На вопросы "Прямой линии" ответила начальник отдела образования, спорта и туризма Наталья Станкевич

“Прамая лінія”, якая напярэдадні навучальнага года прайшла з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму, была даволі насычанай. Сем чалавек задалі Наталлі Іосіфаўне Станкевіч цікавячыя іх пытанні.

– У раённай газеце не раз праходзіла інфармацыя аб узнагароджванні школьнікаў абласной прэміяй імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко. Хацелася б даведацца, каму і за якія поспехі яна ўручаецца?


– Прэмія прысуджаецца адораным вучням за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Інфармацыя на кандытата падаецца да 10 верасня ва ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама на разгляд камісіі, а рашэнне аб прысуджэннні прэміі прымае Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў. Прэмія выплачваецца адзінаразова ў памеры 20 базавых велічынь.
Так, з 2008 года яе лаурэатамі станавіліся і школьнікі з нашага раёна. Гэта Анастасія Вайшнаровіч, Уладзіслаў Міхно, Аксана Аўгуль (гімназія №1), Юлія Сцефановіч (Гервяцкая СШ). Кандыдатам на атрыманне прэміі ў гэтым годзе зяўляецца вучаніца СШ №1 Маргарыта Шаўчэнка.


Мама, чые дзеці вучацца ў Варнянскім НПК, ставіла перад начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму праблему адсутнасці ў гандлёвых кропках рабочых сшыткаў на друкаванай аснове па прадметах. Яна таксама цікавілася, чаму настаўнікі амаль не займаюцца па гэтых сшытках на ўроках. Да прыкладу, у канцы года сшыткі па некаторых прадметах былі чыстыя. Навошта тады іх набываць?


– Што датычыцца рабочых сшыткаў па прадметах, то ў мінулым годзе супрацоўнікі ўнівермага прымалі ўдзел у педагагічнай канферэнцыі – рабочыя сшыткі па прадметах, а таксама вучэбную літаратуру маглі набыць усе жадаючыя. Сёлета сапраўды ў нашым раёне ёсць праблема з набыццём сшыткаў. Як паведаміла нам дырэктар Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Т.І. Халадкова, звязана гэта з тым, што пастаўшчык змяніў умовы адгрузкі тавару. А паколькі Астравецкі філіял не з'яўляецца юрыдычнай асобай і дагаворы пастаўкі заключаюцца Гродзенскім абласным спажывецкім таварыствам, то і працэдура афармлення дакументаў крыху зацягнулася. У цяперашні час пытанне вырашана, і ў першыя дні верасня літаратура паступіць у магазін.
Другая частка пытання, спадзяюся, таксама сёлета будзе вырашана. На педагагічных саветах, што напэрэдадні навучальнага года прайшлі ва ўсіх школах раёна, інфармацыя па выкарыстанні рабочых сшыткаў на друкаванай аснове даведзена да ўсіх настаўнікаў.


– Сёлета мой сын пойдзе ў 10 клас. Чула, што гэтым летам на працягу некалькіх дзён дзесяцікласнікі праходзілі ў «Ластаўцы» ваенна-палявыя зборы. Хацелася б даведацца, ці абавязковыя яны?


– У адпаведнасці з правіламі правядзення атэстацыі вучняў, гадавая адзнака юнакам па дапрызыўнай падрыхтоўцы ў 10 класе выстаўляецца з улікам адзнакі за вучэбна-палявыя зборы, а рашэнне аб пераводзе дзесяцікласнікаў у наступны клас педагагічны савет прымае пасля іх правядзення.
У школах для праходжання поўнага цыклу праграмы вучэбна-палявых збораў – не створана спецыяльных умоў, адсутнічае матэрыяльна-тэхнічная база. Таму з 2005 года гэтыя зборы праходзяць на базе абаронна-патрыятычнага летніка “Ластаўка”, побач з якім размяшчаюцца аддзел пагранічнай службы “Гудагай” і пагранічная застава “Лоша”.
Таму вучэбна-палявыя зборы абавязковыя для юнакоў-дзесяцікласнікаў, а таксама дзяўчат, якія праходзяць іх на базе медыцынскіх устаноў.


