Начальнік аддзела адукацыі: першае інтэрв'ю на новай пасадзе
Кароткая даведка:
Віктар Віктаравіч Млечка;
Адукацыя: БДУ, геаграфічны факультэт;
Кар’ерны рост: настаўнік геаграфіі і сацыяльны педагог Кушлянскай базавай школы, дырэктар гэтай жа ўстановы, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама;
Дэвіз па жыцці: быць чалавекам у самым высокім сэнсе гэтага слова;
Жыццёвае крэда: жыць у згодзе са сваім сумленнем;
Хобі: спорт і лазня;
Мара: ажыццявіць кругасветнае падарожжа.
– Віктар Віктаравіч, як бы вы апісалі сябе чалавеку, які бачыць вас першы раз у жыцці, і не ведае, хто вы?
– Складанае пытанне… Нават і не ведаю… Звычайны чалавек....
– Тады раскажыце, калі ласка, падрабязней пра сябе, сваю сям’ю. Адкуль вы родам?
– Родам я са Смаргоншчыны, з вёскі Рудзішкі. Нарадзіўся ў звычайнай вясковай сям’і – і маці, і бацька працавалі ў калгасе. Закончыў Кушлянскую базавую школу, затым Сольскую сярэднюю з залатым медалём і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Жанаты. Маю двух сыноў –Уладзіслава і Віталія.
– А чаму выбралі прафесію настаўніка?
– Стаць настаўнікам марыў з дзяцінства. Мне вельмі падабалася геаграфія. І веды па ёй, здаецца, таксама былі – неаднаразова выступаў на алімпіядах у раёне, ездзіў на абласную, і вынікі былі даволі паспяховымі. Таму і стаў настаўнікам. Працаваў спачатку ў сваёй роднай школе, потым стаў яе дырэктарам, а праз нейкі час быў пераведзены ва ўпраўленне адукацыі Смаргонскага райвыканкама, дзе працаваў намеснікам начальніка па фінансава-гаспадарчай дзейнасці. У мінулым годзе мне паступіла прапанова заняць пасаду начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама – згадзіўся.
– Як вы прынялі рашэнне аб пераводзе вас у Астравец? З якім настроем прыехалі сюды? З якімі пачуццямі ўступалі на новую пасаду?
– Рашэнне было прынята мной пасля абмеркавання з сям’ёй. Разгледзелі ўсе “за” і “супраць” і вырашылі ехаць у Астравец. Я лічу, галоўнае – не спыняцца на дасягнутым. Чалавек павінен развівацца, працаваць над сабой. А паколькі я сам прыняў рашэнне аб пераходзе ў Астравецкі аддзел адукацыі, то і настрой у мяне быў добры. Ехаў я сюды з жаданнем працаваць і, вядома, быў нацэлены на паспяховую працу, на вынік. І цяпер таксама прытрымліваюся такога меркавання. І ў той жа час, канешне, былі перажыванні наконт таго, як мяне ўспрымуць кіраўніцтва раёна, дырэктары школ, спецыялісты аддзела адукацыі. У нейкім сэнсе гэта турбавала.
– Вашы ўражанні ад Астраўца і раёна ў цэлым?
– Першае ўражанне – невялікі кампактны гарадскі пасёлак. Уразіла, што будынкі і вуліцы прыведзены ў парадак. Усюды – чысціня, адразу бачна: кіраўніцтвам праведзена вялікая работа. Уражанні ад школ – самыя розныя. Яны не падобныя адна да другой, таксама як і людзі. На маю думку, паспяховасць школы залежыць ад кіраўніка. Калі дырэктар установы ўвесь час імкнецца да развіцця, да ўкаранення новага, працуе ў розных накірунках, то і школа займае лідзіруючае становішча не толькі ў раёне, але і ў вобласці. І наадварот.
– Наколькі за гэты час вы авалодалі сітуацыяй у сістэме адукацыі раёна? І як вы ацэньваеце тую спадчыну, што вам дасталася?
– За тры месяцы, што я ўзначальваю аддзел, пазнаёміўся з усімі ўстановамі адукацыі. Ёсць школы, якія заслугоўваюць высокай ацэнкі, у іншых трэба яшчэ шмат працаваць і працаваць. І не толькі над знешнім выглядам будынка, але і над вучэбна-выхаваўчым працэсам, паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Калі параўноўваць са Смаргонскім раёнам, то праблемы і тут, і там прыблізна аднолькавыя, характэрныя для бюджэтных арганізацый. Асноўная – недахоп грашовых сродкаў, а значыць, і цяжкасці пры ўкараненні інавацыйных тэхналогій і розных цікавых праектаў, паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
– Уявіце сітуацыю: да вас звярнуліся бацькі з пытаннем: у якую школу аддаць дзіця? Што б вы парэкамендавалі?
