На Островетчине прошли финальные спортивные соревнования среди учащихся начальных классов
Фінальныя спартыўныя спаборніцтвы па рухальных гульнях сярод вучняў пачатковых класаў прайшлі на Астравеччыне.Спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. Першапачаткова вучні з усіх школ раёна выпрабоўвалі сілы, дэманстравалі спрыт і хуткасць у занальных спаборніцтвах. Юных спартсменаў прымалі ў Гудагайскай і Міхалішкаўскай школах, Варнянскім і Падольскім НПК. У кожнай групе былі выбраны пераможцы, якімі сталі “пачаткоўцы” з Гудагайскай, Міхалішкаўскай, Варнянскай, Падольскай школ і гімназіі №1. Яны і сустрэліся на фінальных спаборніцтвах у Гудагайскай сярэдняй школе.
Перш чым пачаліся спартыўныя конкурсы, рабяты маглі паўдзельнічаць у школьным кірмашы і паслухаць музыку – словам, павесяліцца. А потым пачаліся спаборніцтвы, якія складаліся ажно з 12 этапаў.
Як і належыць, пачаліся яны з прывітання каманд і прадстаўлення эмблем і дэвізаў. А потым былі скачкі на адной назе і ў мяшку, бег з паскарэннем і ў абручы, кідкі мяча і яго перадача над галавой, практыкаванні з гімнастычнай палкай, аджыманне і шэраг іншых спартыўных “выпрабаванняў”, якія давялося прайсці юным спартсменам. А тое, што дома і сцены дапамагаюць, тут было пацверджана на практыцы: па хуткасці, спрытнасці і сіле не было роўных камандзе школьнікаў з Гудагая. Амаль ва ўсіх эстафетных конкурсах гудагайскія школьнікі былі лідарамі і, набраўшы 14 балаў, заслужана занялі першае месца. Крыху адсталі ад іх “пачаткоўцы” з Варнян – у іх пераможнай скарбонцы 23 балы і другое месца. Аднолькавую колькасць балаў набралі школьнікі з гімназіі №1 і Міхалішак – яны падзялілі трэцяе месца. І на чацвёртай прыступцы п’едэсталу раённага конкурсу “Вас выклікае Спартландыя” апынуліся школьнікі з Падольцаў.
Усе фіналісты раённых спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму і атрымалі салодкія падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. А самым хуткім, моцным і спрытным быў прызнаны капітан каманды Гудагайскай школы трэццякласнік Аляксандр Ярашэвіч, які атрымаў спецыяльны прыз аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.
Свята спорту і здароўя атрымалася яркім і запамінальным дзякуючы цёпламу прыёму, які арганізавала адміністрацыя Гудагайскай школы на чале з Г.М. Капцюг разам са школьнымі настаўнікамі фізічнай культуры.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з сайта star-mdou12.ucoz.ru.
