведаю, такую дапамогу шматдзетным сем’ям, бацькі якіх працуюць у сельскай гаспадарцы, штогод аказваюць сельскагаспадарчыя кааператывы.
– Навошта ў дзіцячых садках на ўваходзе ўстаноўлены званкі?
– Прапускны рэжым у дашкольных установах арганізаваны на падставе Інструктыўна-метадычнага пісьма Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
На пачатку гэтага года ў нашай вобласці здарыўся выпадак, калі малое самастойна пакінула тэрыторыю дашкольнай установы. Вельмі хутка адсутнасць дзіцяці была выяўлена, яго знайшлі. Аднак такія выпадкі не павінны паўтарацца. Для папярэджання падобных сітуацый неабходна строга выконваць патрабаванні па бяспечнай арганізацыі знаходжання дзяцей у дашкольных установах. Адным з такіх патрабаванняў з’яўляецца ўстаноўка званка на ўваходзе ў дашкольную ўстанову.
Гэта было зроблена яшчэ і для таго, каб папярэдзіць знаходжанне на тэрыторыі дзіцячага садка чужых людзей.
– У гэтым годзе прыняты новыя правілы паступлення ў вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы. Ці можна больш падрабязна даведацца пра змены, якія адбыліся ў правілах прыёму?
– Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы любой формы навучання ў дзяржаўных ВНУ краіны будзе праходзіць з 8 па 12 ліпеня (на завочную форму сельскагаспадарчых ВНУ – з 1 па 30 лістапада).
Для тых, хто хоча атрымаць адукацыю платна, – іншыя тэрміны. Так, “сілавыя” ВНУ (Акадэмія МУС, Магілёўскі вышэйшы каледж МУС, Камандна-інжынерны і Гомельскі інжынерны інстытуты МНС, Інстытут пагранічнай службы) прымаюць дакументы з 8 па 28 ліпеня. Гэтыя ж тэрміны вызначаны для “творчых” ВНУ (Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў). У іншых дзяржаўных і прыватных ВНУ дакументы будуць прымаць з 8 па 31 ліпеня (для завочнай формы сельскагаспадарчага профілю – з 1 па 30 лістапада).
Уступныя іспыты ў “сілавых” ВНУ пройдуць з 13 па 16 ліпеня, у “творчых” – з 13 па 22 ліпеня, ва ўсіх астатніх – з 13 па 18 ліпеня ( завочная форма сельгаспрофілю – з 1 па 20 снежня).
Упершыню ў бягучым годзе вызначаны тэрміны дадатковага набору на месцы, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання: прыём дакументаў будзе праходзіць з 23 па 28 ліпеня (“сілавыя” – з 21 па 25 ліпеня, “творчыя” – з 27 па 28 ліпеня), а залічэнне адбудзецца 29 ліпеня (у “сілавых” установах – 26 ліпеня, “творчых” – 29 ліпеня).
Што датычыцца сярэднеспецыяльных навучальных устаноў, то тут прадугледжаны тэрміны прыёму дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі на бюджэтную і платную формы навучання – з 15 па 31 ліпеня, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй за сродкі бюджэта і на платнай аснове на ўсе формы атрымання адукацыі – з 15 ліпеня па 6 жніўня, на ўсе формы атрымання адукацыі на платнай аснове – па 14 жніўня (на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці воднага транспарту ў вячэрняй і завочнай формах – з 1 кастрычніка па 30 лістапада).
Уступныя іспыты на аснове агульнай базавай адукацыі на навучанне за бюджэтныя сродкі і на платнай аснове праводзяцца з 1 па 5 жніўня (залічэнне на бюджэт – да 8 жніўня, на платную форму навучання – да 16 жніўня), на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй на бюджэт і платную формы навучання – з 7 па 9 жніўня (залічэнне на бюджэт – па 12 жніўня, на платнае навучанне – па 16 жніўня). Уступныя іспыты па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту на бюджэт і на платнай аснове пройдуць з 1 па 5 снежня, а залічэнне адбудзецца да 10 снежня.
Таму ўсім, хто сёлета збіраецца паступаць у ВНУ ці ССНУ, жадаю не спазніцца і абавязкова ажыццявіць задуманае.
---------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