– Бацькі могуць аддаць дзіця ў тую школу, у якую хочуць. Мы не маем права ім у гэтым адмовіць. Кожная ўстанова мае сваю іскрынку, у кожнай – свая спецыфіка, у кожнай ёсць нешта станоўчае. І да выбару ўстановы для свайго дзіцяці трэба падыходзіць узважана. Да таго ж, многае залежыць ад месца жыхарства. Напрыклад, не ўсе бацькі змогуць вазіць сваё дзіця са Спондаў у Астравецкую гімназію. Вядома, у нашым раёне гімназія – самая перадавая ўстанова. Але каб паступіць сюды, трэба не толькі здаць экзамены, але важна яшчэ мець добрыя адзнакі за чацвёрты клас.
– Ці здаралася вам памыляцца ў людзях?
– Як і любы чалавек, я таксама дапускаю памылкі і адчуваю тады сябе няёмка. Бываюць сітуацыі, калі ты давяраеш чалавеку, а потым бачыш, што памыліўся ў сваіх меркаваннях, і тады таксама адчуваеш сябе не вельмі добра. У любым выпадку я лічу, што кожны чалавек мае шанс на выпраўленне.
– Якія патрабаванні вы прад’яўляеце да настаўнікаў, вучняў і бацькоў?
– У першую чаргу настаўнік павінен быць прафесіяналам. І не толькі настаўнік. Гэта адносіцца да любога спецыяліста – бухгалтара, інспектара… Свой участак работы трэба ведаць, як алфавіт – ад “А” да “Я”, валодаць і новаўвядзеннямі, і законамі, і інфармацыяй.
Калі гаварыць пра бацькоў, то яны не павінны перакладваць адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей на школу. У апошні час склалася такая тэндэнцыя: бацькі адпусцілі дзіця ў школу і лічаць, што настаўнікі павінны ім займацца. І гэта няправільна. Так, дзеці ў школе вучацца, удзельнічаюць у выхаваўчых мерапрыемствах, і ўсё ж большую частку часу яны праводзяць дома. І тое, што яны там убачаць, яны возьмуць з сабой у сваё дарослае жыццё. Адна школа нічога не зробіць. Таму выхаванне – адна з асноўных задач бацькоў.
Што датычыцца дзяцей, то іх галоўная задача – старанна вучыцца. Але акрамя вучобы, ёсць яшчэ і фізічнае выхаванне – і мала вырасці адукаваным грамадзянінам, трэба быць яшчэ і фізічна здаровым. А займацца спортам можна не толькі на ўроках фізкультуры. Гэта павінна быць ладам жыцця. Тут зноў многае залежыць ад бацькоў. А для заняткаў спортам не трэба шмат матэрыяльных сродкаў – дастаткова купіць мяч і пагуляць з сынам у футбол.
– Калі ўзнікае канфліктная сітуацыя паміж бацькамі і настаўнікамі, ці вучнямі і настаўнікамі, чый бок вы займаеце?
– Справядлівасці. Перш чым прыняць нейкае рашэнне, трэба дэталёва разабрацца ў сітуацыі – і толькі тады можна выбіраць чыйсьці бок.
– Што вас можа вывесці з раўнавагі?
– У маёй рабоце вельмі шмат пытанняў, звязаных з фінансавай і гаспадарчай дзейнасцю. Таму мне не падабаюцца безгаспадарчыя людзі, тым больш кіраўнікі. Прыклады безгаспадарчых адносін выводзяць з сябе. Па-другое, мне не падабаецца, калі людзі абыякава адносяцца да сваіх прафесійных абавязкаў. А па-трэцяе, не люблю несправядлівасць у розных яе праяўленнях.
– А што выратоўвае ад дрэннага настрою?
– У першую чаргу – заняткі спортам. Так пайшло яшчэ з дзяцінства. Не магу сказаць, што ў нашай сям’і было шмат лішніх грошай, тым не менш бацька купіў мне лыжы – і зімой я амаль штодзень катаўся на іх. А летам зноў-такі разам з бацькам ганяў у футбол. Я люблю займацца цяжкай фізічнай працай, люблю хадзіць у лазню. Усё гэта і выратоўвае ад дрэннага настрою.
– Якія перспектывы чакаюць аддзел адукацыі ў бліжэйшым будучым у сувязі з магчымым ростам насельніцтва горада і раёна?
