На Островетчине прошёл районный этап Международного конкурса юных чтецов "Живая классика"
Кажуць, што людзі перасталі чытаць, што кнігі саступаюць месца інтэрнэту і ўвогуле губляюць сваю актуальнасць і значнасць, іншымі словамі – аджываюць свой век.Раённы тур ІІІ Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” сярод вучняў 6-7 класаў, які прайшоў у Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паказаў адваротнае. Таленавітыя настаўнікі літаратуры нашага раёна ўмеюць зацікавіць мастацкімі творамі, а вучні не толькі з захапленнем чытаюць, але і дакладна ўспрымаюць і перадаюць вобразы, настрой і перажыванні герояў.
Раённы тур Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, арганізатарамі якога выступілі метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Ларыса Леанідаўна Кетрыс, раённая дзіцячая бібліятэка, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а таксама настаўнікі рускай мовы і літаратуры, праводзіўся ў другі раз. Сёлета ён сабраў больш як дваццаць вучняў з усіх школ Астравецкага раёна, пераможцаў школьных этапаў.
Прыняць удзел у конкурсе чытальнікаў мог любы школьнік, які самастойна выбраў урывак са свайго любімага празаічнага твора на рускай мове. А арганізатары пастараліся, каб мерапрыемства прайшло на высокім узроўні.
Удзельнікаў конкурсу запрасілі ў чароўнае падарожжа па літаратурнай краіне дзяўчынка Аліса і яе настаўніца, якая дапамагала выбраць любімую кнігу. Настрой загадкавасці, чароўнасці і непаўторнасці задала пераможца раённага конкурсу “Жывая класіка-2014” вучаніца 7 класа гімназіі № 1 Астраўца Алёна Івашка, якая артыстычна прадставіла “Дзяўчынку на шары” В. Драгунскага. Кожны ўдзельнік конкурсу хацеў адпавядаць Алёне.
На сцэну па чарзе выходзілі Маленькі Прынц і хлопчык “Ну Цябе”, Ціначка Руднева і Герда. Адна з гераінь збірала фотаздымкі акцёраў, другая шукала герояў па пісьмах, трэцяя крыўдавала на дарослых за неразуменне. Выклікала спачувальныя эмоцыі цётачка Ада і героі з апавядання “Ташкент – горад хлебны”.
Выступленні ўсіх удзельнікаў былі высока ацэнены строгім журы, якое вызначыла пераможцаў. Дыпломамі ІІІ ступені былі ўзнагароджаны вучаніца 7 класа Варнянскага ясляў-сада-сярэдняй школы Дар’я Нядвецкая, якая прымусіла ўсіх перажываць за лёс сабакі па мянушцы Кусака з аднайменнага апавядання Л. Андрэева; шасцікласнікі з СШ №1 Валерыя Яхімовіч з апавяданнем “Мама” Ю. Якаўлева і СШ №2 Арцём Баніцэвіч, які “ажывіў” Маленькага Прынца з аднайменнай аповесці Сэнт-Экзюперы.
Дыпломы ІІ ступені атрымалі шасцікласніца Гудагайскай школы Таццяна Вайцяхоўская, якая артыстычна прадставіла на сцэне гераіню А. Лінгрэн Пэппі Доўгую Панчоху, і вучаніца 6 класа Спондаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Вераніка Памецька, якая ўвасобілася ў дзяўчынку Кацю з апавядання Я. Чарушына “Што за звер?”.
Прадстаўляць наш раён на абласным этапе Міжнароднага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” ў красавіку гэтага года будуць вучань 6 класа Рытанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Артур Дэнюш, які пакарыў усіх бездакорным чытаннем апавядання А.П. Чэхава “Тоўсты і тонкі”, і гімназістка Марыя Зімніцкая, якая прачытала апавяданне А. Алексіна “Самы шчаслівы дзень”. Пажадаем ім перамагчы ў рэгіянальным і нацыянальным турах і прыняць удзел у міжнародным фінале конкурсу, які пройдзе ў Маскве ў чэрвені гэтага года.
---------------------------------
Кацярына ЕМЯЛЬЯН, дырэктар Спондаўскага НПК.
