На Островетчине работал летний лагерь для школьников по экокраеведению
Штогод на базе школ раёна на летніх канікулах адчыняюць дзверы раённыя профільныя летнікі з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.Сёлета да ўжо атрымаўшых папулярнасць сярод дзяцей і іх бацькоў «Вясёлкі», «Алімпіёніка» і «Вандроўніка» дадаўся яшчэ адзін – эколага-біялагічны і краязнаўчы летнік «Экакраязнаўцы», які адкрыўся ў Варнянскім НПК.
– Ідэя адкрыць падобны летнік узнікла ў мінулым годзе. Тады мы плённа супрацоўнічалі з грамадскім аб'яднаннем «Ахова птушак Бацькаўшчыны», дзякуючы гэтаму цяпер можам пахваліцца даволі багатай матэрыяльна-тэхнічнай базай эколага-біялагічнага профілю, – расказвае начальнік летніка Алена Іванаўна Юркойць. – Спадзяюся, што наша спроба была ўдалай – і ў наступным годзе наш летнік зноў збярэ дзяцей.
А сёлета ў «Экакраязнаўцы» сабралася 20 самых актыўных эколагаў і краязнаўцаў з СШ №1 г. Астравец, Варнянскай, Спондаўскай і Альхоўскай школ.
На 18 дзён вучэбныя кабінеты ператварыліся ў спальныя пакоі, у якія засяліліся тыя, хто захапляецца біялогіяй і экалогіяй, любіць падарожнічаць і спазнаваць новае.
Мерапрыемствы ў летніку арганізаваны ў адпаведнасці з планам – кожны дзень прысвечаны вызначанай тэматыцы, якая звязана з краязнаўствам і эколага-біялагічным накірункам: свет прыроды і жывёл, раслін і дрэў, беспазванковых і грыбоў… Віктарыны, конкурсы, экалагічныя акцыі, падарожжы, навукова-даследчая дзейнасць і эксперыменты – штодзень дзяцей чакаюць цікавыя мерапрыемствы.– Мне вельмі спадабалася ў летніку, – дзеліцца ўражаннямі пяцікласнік СШ №1 Раман Дрэма. – Тут я знайшоў шмат новых сяброў, мы займаемся даследчай дзейнасцю – гэта цікава і пазнавальна.
– А яшчэ мы падарожнічалі, – працягвае камандзір атрада «Грынпіс» Антон Юркойць. – Наведалі Бабраўнікі, Варону, Быстрыцу, Міхалішкі, Гервяты – пазнаёміліся не толькі з гісторыяй і архітэктурнай спадчынай нашага раёна, але і з цікавымі людзьмі.
– Мы цесна супрацоўнічалі з палатачным летнікам «Вандроўнік», – расказвае дырэктар лагера «Экакраязнаўцы» Алена Іванаўна. – Разам арганізоўвалі Купалле: плялі з кветак вянкі, пускалі іх па вадзе, скакалі праз вогнішча – усё гэта было дзецям цікава. І адначасова пазнавальна, бо ў кожным мерапрыемстве мы стараемся знайсці сувязь з тэматыкай нашага летніка.
Цеснае супрацоўніцтва астравецкія экакраязнаўцы наладзілі і з летнікам «Юны лесавод», які працуе на базе Мураванаашмянскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна. У дзяцей падобныя інтарэсы – і таму такія сустрэчы заўсёды праходзяць пазнавальна для ўсіх.
– З намі займаліся не толькі настаўнікі Варнянскай школы Уладзімір Віктаравіч Саленік і Людміла Аляксандраўна Гродзь, але і Святлана Іванаўна Мацкевіч і Марыя Вацлаваўна Сяргей з Міхалішкаўскай школы, і Вольга Казіміраўна Юргелянец з Рытанскага НПК, – расказвае Ангеліна Тамашэвіч. – Напрыклад, у Рытані мы праводзілі даследчую работу і вучыліся адрозніваць лягушку ад жабы.
Словам, час школьнікі дарэмна не гублялі. Да абеда займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, даглядалі сад, нядаўна пасаджаны каля Варнянскай школы, праводзілі эксперыменты і доследы, а пасля абеду разам са сваімі выхавальніцамі Марыяй Іосіфаўнай Саковіч і Наталляй Уладзіміраўнай Тамашэвіч удзельнічалі ў цікавых выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемствах.– Вынікам адпачынку ў нашым летніку сталі запоўненыя вучнямі даследчыя дзённікі і калектыўнае даследаванне эколага-біялагічнага накірунку, – расказвае Алена Іванаўна. – А яшчэ падчас закрыцця летніка ўсіх нашых выхаванцаў чакаў прыемны сюрпрыз.
Васямнаццаць дзён адпачынку праляцелі хутка – і дзеці вярнуліся дамоў адпачнуўшымі і з надзеяй на сустрэчу ў гэтым жа летніку ў наступным годзе.
------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