– Гэта не “магчымая будучыня”, а рэальнасць. У сувязі з будаўніцтвам АЭС насельніцтва горада значна павялічыцца. Значыць, з’явяцца дашкольнікі і дзеці школьнага ўзросту. Таму ў нас запланавана будаўніцтва некалькіх новых школ і дашкольных устаноў, якія будуць адпавядаць самым сучасным патрабаванням.
Акрамя таго будзе ўдзелена ўвага і аказана падтрымка і тым школам, якія не ўвайшлі ў склад аграгарадкоў.
– Якія задачы развіцця адукацыі вы лічыце найважнейшымі?
– Перш за ўсё – інфарматызацыя. Дваццаць першае стагоддзе – век інфармацыйных тэхналогій. Час бяжыць хутка, і прагрэс не стаіць на месцы. У той час, як я хадзіў у школу, у нас у камп’ютарным класе стаялі “Карветы”, цяпер у кабінетах – сучасныя камп’ютары, і з кожным годам яны становяцца больш дасканалымі. Таму ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у вучэбна-выхаваўчы працэс і паўсядзённую дзейнасць – задача нумар адзін. Цяпер з дапамогай сучасных тэхналогій можна ўсё: вучыцца, вучыць, павышаць кваліфікацыю... Адзінае, што стрымлівае іх развіццё, – слабая матэрыяльна-тэхнічная база. Але паўтаруся, гэта праблема не толькі нашага раёна. У школах ёсць камп’ютарныя класы, але яны састарэлі маральна і фізічна. У нас шмат самых розных праграм, якія б мы маглі ўкараніць у вучэбна-выхаваўчы працэс, але не можам гэтага зрабіць па той жа прычыне. Да слова, 60 працэнтаў камп’ютарнай тэхнікі ў нашых школах трэба замяніць – а адзін камп’ютарны клас каштуе дваццаць пяць мільёнаў рублёў.
Хацелася б прадоўжыць укараненне ў вучэбны працэс інтэрактыўных дошак – пакуль яны ёсць толькі ў гімназіі і Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання. А павінны быць у кожнай установе.
Важнае месца адводзіцца інавацыям, укараненню новых педагагічных тэхналогій і выкарыстанню інтэрнэта. Што датычыцца новых методык выкладання, то ўсё залежыць ад настаўнікаў, якія не заўсёды жадаюць іх прымяняць. І над гэтым таксама трэба працаваць і педагогам, і дырэктару, і аддзелу адукацыі. Нам ужо ўдалося перавесці большасць школ на шырокапалосны доступ у інтэрнэт – і гэта дасць магчымасць больш шырока выкарыстоўваць глабальную сетку ў адукацыйным працэсе. Без гэтага цяпер жыццё немагчыма.
– Як вы лічыце, ці можа ў хуткім часе школьная адукацыя стаць платнай?
– Гэтага не здарыцца ні ў якім выпадку! Дзяржавай гарантавана атрыманне бясплатнай і даступнай адукацыі для ўсіх – і гэта правільна.
– Як тады можна растлумачыць увядзенне ва ўсіх школах платных груп па прадметах?
– У бацькоў павінен быць выбар. Дзіця атрымлівае адукацыю бясплатна, але калі ў дзіцяці і бацькоў ёсць жаданне атрымаць больш глыбокія веды, яны могуць скарыстацца магчымасцю займацца ў платных групах. Часам складваецца вельмі парадаксальная сітуацыя: настаўнікі, якія працуюць у школах, займаюцца са сваімі вучнямі дома і бяруць за гэта грошы. Дык тады чаму не займацца гэтым жа ў школе? Я не супраць таго, каб настаўнік зарабляў грошы, калі ў яго гэта атрымліваецца. Але ў гэтым накірунку павінна працаваць і школа, каб зарабіць грошы, напрыклад, на рамонт, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Кошт платных заняткаў даступны для кожнага, да таго ж арганізацыя платных груп праводзіцца толькі па жаданні бацькоў. А вось індывідуальныя заняткі, якія мы арганізоўваем на базе школ, каштуюць даражэй, але ўсё ж значна танней, чым у “пазаштатных” рэпетытараў.
Што не можа не хваляваць, дык гэта тое, што ад платных адукацыйных паслуг грошай школе амаль не застаецца – многа “з’ядаюць” падаткі. Добра было б, каб быў прыняты заканадаўчы акт ці іншы дакумент, які б рэгламентаваў гэтую дзейнасць, каб падаткі былі мінімальныя, а яшчэ лепш было б іх адмяніць. Каб усе гэтыя грошы асядалі на рахунку школы, і дырэктар мог імі распараджацца.
