На Островетчине в одиннадцатый раз чествовали молодых специалистов

молодые спецТрадыцыйнае раённае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню маладых спецыялістаў, якія ў 2015 годзе прыехалі ў наш раён на свае першыя працоўныя месцы, прайшло ў Астраўцы.

молодые спец1Астравеччына: знаёмая і незнаёмая

Пачатак традыцыі ўшанавання маладых спецыялістаў быў пакладзены 11 гадоў назад, і з году ў год колькасць маладых людзей, якія пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў выбіраюць Астравеччыну, расце. Сёлета іх было ажно 202 – і сёння яны працуюць у розных галінах эканомікі, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы нашага раёна.

Звычайна ўрачыстасць пачынаецца са знаёмства з Астравеччынай. Моладзь дзеліцца на некалькі груп – кожную з іх суправаджаюць намеснікі старшыні райвыканкама, што курыруюць розныя сферы, – якія адпраўляюцца па запланаваных маршрутах.
молодые спец1-1

молодые спец1-2Так, сёлета падчас мерапрыемства маладыя спецыялісты наведалі пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС – пазнаёміліся з вучэбна-трэніровачным цэнтрам і вытворчай базай, а таксама пабывалі ў касцёле святой Тройцы ў Гервятах і сталі слухачамі невялікага канцэрта арганнай музыкі, наведалі Гервяцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, пабачылі, як хуткімі тэмпамі ўзводзяцца новыя мікрараёны нашага горада, завіталі ў гімназію №1, раён электрычных сетак і ЗАГС.
– У Астравецкі раён я прыехаў з Гродна і быў накіраваны на працу ў Кямелішкаўскі НПК, – дзеліцца ўражаннямі настаўнік Васіль Станкевіч. – За гэты час пабываў у некалькіх школах раёна. А сёння для нас арганізавалі цудоўную экскурсію. Было на што паглядзець – мне вельмі спадабалася. Нават з'явілася думка застацца на Астравеччыне назаўсёды. Думаю, гэта таго варта.
А Сяргей Гродзель, вадзіцель ДРБУ №159 з мясцовых – родам з Варнян, таму пра Астравеччыну і яе прыгожыя і знакамітыя мясціны ведае не па чутках. Сёння юнак жыве ў камфартабельным інтэрнаце, які маладому спецыялісту прадставіла арганізацыя, у якой ён працуе. Пра будучыню малады чалавек пакуль што не задумваецца, але працаваць у ДРБУ яму падабаецца. Гэтаксама, як і мерапрыемства, якое раённыя ўлады арганізавалі для маладых спецыялістаў – і гэтую думку падзяляюць многія маладыя людзі, якія ў той дзень сталі непасрэднымі яго ўдзельнікамі.

Давайце пазнаёмімся

Другая частка мерапрыемства прайшла ў кінаканцэртнай зале «Астравец». Пачалася яна з фотаэкскурсу ў 2015 год – усе сталі сведкамі падзей, якія праходзілі ў нашым раёне ў рамках Года моладзі.

Па традыцыі маладых спецыялістаў прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. А потым на сцэну выклікалі маладых спецыялістаў, якія сёння працуюць у розных галінах нашага раёна, – кожнага з іх прывіталі намеснікі старшыні райвыканкама Руслан Мікалаевіч Сачко, Віктар Збігневіч Свіла, Павел Віктаравіч Мілешка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць і першы сакратар райкама БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава і ўручылі ім падарункі.
– 11 гадоў назад у нашым раёне быў пакладзены пачатак традыцыі ўшанавання маладых спецыялістаў. Тады на Астравеччыну іх прыехала толькі трыццаць чалавек. Праз пяць гадоў іх стала ўжо 132. А за апошнія тры гады да нас прыехала 405 маладых людзей, якія сталі працаваць у розных арганізацыях нашага раёна. Сёлета – 202, і гэта значыць, што патрэбы ўзрастаюць. А каб маладыя спецыялісты засталіся на Астравеччыне, трэба прыкласці намаганні, – упэўнены старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Цёплыя словы віншавання, падарункі і прыгожыя песні ў выкананні артыстаў астравецкай эстрады падарылі моладзі шмат пазітыўных эмоцый.
Маладыя спецыялісты таксама не засталіся ўбаку. Ад іх імя выступіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Яўгенія Манчукевіч, якая падзякавала за цёплы прыём і паабяцала смела ісці да пастаўленай мэты і дабівацца жадаемага.

