Начальник отдела образования ответила на вопросы "Прямой линии"

«Прамая лінія» з начальнікам аддзела адукацыі выдалася даволі насычанай – 11 чалавек патэлефанавалі ў аддзел адукацыі, каб задаць хвалюючыя іх пытанні.


– Першым на «Прамую лінію» з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму звярнуўся Уладзімір Іосіфавіч Пукшта з в. Міхалішкі, які расказаў, што яго ўнучка сёлета заканчвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя». Уладзімір Іосіфавіч цікавіўся, ці можа яна прэтэндаваць на рабочае месца ў адной з дашкольных устаноў нашага горада?

– Па папярэднім размеркаванні ваша ўнучка застанецца працаваць у горадзе. Прапанаваць ёй работу па спецыяльнасці мы можам у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1 або ў яслях-садзе №1.

– У газетах і па тэлебачанні прайшла інфармацыя, што ў дзясятых класах з 1 верасня будзе ўведзена профільнае навучанне. Хацелася б даведацца, якія профілі будуць адкрыты ў Варнянскай школе.

– Сапраўды, у будучым навучальным годзе на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца профільнае навучанне, якое прадугледжвае вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні і правядзенне факультатыўных заняткаў прафесійнага накірунку.

Па папярэдніх звестках, у Варнянскім НПК будзе адкрыты філалагічны накірунак – гэта значыць, што дзесяцікласнікі на павышаным узроўні стануць вывучаць беларускую і англійскую мовы. Плануецца таксама адкрыць дзве группы з павышаным вывучэннем прадметаў у Міхалішкаўскай школе: беларускай і англійскай моў для першай групы, матэматыкі і англійскай мовы – для другой групы.

Акрамя таго, у гімназіі №1 будуць адкрыты класы з павышаным вывучэннем прадметаў па ўсіх накірунках. Таму, калі ёсць жаданне ў вучняў іншых школ атрымаць больш ведаў, варта паступіць у дзясяты клас гімназіі №1. Дакументы сюды прымаюцца да 31 ліпеня. У жніўні школьнікі будуць здаваць беларускую і рускую мовы і матэматыку, па выніках якіх пройдзе залічэнне ў 10 клас гімназіі.

– Ходзяць чуткі, што ў Палушанскі дзіцячы сад будуць прымаць толькі дзяцей, якім споўнілася тры гады. Гэта так?

– Сёння ў Палушанскім дзіцячым садзе працуюць тры групы. Згодна са статутам садка ў яго сапраўды залічваюцца дашкольнікі, якім споўнілася тры гады. Аднак у любым правіле могуць быць выключэнні – пры неабходнасці мы можам прыняць дзіця і ў два з паловай гады.

Акрамя таго, мы прапануем бацькам, у якіх ёсць педагагічная адукацыя і вольная плошча ў кватэры ці доме, адкрыць сямейны дзіцячы сад. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 21-2-55 у метадыста Ірыны Чаславаўны Ган.

– Мой сын аздараўліваўся ў летніку «Ластаўка» падчас ваенна-патрыятычнай змены і выказаў жаданне з'ездзіць сюды яшчэ на адну змену. Ці маю я права атрымаць яшчэ адну пуцёўку па сацыяльным страхаванні і адправіць дзіця на адпачынак?

– Калі дзіця наведвала дзевяці-дзённы лагер ці 18-дзённы школьны лагер з дзённым знаходжаннем, у вас ёсць магчымасць скарыстацца правам на аздараўленне вашага дзіцяці яшчэ раз за летні перыяд.

– Ці ёсць магчымасць у гарадскіх садках прымаць дзяцей з 7.20 гадзін раніцы?

– Ва ўсіх гарадскіх садках сёння па заявах бацькоў працуюць дзяжурныя групы. Такая практыка пры неабходнасці будзе прадоўжана і ў наступным навучальным годзе.

Акрамя таго, сёння ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць, перш чым аддаць дзіця ў садок, наведаць адаптацыйную платную групу. Яна арганізоўваецца на два тыдні. Падчас іх дзіця на некалькі гадзін застаецца ў групе з дзецьмі – гэта дазваляе малышу хутчэй прывыкнуць да знаходжання ў садку.

Дарэчы, у гарадскіх садках мы пашыраем пералік гувернёрскіх паслуг. Акрамя дзяжурных груп, прапаноўваем суправаджэнне дзіця ў садок і дамоў. Карыстаецца попытам паслуга па арганізацыі сямейных святаў, дадатковых заняткаў з дэфектолагам, якія могуць праходзіць як на базе дашкольнай установы, так і дома. Пералік такіх паслуг і іх кошт распрацаваны ва ўсіх садках.

– Самая вялікая частка пытанняў датычылася навучання ў гімназіі №1. Чатыры званкі паступілі ад бацькоў, якія працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС: яны прапаноўвалі змяніць рэжым работы пачатковых класаў у гімназіі №1. Справа ў тым, што заняткі ў першых класах гэтай навучальнай установы пачынаюцца ў 8.30, а бацькі ад’язджаюць на работу ўжо ў 7.30. Дзе можна пакінуць дзіця на гэты час? – цікавіліся яны.

– З 1 верасня па просьбах бацькоў мы зменім рэжым работы пачатковых класаў у гімназіі №1 з 8.00. Акрамя таго, прапануем адкрыць платную групу па догляду за дзецьмі з 7.20, дзе яны і будуць знаходзіцца да пачатку заняткаў. Для гэтага неабходна напісаць заяву на імя дырэктара гімназіі №1. У адпаведнасці з заявамі і будзе вырашацца, ёсць патрэбнасць у такой групе ці не.

– Маё дзіця перайшло ў другі клас гімназіі №1. Ці можа адміністрацыя пайсці насустрач бацькам і адкрыць для нашых дзяцей групу падоўжанага дня?

– Мы можам прапанаваць бацькам па іх заявах адкрыць групу па догляду за дзецьмі на платнай аснове. Адзінае, што арганізаваць дзённы сон не атрымаецца, а вось гарачае харчаванне за дадатковую плату – магчыма.

– Наша сям'я жыве на вуліцы Усходняй. Дзіця да адкрыцця новай школы ў першым мікрараёне спачатку вучылася ў СШ №1, затым – у СШ №2. Цяпер мы хацелі б перавесці яго ў трэці клас гімназіі №1. Што для гэтага трэба зрабіць?

– Ажыццявіць такі перавод можна толькі пры наяўнасці вольных месцаў. Як паведаміла дырэктар гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян, сёння вольных месцаў у трэція класы гэтай навучальнай установы няма. Уся інфармацыя аб вакансіях размешчана на сайце гімназіі №1 і рэгулярна абнаўляецца.


------------------------------------------

На «Прамой лініі» дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.