– Памеры пазабюджэтнай дзейнасці, якія даводзяцца школе, з кожным годам павялічваюцца. Але асноўная задача школы – вучыць, а не зарабляць грошы. Што думаеце на гэты конт?
– Гэта вельмі актуальнае пытанне. Я таксама лічу, што асноўная задача школы – вучыць дзяцей, але задача кіраўніка ўстановы – зарабляць і праяўляць нейкую ініцыятыву ў гэтым накірунку. Хіба дрэнна, калі на базе школы настаўнікі будуць аказваць паслугі рэпетытара? Прынамсі, у такім выпадку ў выйгрышы будуць усе – дзеці, бацькі, настаўнікі і школа. А за сродкі пазабюджэтнай дзейнасці можна паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу школы. У нашым раёне ёсць прыклады, калі кіраўнікі сваёй напорыстасцю, жаданнем нешта змяніць у сваёй установе дабіліся значных поспехаў – і яны бачаць у гэтым перспектыву. І за гэта трэба сказаць дзякуй.
Школа цяпер не тая, што была ў савецкі перыяд. Цяпер гэта дзяржаўная ўстанова, на якую ўскладзены абавязкі па фінансава-гаспадарчай дзейнасці – кантроль за рацыянальным выкарыстаннем рэсурсаў і сродкаў. Яшчэ раз паўтаруся: задача школы – вучыць, задача кіраўніка – шукаць, дзе можна зарабіць, і як заробленае рацыянальна выкарыстаць.
– На які з накірункаў у рабоце школы вам яшчэ раз хацелася б звярнуць увагу?
– Адным з актуальных пытанняў і асноўнай задачай з’яўляецца эканомія ўсіх відаў рэсурсаў. Канешне, кіраўнікі праводзяць вялікую работу па эканоміі, але яны не бачаць сродкаў, якія выдаткоўваюцца на электраэнергію, на ацяпленне, і ў некаторых установах гэта выкарыстоўваецца бяздумна. Да пытання эканоміі падыходы будуць вельмі жорскімі.
– Давайце ад пытанняў рабочых пяройдзем да асабістых. Перш дазвольце вас павіншаваць з нараджэннем сына.
– Дзякуй.
– Ведаю, што ваша жонка – таксама настаўнік. Тое, што ў сям’і – два настаўнікі, дапамагае вам у рабоце і жыцці, ці наадварот, перашкаджае?
– Так, мая жонка Надзея – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Да таго ж яна таксама кіраўнік – да дэкрэтнага адпачынку працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце адной са смаргонскіх школ. І тое, што мы – абодва настаўнікі, нам, канешне ж, дапамагае. У многіх пытаннях я – першы яе дарадчык, вырашыць іншыя, наадварот, дапамагае Надзея.
– На працягу працоўнага дня даводзіцца вырашаць шэраг пытанняў. Але дзень заканчваецца – і вы вяртаецеся дамоў... Ці ўдаецца дома забыцца пра школьныя праблемы?
– Праблем на самой справе шмат, і я стараюся не цягнуць іх дахаты, а пакідаць на рабоце. Іншая справа, што не заўсёды гэта ўдаецца. На жонку я іх, канешне, не перакладваю, але часам, нават калі адпачываю, то лаўлю сябе на думцы, што думаю пра работу, школы, праблемы. І ўсё ж пасля работы стараюся знайсці час на адпачынак.
– Як вы адпачываеце? Ці ёсць у вас любімы занятак, якому вы можаце прысвяціць не адну гадзіну?
– На выхадныя звычайна стараюся вырвацца ў лазню. Праводжу там 3-4 гадзіны, хаджу ў парылку, плаваю ў басейне. І ўся стомленасць, якая накапілася за тыдзень, аўтаматычна здымаецца. А адчуваеш сябе зусім іншым чалавекам – душа адпачывае.
– Іншым часам і дома не ўсё ладзіцца – і тады вы “адрываецеся” на сваіх падначаленых?
– Я ніколі не змешваю рабочыя праблемы і праблемы ў сям’і. Гэта няправільна.
– Каго вы лічыце сваім настаўнікам па жыцці?
– Гэта, канешне, мае бацькі. Мама Яніна Віктараўна і бацька Віктар Мечыслававіч. Але ў першую чаргу – бацька. Усё, што ў мяне ёсць, чым я цікаўлюся, сфарміравалася дзякуючы яму. І хаця бацькі ўжо няма ў жывых, яго жыццёвыя ўрокі я помню і цяпер.
– Дзякуй за гутарку, поспехаў вам і плёну на ніве адукацыі і выхавання.
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.