– Наша сям’я жыве ў Кавалях, а дзіця наведвае Мальскі дзіцячы сад. У сувязі з тым што наша вёска ўвайшла ў склад горада, ці будзе сёлета арганізаваны падвоз дзяцей у Малі? І калі будзе здадзены новы дзіцячы сад?


– Думаю, што ніякіх змен у падвозе дзяцей не адбудзецца. Як і раней, іх будуць падвозіць у дашкольную ўстанову. Да верасня падвоз дашкольнікаў быў часова прыпынены, аднак з 1 верасня ён адноўлены.
Што датычыцца новага дзіцячага сада, то згодна з Пастановай Савета Міністраў, яго павінны здаць у снежні бягучага года. Плануецца, што з 1 студзеня 2015 года дзеці змогуць наведваць новую дашкольную ўстанову.


– Сёлета адмянілі экзамен па гісторыі Беларусі ў 9 класе і перанеслі яго ў 11 клас. Колькі экзаменаў у гэтым навучальным годзе давядзецца здаваць школьнікам?


– Пасля заканчэння 9 класа школьнікі будуць здаваць тры экзамены: матэматыку (кантрольная работа), беларускую і рускую мовы (дыктант). У 11 класе вучням давядзецца здаць чатыры іспыты: рускую ці беларускую мовы (пераказ), матэматыку (кантрольная работа), гісторыю Беларусі (вусна), замежную мову (у тры этапы: вуснае выказванне, аўдзіраванне, чытанне і разуменне тэксту). Варта помніць, што калі прадметы вывучаліся на павышаным узроўні, то і здаваць іх школьнікі будуць на павышаным узроўні.
Па жаданні выпускнік мае права здаваць яшчэ адзін экзамен па выбару (хімія, фізіка і г.д.).


– У гімназіі адміністрацыя патрабуе абавязковае нашэнне школьнай формы. Ці могуць дзеці хадзіць у адзенні яркага колеру – напрыклад, чырвоная ці аранжавая сарочка?


– У нашай краіне пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх школах вучні 1-11 класаў павінны прытрымлівацца адзення дзелавога стылю. Для хлопчыкаў – гэта пінжак ці камізэлька, штаны, сарочка і гальштук. Для дзяўчынак – адпаведна пінжак ці камізэлька, спадніца ці штаны, блузка, сарафан. Пажадана, каб яны не былі стракатых колераў. І галоўнае, каб дзіця было апранута па сезону, таму што і для бацькоў, і для настаўнікаў на першым месцы стаіць здароўе дзіцяці. Таму ў зімовы перыяд школьнікам дазваляецца апранаць трыкатажныя світар ці камізэльку.
Вітаецца, калі школа вытрымлівае адзіны стыль у школьнай форме. Так, бацькі школьнікаў з некаторых устаноў адукацыі выказалі жаданне ўвесці нашэнне камізэлькі з лагатыпам школы, гальштука з яе эмблемай і г.д.


– Мая дачка вызвалена ад заняткаў па фізічнай культуры ў асноўнай групе і аднесена да спецыяльнай медыцынскай групы. Ці абавязана яна наведваць спартыўна-масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў шосты школьны дзень?


– Сёння ў шосты школьны дзень праводзяцца не толькі спартыўна-масавыя мерапрыемствы, але і шэраг сустрэч, конкурсаў, гутарак па самых розных накірунках. І я рэкамендавала б наведваць усе школьныя мерапрыемствы, калі гэта, канешне, не шкодзіць здароўю вашага дзіцяці.


--------------------------------------------
На “Прамой лініі” дзяжурыла Алена ЯРАШЭВІЧ.