На старт выходят... сильные духом
Спартыўныя спаборніцтвы «На старт», прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі, прайшлі ў фізкультурнааздараўленчым комплексе «Старт», які прадставіў аддзел адукацыі, спорту і турызму. Незвычайныя таму, што іх удзельнікамі сталі людзі з абмежаванымі магчымасцямі – дарослыя, маладыя і зусім юныя.У спаборніцтвах удзельнічалі тры каманды: члены раённай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў» сабралі каманду «Усмешка», выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі назваліся «Дэльфінамі», а наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў стварылі каманду «Дружба».
– Займацца фізкультурай – карысна, а займацца вясёлай фізкультурай карысна ўдвая, – сказала, адкрываючы спаборніцтвы, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Куцько.
І не памылілася: усе атрымалі тут столькі радасці і пазітыву, што хопіць не на адзін тыдзень наперад.Усё было, як на сапраўдных спаборніцтвах: кіраваў спартыўным працэсам Вадзім Лебядзевіч, а журы, у склад якога ўвайшлі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Раткевіч, дырэктар Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Леанід Даўляш і намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты «Астравецкая праўда» Алена Ярашэвіч, пільна сачыла за спаборніцтвамі і выстаўляла балы.
Бег з эстафетнай палачкай і праз абручы, з мячамі ў руках, конкурсы «Юны футбаліст» і «Юны хакеіст», эстафета, спецыяльны конкурс для капітанаў – выпрабавані былі не жартоўныя. Але пры дапамозе валанцёраў Гудагайскай школы, якія ў нестандартных сітуацыях станавіліся памочнікамі ўдзельнікаў спаборніцтваў, усё атрымалася.
Стараліся ўсе спартсмены: яны дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі і часам нават замянялі ў конкурсах. А колькі эмоцый і перажыванняў выклікаў конкурс капітанаў, якія кідалі дроцікі!Але спаборніцтвы ёсць спаборніцтвы – у іх заўсёды ёсць пераможцы і пераможаныя. На гэты раз перамагла «Дружба», другое месца заняла «Усмешка», а трэцяе – самыя маленькія ўдзельнікі спаборніцтваў – «Дэльфіны». Усе каманды атрымалі Дыпломы і падарункі, спонсарам якіх выступіла раённая арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».
Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Усе хлопчыкі і мужчыны, якія прымалі ўдзел у спартакіядзе, атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа».
Пачэсная місія выпала і раённай газеце «Астравецкая праўда»: адна з нашых пазаштатных аўтараў Святлана Мешкіс вырашыла перадаць свой ганарар за ўдзел у рэдакцыйным конкурсе аднаму з удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў – яго атрымаў выхаванец карэкцыйнага цэнтра Яраслаў Пляско.
– Мне вельмі спадабалася тое, што я сёння ўбачыў, – сказаў ганаровы госць мерапрыемства, саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ёса. – Тут я атрымаў шмат пазітыўных эмоцый, якія вельмі цяжка выказаць словамі. Я ўпэўнены, што людзьмі, якія сёння ўдзельнічалі ў эстафеце, трэба ганарыцца. А таксама дапамагаць ім не замыкацца ў чатырох сценах.Я заўсёды з задавальненнем прымаю ўдзел у такіх мерапрыемствах – эмоцыі зашкальваюць, так і хочацца сарвацца з месца і кінуцца на дапамогу. Упэўнена, што са мной пагодзяцца ўсе, хто быў у той дзень у спартыўнай зале «Старт». І таму прапанова Вадзіма Лебядзевіча арганізаваць занальныя спаборніцтвы для трох суседніх раёнаў удзельнікамі спартландыі была прынята на «ўра».
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