Творчасць без межаў

А колькі радасці і добрага настрою падарыў раённы конкурс «Творчасць без межаў», удзельнікамі якога сталі маладыя спецыялісты! Дзесяць канцэртных нумароў – песні, мініяцюры, музычныя кампазіцыі: складвалася ўражанне, што на сцэне стаяць сапраўдныя артысты і музыканты, якіх гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі.

молодые спец2Першымі на сцэну падняліся спецыялісты дзіцячай школы мастацтваў Уладзіслаў Сапега, Андрэй Кажанеўскі і Ірына Мялешка – іх «Весельчак» з самага пачатку конкурса задаў добры настрой.
Урач цэнтральнай раённай бальніцы Лілія Танковіч упэўнена, што стаць добрым урачом можа толькі той, хто любіць людзей, – гэта яна з дапамогай сваіх калег і прадэманстравала ў творчым нумары «Сямейны доктар».
молодые спец3Малады спецыяліст Астравецкага лясгаса Ганна Мажуць на Астравеччыну прыехала з Віцебшчыны. Песня «Жылі-былі» ў яе выкананні выклікала не толькі бурныя апладысменты – у Ані адразу ж з'явіліся свае паклоннікі, якія аддзячылі ёй за добрае выкананне кветкамі.
Спецыялісты СВК «Гудагай» – Святлана Гілевіч, Вікторыя Янкоўская, Максім Букліс, Андрэй Магадзя і Андрэй Грынцэвіч – прадставілі на суд гледачоў і журы мініяцюру пад назвай «Малады спецыяліст», у якой расказалі аб прыездзе на сваё першае рабочае месца.
молодые спец4Алена Стасяк, якая працуе ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1, любіць спяваць і любоў да песні прывівае сваім выхаванцам. Яе «Смачны мёдзік», думаецца, спадабаўся ўсім.
Мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя маладыя спецыялісты з сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Варняны» арганізавалі таварысцкі суд над пастухом. Іх выступленне суправаджалася ўзрывамі смеху ў зале – значыць, гледачам спадабалася.
Настаўнік па прызванні, фізік па прафесіі і лірык у душы – усё гэта пра настаўніка Гудагайскай школы Уладзіміра Крыўца, які ў дадатак да ўсяго ў вольны час займаецца разьбой па дрэве і захапляецца народнымі песнямі і танцамі. «Братка беларус» у яго выкананні таксама быў прыняты бурнымі апладысментамі.
молодые спец5А колькі эмоцый выклікала выступленне рэжысёра масавых мерапрыемстваў Анастасіі Мажэйка! Яе маналог «Есенин», у якім яна цудоўна сыграла ролю Айседоры Дункан, у многіх выклікаў слёзы перажывання за лёс гэтых вядомых людзей.
Настаўніца СШ №2 Нэлі Казлоўская яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што хоча быць настаўніцай, і настойліва ішла да сваёй мэты. Па жыцці з дзяўчынай заўсёды крочыла песня – і падчас конкурсу Нэлі Віктараўна пры падтрымцы сваіх калег выканала песню «Аксана».
Апошняй на сцэну выйшла метадыст Цэнтра культуры і народнай творчасці Вікторыя Касцюк – па гэтай прычыне дзяўчыне, бадай што, было найскладаней, і тым не менш песня «Так сильно» ў яе выкананні была горача прынята гледачамі.
А пакуль журы падлічвала балы, маладых спецыялістаў забаўлялі астравецкія артысты. Зразумела, што выбраць лепшага выканаўцу было складана, але ўсё вырашалі выстаўленыя членамі журы балы.
молодые спец6Вынікі конкурсу падводзіліся ў дзвюх намінацыях – індывідуальнае выкананне і выступленне з падтрымкай калектыву. Пераможцай у першай намінацыі стала Ганна Мажуць з лясгаса, другое месца занялі маладыя спецыялісты СВК «Гудагай», а трэцяе – Алена Стасяк з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 Астраўца.
Перамогу ў другой намінацыі святкавала Анастасія Мажэйка з Цэнтра культуры і народнай творчасці, другое месца заняла яе калега Вікторыя Касцюк, на трэцім – маладыя спецыялісты з СВК «Варняны».
Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны дыпломамі.
А напрыканцы дня маладых спецыялістаў запрасілі на музычна-забаўляльную праграму і дыскатэку.

---------------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.