На сельском сходе в Ворнянах рассмотрели злободневные вопросы
Добрай традыцыяй у нашым раёне сталі сельскія сходы, на якіх разам з прадстаўнікамі розных структур і органаў самакіравання мясцовыя жыхары абмяркоўваюць злабадзённыя пытанні.На мінулым тыдні ў актавай зале адміністрацыйнага будынка СВК “Варняны” адбыўся сельскі сход жыхароў Варнянскага сельвыканкама.
На парадак дня было вынесена некалькі актуальных пытанняў. Начальнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі Астравецкага РАНС Сяргей Канстанцінавіч Дыдышка нагадаў прысутным пра пажарную бяспеку, а таксама прывёў статыстыку пажараў у раёне і рэспубліцы. Аднак, напэўна, куды больш красамоўным, чым сухая мова лічбаў, стаў прагляд відэафільмаў пра пажары і словы людзей, дзеці якіх загінулі ў агні.
Некалькі апошніх гадоў практыкуецца новаўвядзенне, калі ўчастковы інспектар робіць справаздачу аб сваёй дзейнасці перад насельніцтвам. Так, Дзяніс Анатольевіч Іканопала падсумаваў вынікі 2015 года: на тэрыторыі Варнянскага сельсавета было здзейснена 38 злачынстваў, 14 з якіх – крадзяжы. За знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, а таксама распіццё спіртных напояў было складзена 436 адміністрацыйных пратаколаў. Акрамя гэтага, на кантролі ўчастковага па-ранейшаму застаецца прафілактычная работа з сем’ямі, якія знаходзяцца на ўліку як сацыяльна небяспечныя, і з абавязанымі асобамі.
Намеснік начальніка РАУС Вадзім Мар’янавіч Савіцкі адзначыў, што найбольш крымінагеннымі адміністрацыйнымі ўчасткамі Астравеччыны па-ранейшаму застаюцца Астравец і тэрыторыя Варнянскага сельсавета, а таксама падкрэсліў, што па выніках работы за 2015 год Дзяніс Анатольевіч Іканопала прызнаны лепшым участковым інспектарам у раёне. Таксама прадстаўнік праваахоўных органаў спыніўся на праблемах дарожнай бяспекі і нагадаў прысутным аб адказнасці, у тым ліку і крымінальнай, за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
Шмат пытанняў у ўдзельнікаў сходу ўзнікла да начальніка пагранічнай заставы “Маладзечанская” (в. Петраполь) Кірыла Юр’евіча Руды. Жыхары вёсак, якія знаходзяцца ў прыгранічнай зоне, цікавіліся, якім чынам можна будзе летам збіраць грыбы на памежнай тэрыторыі, якія дакументы патрэбны родзічам з Літвы, акрамя візы, каб законна знаходзіцца ў пагранзоне, і іншыя. Кірыл Юр’евіч даў вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, а таксама адзначыў, што ўсю цікавячую інфармацыю можна будзе знайсці на спецыяльным стэндзе ў будынку сельвыканкама.
Старшыня Варнянскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Часлававіч Вярбовіч падвёў вынікі сходу і нагадаў, што з 15 сакавіка распачнецца месячнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі, таму домаўласнікі і кватэранаймальнікі павінны паклапаціцца аб парадку ля сваіх дамоў.
--------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
